Пасля вайны Мінск і Кіеў чакае доўгі шлях ад канфліктнасці да добрасуседства – і паразуменне, і прымірэнне, і пакаянне.
Але вайна яшчэ не закончылася. Цяпер ува многім будучыня беларуска-ўкраінскіх стасункаў залежыць ад далейшых крокаў Палаца незалежнсці.
Эксперты і актывісты з Беларусі і Украіны абмеркавалі цяперашні стан двухбаковых стасункаў падчас анлайн-канферэнцыі “Складаныя размовы аб будучыні. Беларуска-ўкраінскія адносіны”.
Наколькі моцныя гістарычныя повязі паміж двума народамі? Што перажываюць беларусы і ўкраінцы цяпер, калі дзве краіны апынуліся па розныя бакі ваенных барыкад? Ці можна ўратаваць суседскія стасункі між народамі і як гэта зрабіць?
На канферэнцыі многа гаварылася пра трывалыя і глыбокія гістарычныя карані суседства, пра эканоміку, якая фактычна цэментавала беларуска-ўкраінскія стасункі нават пасля падзеяў 2020 года на Беларусі. Гісторыя гісторыяй, але падчас вайны свет стаў чорна-белым, прынамсі, украінцы ўспрымаюць свет праз менавіта такую прызму.
Лара Мудрак, медыя-эксперт, палітычны і грамадскі дзяяч з Украіны на пачатку дыскусіі спрагназавала сумесную будучыню двух народаў:
– За 52 тыдні акупацыі (разам з дачкою, братам, сваякамі – 13 чалавек у дачным будынку) у мяне склаліся дужа цяжкія ўражанні пра Беларусь, адкуль ішлі расійскія войскі. Ужо на пяты дзень акупацыі стала зразумела, што мы не можам вырвацца: за некалькі соцень метраў ад нас знаходзяцца чачэнскія ўзброеныя часткі, расійскія войскі, танкі стаяць на жытомірскай трасе – за паўтара кіламетра ад будынку. На пяты дзень зацяжной акупацыі нам сказалі: пры йдзе аўтобус з Беларусі – эвакуяваць вас; вы можаце паехаць у Беларусь, а потым усё адно паедзеце ў Расію. Адно гэта напужала мяне больш, чым уся зброя, што была над намі, побач з намі, гарматныя выбухі, бомбы з самлётаў, міны з верталётаў, – штодзённа з ранку да ночы. Але такі факт мяне дужа насцярожыў.
Пасля ўкраінскай перамогі, у якой, бясспрэчна, упэўненыя ўсе ўкраінцы, нам давядзецца праходзіць цяжкі шлях – і паразумення, і прымірэння, і часткова, мабыць, пакаяння. Як бы там ні было, але і зараз расійскія войскі знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.
Міхаіл Будаеў, сябра аргкамітэту “Робім разам” (Беларусь) звярнуў увагу на тое, як на беларуска-ўкраінскі парадак дня ўплываюць эмоцыі:
– Адным з выклікаў перад нашымі народамі стала незразуменне аб’ектыўных умоваў жыцця ўнутры Беларусі, то бок, украінцы не заўжды разумеюць, якім чынам пачуваюць сябе беларусы, беларусы, натуральна, не заўсёды разумеюць, што адчувае ўкраінец. Часта гэта можа выклікаць эмацыйную і неабгрунтаваную ацэнку адзін да другога.
У якасці прыкладу М.Будаеў спаслаўся на жнівеньскае апытанне сацыялагічнай групы “Рэйтынг”, згодна з якім 52% украінцаў негатыўна ставяцца да беларусаў, каля траціны адносіцца нейтральна, і только 10% пазітыўна. Гаворка ідзе пра беларускі народ, а не пра беларускую ўладу.
– Ключавое пытанне ў мяне, ці ўсведамляюць украінцы розніцу паміж беларускай дзяржавай і беларускім народам? Калі мы імкнемся нівеляваць негатыўны ўплыў эмоцый, трэба эмоцыі пераводзіць на ўзровень рацыянальнага, – перакананы актывіст.
