TOP

Ваўкі і сабакі ўсходняй Еўропы: партрэт беларускай прозы. Частка 2: тры адметныя кнігі

Нацыянальная катастрофа палягае не ў тым, што знешняя сіла вынішчала беларусаў. Трагедыя ў тым, што беларусы нішчылі адно аднога. У свеце, дзе справядлівасць – фантом, выжываюць не добрыя, а моцныя. Што агаломшвае закалыханых “новым рамантызмам” – наіўнай верай у глабальную дружбу, талерантнасць, у крохкі “цывілізацыйны слой”.

Изображение: Депозитфото

Гэты тэкст пісаўся ў даваенны час для чэшскага літаратурнага часопіса Host. У Беларусі друкуецца ўпершыню, з аўтарскімі праўкамі. Першая частка давала абагулены партрэт сучаснай беларускай прозы; сёння размова пойдзе пра тры кнігі, якія займаюць адметнае месца ў сучасным літпрацэсе Беларусі.

Ваўкі на балоце: ніякай магіі

Аповесць Евы Вежнавец “Па што ідзеш, воўча?” стала падзеяй. Паміж ёю і першай кнігай “Шлях дробнай сволачы” – 12 гадоў. Уласна, гэта ўсе кнігі Евы Вежнавец.

Ранняя проза Вежнавец – завострана сацыяльная, тут шмат журналісцкага, будзённага. У новай кнізе пісьменніца адмовілася ад “палітычнага”. Больш за тое – адмовілася ад ацэначнасці: у аповесці ёсць злачынцы, забойцы, злодзеі – але няма асуджэння. Вежнавец глядзіць на благое ў чалавеку не як на матэрыял для ўдасканальвання, але як на дадзенасць. Чалавек добры, хаця і злы – няправільная фармулёўка; правільная – чалавек добры і злы. Нішто ў ім не пераважае. Нішто не правільнае.

Завязка такая: алкагалічка і працоўная эмігрантка Рына вяртаецца дадому на пахаванне бабкі-шаптухі. Ад яе Рына пераняла асаблівую мараль. У Беларусі кажуць: з ваўкамі жыць – па воўчы выць. Старая Адзачыміха (ад улюбёнай прыказкі “от зачым”) жыла па сваіх законах – законах балота, сілы, помсты. Не крыўдзіць слабога – але ніякай літасці роўнаму. У той жа час, двое ваўкоў могуць паразумецца. Бабка вучыла: сустрэнеш ваўка, скажы яму – мы падзелім шляхі, табе свой, мне – свой.

У “Сабаках Еўропы” Бахарэвіча ёсць частка “Неандартальскі лес”, дзе гераіня – шаптуха Бянігна – жыве на два светы, два лясы: андартальскі – цывілізацыя людзей, і неандартальскі – тагасвет. Акурат у такім неандартальскім лесе жыве Адзачыміха. І алкагалізм Рыны вытлумачаецца ейнай падвоенасцю: сучасны свет не прымае “прымхі і забабоны”, Рына намагаецца жыць з людзьмі, але ўсё паказвае на ейную прыналежнасць да тагасвету.

Сэрца аповесці – успаміны шаптухі пра мінулае. Гэта не столькі гісторыя роду, колькі хроніка гуманітарнай катастрофы. Вёска ў аповесці – макет краіны, нават цэлага рэгіёну. Паўз вёску прайшлі і паўстанні ХІХ стагоддзя, і бальшавіцкая навала з калектывізацыяй і рэпрэсіямі, і дзве вайны. І ўсё гэта – такое вялікае, такое страшнае – выглядае другасным адносна галоўнай думкі: чалавек чалавеку воўк.

Нацыянальная катастрофа палягае не ў тым, што знешняя сіла вынішчала беларусаў. Трагедыя ў тым, што беларусы нішчылі адно аднога. У свеце, дзе справядлівасць – фантом, выжываюць не добрыя, а моцныя.

Гэта агаломшвае чытача, закалыханага “новым рамантызмам” – наіўнай верай у глабальную дружбу, талерантнасць, у крохкі “цывілізацыйны слой”.

