Алесь Шатэрнік: Маё беларускае жыццё
Скульптар Алесь Шатэрнік у ЗША піша ўспаміны і згадвае сваіх сяброў у Менску.
Уладзімір Караткевіч – прарок і містык
Уладзімір Караткевіч быў містыкам. Аднойчы ён перадаў у майстэрні мастаку Алесю Марачкіну цыдулку, напісаную таемным шыфрам, з прадказаннем будучыні. Здаецца, гэта запіс ніхто не расшыфраваў.
Ці памятаю адну выпадковую сустрэчу. Я пабачыў Караткевіча летам 1983 года на лаўцы каля цяперашняга ўваходу ў метро Кастрычніцкая на скрыжаванні Энгельса і праспекта Незалежнасці. Было горача. Гарадская спякота. Караткевіч сядзеў на лаўцы і глядзеў у неба на аблокі. Нос павертнуты ў бок Плошчы Перамогі. Валасы раскіданыя ў два бакі. Вочы шырока раскрытыя, ён глядзеў у Неба.
Эскіз помніка Уладзіміру Караткевічу
Я зразумеў, што бачу Прарока і зрабіў эскіз. Выляпіў з пластыліна. Пасля, калі Пятро Драчоў распавядаў пра апошнюю вандроўку Караткевіча, я ўявіў яго ў такой паставе, як ён плыве ў чаўне, з вяслом, між чаратоў
8 ліпеня 2021 года
Помнік Яўгеніі Пфляўмбаўм
Максім Лужанін жыў у доме насупраць парка Горкага. Калі я патрапіў да яго у кватэру, Яўгеніі Пфляўмбаўм ужо не было ў жывых, пачалася эпапея з усталяваннем помніка ў Паперні.
Атрымаў кніжачку яе вершаў і быў уражаны: шыкоўна! Для мяне – адкрыццё. Постаць Лужаніна – «даглядчыка Якуба Коласа» – была добра вядомая, але пра яго жонку не ведаў. Жылі яны ўдваіх. Родных ні ў яго, ні ў яе.
Я называў яго Аляксандрам Амвросьевічам – па бацьку. Каратай яго прозьвішча. Максім Лужанін – псеўданім. Пазнаёміўся з ім праз Маю Тодараўну Кляшторную, якая сябравала з мастакамі, уваходзіла ў сяброўскае кола. Яе дачка, Света, дапамагала Аляксандру Амвросьевічу. Ён актыўны яшчэ, мог і чарку ўзяць.
Прыходзілі да яго пісьменнікі і даследчыкі літаратуры. Міхась Скобла, Вячаслаў Рагойша, Сяргей Законнікаў… У яго было шмат кніг, сярод іх і Міколы Шатэрніка – мовазнаўцы, бацькавага дзядзькі – пра чэрвеньскую гаворку. Кніга без вокладкі, адарваныя некалькі першых старонак. Куды пасля смерці Лужаніна яна падзелася кніга, не ведаю.
Для помніка на магілу Яўгеніі Пфлямбаўм быў замоўлены граніт, вышынёй метраў паўтары. Тоўсты такі. Чырвоны граніт. Назва спецыяльная ёсць – токаўскі. Токаўскі граніт. Наверсе была зробленая зорка – чатырохканцовая, з беларускага арнамента, зорка-крыж. Крыжык зоркай, такі вышываецца на беларускіх посцілках. Зорка падобная на сняжынку. Прыгожа так атрымалася.
Я прапаноўваў Лужаніну зрабіць партрэт Пфляўмбаўм, сімволіку, не мог не прапанаваць, мне здавалася, што занадта сціпла без партрэта. Але ён не хацеў. Захацеў камень і зорку. Камень капітальны такі. Вялікіх грошай каштаваў. Мае сябры-каменацёсы здабылі. У мяне быў дазвол на камнярэзны завод. І адтуль я купляў часам. камяні капітальныя.
А шыльда звычайная была, силумінавая. Дамовілся рабіць шыльду сілумінавую, бо бронзу маглі скрасці. Па-беларуску напісана: Яўгенія Пфляўмбаўм.
І яшчэ…
Пра гэта тады наўпрост не казалася, але ўсе разумелі, што будзе там яшчэ адно прозвішча. І сапраўды: пахавалі там і Лужаніна, калі ён памёр. Могілкі ў вёсцы Паперня пад Мінскам.