Міхаіл Будаеў лічыць: лепшы сродак нармалізаваць адносіны – гэта падтрымка фармальных і нефармальных адносін паміж беларусамі і ўкраінцамі, напрыклад, канферэнцыя, якая дапамагае супрацьстаяць прапагандзе і атрымліваць узаемапаразуменне.
– Пагаршэнне адносін паміж беларусамі і ўкраінцамі выгадна толькі Маскве…. І ўвогуле беларуска-ўкраінскае адзінства, якое мае глыбокія гістарычныя карані, можа стаць фундаментам для агульнага цывілізацыйнага праекта, які з’явіцца альтэрнатывай шавіністычнаму канцэпту “трыадзінага рускага народа”, што навязваецца з боку Масквы. І задача грамадзянскай супольнасці абедзвюх краін – захаваць успрыманне адзін аднаго як вельмі блізкіх народаў.
Яўген Раманенка, менеджэр праектаў грамадскай арганізацыі “Савет знешняй палітыкі “Украінская прызма”, валанцёр Узброеных сіл Украіны ў Чарнігаве падрабязна апісаў цяперашняе стаўленне ўкраінцаў да Беларусі. Шчыра кажучы, яны больш песімістычна глядзяць на сённяшнія стасункі паміж краінамі і народамі і больш змрочна ацэньваюць суседскую будучыню.
– Украіну атакавалі і дагэтуль атакуюць з тэрыторыі Беларусі. 24 лютага расійскія войскі ўвайшлі з яе на нашу тэрыторыю, самалёты, верталёты скідвалі бомбы, ракетныя абстрэлы з тэрыторыі. Усё гэта было… Вайскоўцы ды вайсковыя эксперты называюць лічбы: ад 13 да 15 тысяч прафесійных беларускіх вайскоўцаў заключылі кантракты з расійскай арміяй. Жыхары дзвюх тэрытарыяльных грамадаў пад Чарнігавам сцвярджаюць, што бачылі беларускіх вайскоўцаў.
Беларусь, на жаль, успрымаецца як прамы пасобнік агрэсара… Нам зараз надзвычай складана; мы перажылі абстрэлы, акупацыю, у мяне забівалі сяброў, у мяне сябры ваююць. Вы ўяўляеце, што такое проста ўзяць маленькую валізку рэчаў і паехаць, часта за межы сваёй краіны і на нявызначаны час? У нас зараз чорна-белае ўспрыняцце рэчаіснасці: вораг – сябар. Любая лаяльнасць да ворага, якім сёння з’яўляецца Расія, успрымаецца як здрада.
Яўген Раманенка выказаўся і наконт тэзы пра тое, што варта адрозніваць беларускую ўладу ад беларускага народа:
– А чаму няма публічна артыкуляванай пазіцыі грамадзянскай супольнасці? Я з 2004 года супрацоўнічаю з беларускімі партнёрамі, таму цудоўна разумею, што зараз адбываецца ў Беларусі. Гэта разумеюць многія эксперты, якія займаюцца беларускай тэматыкай. Але з боку ўкраінскай грамадзянскай супольнасці ёсць запыт на пазіцыю Беларусі.
Ганна Давыдзенка, доктар педагагічных навук, прафесар, дырэктар Вінніцкага ўніверсітэта “Украіна”. Прафесар згадала 2014 год, паездку ў складзе дэлегацыі ў Ізраіль для абмену вопытам.
– Адзінай дэлегацыяй, якая не размаўляла на роднай мове, былі беларусы (настаўнікі, дырэктары школ). Я прыехала туды і расказвала калегам, як гэта мяне ўразіла. Калі запытала, чаму, адказалі, што проста не ведаюць мовы.
Мне здаецца, што большасць украінцаў сёння ўспрымаюць Беларусь як акупаваную Расіяй.
Што рабіць далей?