Так спакойна і так бязлітасна праўду пра чалавека даўно ніхто не прамаўляў – прынамсі, у беларускай літаратуры. Акурат у гэтым мне бачыцца адметнасць аповесці – а не ў высковай аўтэнтыцы ці экзатычнай мове гераіні.

Усходняя Еўропа: дэкарацыі апакаліпсісу

У 2019 годзе Ілля Сін “нечакана стрэліў” з кнігай “Лібіда”, сабраўшы захопленыя водгукі крытыкаў і калег. Выраз “нечакана стрэліў” бяру ў двукоссе, таму што нічога нечаканага, насамрэч, не адбылося. Сін усяго толькі пайшоў насустрач рэалістычнай традыцыі ў літаратуры: як заўважае анатацыя, “гэта першая кніга Іллі Сіна, у якой ёсць такія ўласцівасці прозы, як герой і сюжэт”.

Герой і сюжэт у Сіна, канечне, былі і раней. Справа ў іншым: не было звыклага рэалістычнага аповеду. Мова Сіна – метамова, то бок, прамаўляючы, ён заўжды мае на ўвазе штосьці іншае. Да “Лібіда” – напрыклад, у кнігах “Нуль” і “Тэатральныя дэманы”– ён насяляў экзістэнцыйную пустату звыродлівымі праявамі жыцця – праз гратэск, іронію і інш. Напрыклад, сцэнкі з “Карнавала на вуліцы Гідраўлічнай”, дзе ў час народнага свята збіраюцца смажыць жанчын, а ў дварах блукаюць педафілы. Натуральна, размова ідзе не пра канібалізм і педафілію як такія, размова пра двурушнасць і драпежнасць соцыума, пра тое, як людзі штодня забіваюць адно аднога псіхалагічна, ці маральна, як вам больш падабаецца.

Наколькі пачварная, трагічная з’ява, пра якую піша Сін, настолькі ж звыродлівыя, антыэстэтычныя мастацкія сродкі ён абірае.

Разбурыўшы абсурдны свет яго ж зброяй, Сін убачыў, што штосьці ўсё адно трымае парэшткі між сабой. Ёсць штосьці акрамя сацыяльных канструктаў, штосьці па-за людзьмі, ад нас не залежнае. Так, магчыма, Сін прыйшоў да “Лібіда” – пераасэнсавання жыція святой Марыі Егіпецкай. Аповесць – мастацкі пошук адказу на пытанне, што робіцца з душою, калі яна пераходзіць у стан святасці.

Ён сканструяваў правінцыйны постсавецкі горад, дзе людзі жывуць у духойнай ізаляцыі. Горад выглядае дэкарацыяй, забытай вандроўным тэатрам. Тут усё адначасова рэчыўнае і прывіднае, сувязі паміж аб’ектамі разбураныя. Знікла само жыццё – лібіда, штосьці, што прыцягвае і разводзіць лёсы, з чаго паўстаюць сувязі і супадзенні, якія мы называем лёсам.

Галоўная гераіня Марыя – былая порнаакторка. Яна ўвайшла ў гэтую мёртвую прастору, каб пахаваць сябе. Але ў вакууме нечакана высветлілася, што Марыя жывая. Больш за тое, яна аказваецца ці не адзінай душою тут. Яна верыць, што збавенне прыйдзе звонку, але збавенне ў ёй самой.

Сін настолькі спрактыкаваўся ў дэканструкцыі мыслення, што слова ў яго руках ператварылася ў атам, з якога можна стварыць любое рэчыва. Мысленне чытача, падпарадкуючыся стылістыцы кнігі, запавольваецца; ты максімальна засяроджаны на кожнай з адзінак пісьма. Такім чынам, гэта кніга-медытацыя: выходзіш з яе іншым чалавекам.

Дадам яшчэ, што ўмоўная прастора – поставецкая краіна, Усходняя Еўропа – не азначае, што такі стан рэчаў (духоўная атрафія, апатыя, смерць) характэрны выключна для нашага рэгіёну. Цалкам справядліва сказаць, што Сін стварыў карціну гуманітарнай катастрофы ўвогуле; такі стан наступае не ў залежнасці ад геаграфіі, а калі чалавек перанасычаны інфармацыяй, атручаны спажывецтвам і г.д.