Скульптура такі від творчасці, што даводзілася рабіць шмат надмагілляў. Я зрабіў помнікі Язэпу Драздовічу, Фёдару Янкоўскаму, Рыгору Семашкевічу, Варлену Бечыку, Генадзю Бураўкіну.
4 жніўня 2022 года
Лявон Баразна: вяселле і смерць
Я вельмі добра ведаў Лявона Баразну. Яго дзейнасць – гэта вытокі народнай культуры Новага часу. Мастацкі Фонд Саюза мастакоў, які ўзначальваў Лявон Баразна, развіваў традыцыйныя віды мастацтва: кераміка, народны нацыянальны строй, саломка, кавальства, ткацтва.
Цікавая сустрэча адбылася перад самай яго гібеллю. Ён быў на вяселлі маёй малодшай сястры Тані на Нававіленскай. Сустрэў Лявона Баразну ў майстэрні, якая на Камсамольскай, дзе ў дварах неўзабаве яго і забілі.
Кажа: «Цікава паслухаць: ці спяваюць цяпер на вяселлях беларускія песні». І я запрасіў яго. На вяселлі, памятаю, ён сядзеў на канапе. За расчыненымі дзвярыма балкона заходзіла жнівеньскае сонца. Лявон Баразна блакітнымі вачыма з лёгкай усмешкай глядзеў на захад…
А хутка пасля вяселля Лявона Баразну забілі… 15 жніўня 1972 года. Яго забілі дзеці палкоўніка Золатава, два браты. Золатаў працаваў начальнікам адзела кадраў у Доме ўрада. Пырнулі нажом. Аднаго забойцу выпусцілі на волю праз сем месяцаў, а другога амністаавалі.
Павел Масленікаў шмат прыклаў намаганяў дзеля праўды, ён быў у той час рэктарам БГТХИ (цяпер Акадэмія мастацтваў). За гэтыя пошукі праўды і звольнілі яго.
Зло сутыкнулася з мастаком у «патрэбным месцы і ў патрэбны час». Можна сказаць, што падаслалі забойцаў, яны паводзілі сябе вельмі нахабна, як бы ўсвеламляючы, што пакарання пазбегнуць. І зараз толькі Неба ведае: ці падаслалі іх. Але была тады агульная палітыка, скіраваная на знішчэнне народнай культуры і этнасу, каб быў у беларусаў «Мой адрас Савецкі Саюз».
5 жніўня 2022 года
Яўген Кулік: «На паддашку»
У нас у Пенсільваніі раніца. Вакно паўзавешанае – жалюзі. За вакном парк-сад. Вакно зачыненае, шкло такое – запацелае, напаўтуманнае. І там галіны дрэваў бачныя, як праз туман. Але будзе, відаць, сонечны дзень.
І Яўген Кулік – якраз такая асоба, як ранішняе святло. Чалавек з напоўненым жыццём. І ў мяне так шмат звязана з гэтым чалавекам. Аўтарам эталона дзяржаўнага герба Пагоня.
Ён у пэўным сэнсе мой настаўнік. Хаця старэйшы за мяне толькі на тры гады (1937-2002). Ён мяне выхоўваў у ключы, што да мастацтва трэба ставіцца не з той лёгкасцю, як я ставіўся – схапіў, зрабіў… і імпрэсія атрымалася.
А мой яшчэ адзін настаўнік – Генадзь Ільіч Мурамцаў – наадварот, не любіў завершаных прац. Вось так і атрымліваецца – тры мастакі: Кулік, Мурамцаў і я.
Я паміж двух гэтах момантаў. З аднаго боку – працу трэба зрабіць, зашліфаваць. Але мне ў закончаных працах не падабалася закасцянеласць. Таму я заставаўся паміж адным і другім.
1993 год, Дзень беларускай вайсковай славы, Уладзімір Вішнеўскі, Валянціна Якімовіч, Яўген Кулік. Фота Уладзіміра Сапагова
Кулік у сваёй творчасці, канечне, вельмі цікавы. Жыццё яго складанае. Ён не змог ажаніцца. У Куліка была сястра Тамара – цудоўная жанчына, якая апекавалася ім.
Была ў яго хвароба. Скура на твары – дзіцячая, як у хлопчыка, у якога не растуць ні вусы, ні барада, і ён застаецца назаўжды хлопчыкам. І вось такім быў Яўген Сяргеевіч Кулік.
Мастацтва і адукацыя складалі сэнс яго жыцця. Вельмі начытаны, адукаваны чалавек. Вельмі вялізная бібліятэка ў яго была. Кнігі. Прычым, арыгінальныя. Была «Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага.
Памёр ён у 2002 годзе. Хвароба даціснула. Ціснула і даціснула. Ён нарадзіўся звычайным хлопцам. У інстытуце яго забіралі на вайсковыя зборы, там была вайсковая кафедра, у тыя часы з інстытута ў войска не забіралі. Ён быў амаль майго росту, а я 185. Рослы. А пасля хвароба пазваночніка пачала яго ціснуць. Ціснула і скарачала яго рост.
Мы вучыліся ў адной школе, якая месцілася ў дварах Танкавай вуліцы, якую пасля пераіменавалі ў вуліцу імя Максіма Танка.У дзяцінстве Кулік жыў на Гвардзейскай вуліцы, а я на паралельнай – імя Гастэла.
У дзяцінстве дзяліліся выразна на старэйшых і малодшых. Таму ў мяне такі цьмяны ўспамін, я яго ўскосна памятаю. Паўстае ў памяці постаць засяроджанага хлопчыка. Ён хадзіў у Палац піянераў да Сяргея Пятровіча Каткова. І я ж хадзіў. Але справа ў тым, што ў Палацы піянераў было дзве групы – у першую і другую змену. Дык вось першая змена ў гэтым будынку была беларуская школа, яна мела нумар 37, а 48 школа – другая змена, гэта была руская школа, у ёй вучыўся Кулік. А я ў беларускай школе з 1951 года. І калі заканчваліся заняткі, ішоў у Палац піянераў. Таму нашыя шляхі ў школьныя часы не сыйшліся.
Але настаўнік – Сяргей Пятровіч Каткоў – быў і ў мяне, і ў Яўгена Сяргеевіча Куліка. А Палац піянераў быў адной крыніцай, з якой мы з Куліком здабывалі мастацтва. Цікава, што ў першую змену там выкладаў мастастацтва Сяргей Пятровіч Каткоў, а ў другую Алег Вікеньцьевіч Луцэвіч. Дзве постаці настаўнікаў, якія знаёмілі з азамі мастацтва.
У 60-70 гады, калі пачалася цікавасць да Беларушчыны, майстэрня Яўгена Куліка на праспекце ператварылася ў месца збору нацыянальнай інтэлігенцыі. У левы бок, калі глянуць ад майстэрні, свяцілася вежа КДБ. На КДБ вежа шкляная. І ўзнікала асацыяцыя: вокны-вочы, якія назіраюць за ўсім Менскам, усёй Беларуссю. У майстэрні збіраліся сябры – мастакі, гісторыкі, археолагі. Майстэрня «На паддашку». На вакно Кулік вывешваў рушнік, гэта значыла, што ён у сябе і да яго можна ісці.
Гэта шасціпавярховы будынак, дзе кафэ «Вясна». Скрыжаванне Камсамольскай вуліцы і праспекта: Сталінскага, Ленінскага, Скарыны і ў выніку – Незалежнасці. На гэтым скрыжаванні тры вежы. Адна гадзіннікавая вежа, другая – на кафэ «Вясна» і трэццяя – на будынку КДБ. Сталінская архітэктура, у асноўным дамы шасціпавярховыя, сяміпавярховыя. І вышэй – пад дахам, на паддашку майстэрні былі. Вокны выходзілі на праспект. Дах быў з нахілам. Частка, дзе вышыня, якраз выходзіла на праспект. Гэта выглядала як сёмы паверх будынка. Як дадатковы паверх. Шмат знакамітых мастакоў там мелі майстэрні. На ягоным паддашку была высачэзная столь, сценка ўся застаўленая кнігамі. І трэба было браць лесвіцу, каб дабраццв да іх. І з гэтага Паддашку пачалося маё ўступленне ў беларускае жыццё…
6 жніўня 2022
Падрыхтавала да друку Паліна Сцепаненка