“Тэксты пра тую Еўропу, якую ён прыдумаў, каб не звар’яцець”

Так Альгерд Бахарэвіч кажа пра героя “Сабак Еўропы”, пісьменніка-эмігранта, які пісаў на прыдуманая мове бальбуце і марыў пра свабоду. Ці трэба казаць, што “Сабакі Еўропы” і ёсць такія тэксты, а Бахарэвіч – той самы эмігрант.

Шэсць частак, шэсць герояў, якія жывуць у розных часах і абставінах, але штораз гэта гісторыя пра Беларусь і чалавека, які змагаецца з сістэмай.

Мянчук Алег Алегавіч стварае мову бальбута. Хлопчык з апакаліптычнай будучыні адкрывае для сябе Беларусь. А недзе ў Еўропе дэтэктыў раскрывае асобу памерлага ў гатэлі мужчыны – труп быў паэтам, які прыехаў з-за Мяжы, са страшнага ўсходняга Райху: “Неяк ён пачуў ад аднаго эмігранта: калі ты з Усходняй Еўропы, тваё нараджэнне – гэта пахаванне зажыва”. Так Бахарэвіч паказвае стэрэатыпны погляд абагульненага заходнееўрапейца на нялюбага ўсходняга брата.

Пра кожнага героя можна сказаць радком з верша “Сабакаловы”: “Харошы сабачка, але ў сабачкі балячка”.

Калі творчасць нараджаецца з канфлікту, то канфлікт Бахарэвіча ўнутраны: ён ненавідзіць балота, з якога выйшаў, і не можа яго пакінуць. Можна сказаць і пра своеасаблівую форму Эдыпавага комплексу: фігуры маці і бацькі зліваюцца ў адну – Мову, і на яе накіраваныя і вялікая любоў, і вялікая нянавісць: “Брысь, мова, брысь. Ты ўдосталь нацешылася. Табой не заробіш, не заб’еш, не пабавішся, цябе ўжо не забудзеш…”.

Акрамя хронікі невідочнай вайны за права “чалавекам звацца” ў “Сабаках Еўропы” цікава назіраць за стасункамі аўтара і мовы. У нейкі момант Бахарэвіч спускае мову з ланцуга рацыянальнага і весці аповед пачынае яна. Што не заўжды ідзе на карысць кампазіцыі, але бясцэнна з пункту гледжання псіхалогіі творчасці. Да ўсяго – гэта інтымны прывет Джойсу, чыйго “Уліса” Бахарэвіч асабліва цэніць.

“Сабакі Еўропы” – проза, напісаная паэтам. Аўтарская прысутнасць тут не тое што не хаваецца – у многіх героях пазнаецца сам Бахарэвіч. Урэшце, аўтар даходзіць да сатырычнага падваення: у адной аповесці жывуць пісьменнік Бахарэвіч і герой, які лічыць Бахарэвіча нудным. Больш за тое:

“Некалі я іх любіў… Пакуль не адкрыў для сябе іншыя кніжкі. І высветлілася тое, у чым я не стаў бы прызнавацца прылюдна. Што белліт другасны…”.

P.S. Акурат у гэтай хваравітай шчырасці мне бачыцца моцны бок кнігі і галоўнае аўтарскае дасягненне. Сам Бахарэвіч часцей звяртае ўвагу на быццам бы прадказанні і прароцтвы, выказаныя ў “Сабаках…”. Але не трэба быць геніем, каб разумець, да якой будучыні прыйдзе Беларусь пры нязменнасці цяперашніх умоваў.

А вось раскрыць свой цёмны бок – цёмны, калі глядзець на яго з пункту гледжання ўра-патрыётаў, якіх і ў нас хапае… Гэта ўжо мужнасць. І гэта праўда, пра якую казаць нязручна, праўда, актуальная для вялікай колькасці беларусаў, якія як найменей адмовіліся ад роднай мовы, бо яна непрактычная ў побыце, а як найболей – змянілі грамадзянства і ідэнтычнасць, забыўшыся на беларускасць як на страшную дзіцячую траўму, якая ледзьве не зламала жыццё.

Сёння – пагатоў.

                                                                                                          Наста Грышчук

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.