– Гэта залежыць ад саміх беларусаў: наколькі вы любіце сябе, сваю дзяржаву, наколькі вы паважаеце сябе і наколькі вы гатовыя змагацца за цывілізаваныя дэмакратычныя прынцыпы. Мы сёння адназначна змагаемся з ўвесь цывілізаваны свет, Украіна адназначна пераможа. Я думаю, Рэспубліка Беларусь будзе прызнана пасобнікам агрэсара, – адзначыла Ганна Давыдзенка.
– Паводле сацыялагічных даследаванняў, большасць беларусаў нармальна ставяцца да расіян і Расіі як краіны. З такой пазіцыяй нам дакладна будзе цяжка дамаўляцца і нармальна суіснаваць, – рэзюмавала прафесар.
Раман Сярдзюк (грамадскі актывіст з Дняпра) кажа, што “ўкраінская будучыня немагчымая без Беларусі: мы геаграфію не памяняем, межы не здзвінем”.
– Украіна прайграць гэтую вайну ўжо адназначна не можа. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі цалкам залежыць ад Расіі, падтрымка як мінімум фінансавай стабільнасці кладзецца на плечы расійскай эканомікі. Тыя працэсы, якія пачнуцца пасля перамогі Украіны, не дазволяць надалей фінансаваць Мінск. Маё меркаванне, што рэжым Лукашэнкі пасля падзення рэжыму Пуціна пратрымаецца роўна да канца бюджэтнага года. Задачай беларусаў на гэтым этапе будзе выбудоўванне зразумелай, прадказальнай улады ў сваёй краіне. Унутрыпалітычныя працэсы ў Расіі, хутчэй за ўсё, зачэпяць Беларусь: рэжым стане немагчыма падтрымліваць ні эканамічна, ні сілавымі сродкамі, ні матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі.
Марына Стаўнійчук, былы сябра Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права, цяпер эксперт гэтай камісіі зазначыла:
– Пасля 24 лютага дужа цяжка вяртацца да князёў Астрожскіх, бо ў нас штодня ідзе масіраваныя бамбардзіроўкі краіны, гінуць не толькі воіны, якія абараняюць Украіну, але дзеці, жанчыны, фактычна на 40% разбураная інфраструктура. Мы прагназуем, цяжка будзе перажыць зіму. Таму цяпер ва Украіне адно з галоўных пытанняў: ці будзе чарговая эскалацыя, ці будзе чарговы наступ з тэрыторыі Беларусі ў напрамку Кіева і Заходняй Украіны?
Марына Стаўнійчук павярнула дыскусію на юрыдычны шлях.
– Даруйце, але я мушу назваць рэчы сваімі імёнамі. Сёння Беларусь не пасобнік агрэсара, сёння, з пункту гледжання міжнароднага права, Беларусь, на жаль – краіна-агрэсар. Таксама як і Расія з’яўляецца краінай-агрэсарам. Таксама, як, верагодна, Іран пастаўляе збоою Расійскай Федарацыі і ягоныя дроны знішчаюць інфраструктуру і насельніцтва Украіны, таксама з пункту гледжання міжнароднага права з’яўляецца краінай-агрэсарам. Паводле сацапытанняў, праведзеных у Расіі, 82% насельніцтва Расійскай Федэрацыі падтрымліваюць Пуціна у яго ўзброенай агрэсіі супраць Украіны. Такіх сацыялагічных звестак няма па Беларусі, мы не можам казаць, што ўвесь беларускі народ падтрымлівае сённяшняга кіраўніка дзяржавы ў яго дзеяннях. Мы ўдзячны тым беларусам, якія сёння ваююць за Украіну…
Эксперт лічыць неправамернымі папрокі пра тое, што кіраўніцтва Украіны не падтрымала беларускі пратэст у 2020 годзе:
– Неправамерна параўноўваць сённяшнюю Украіну з Беларуссю 20-га года, таму што то быў унутраны беларускі працэс. І ўкраінская ўлада выказала сваё стаўленне да працэсаў, якія праходзілі ў Беларусі, і пазіцыя была адназначная: Беларусь павінна рухацца ў дэмакратычным накірунку. Выяўленне народнага незадавальнення пад час прэзідэнцкіх выбараў павінна быць успрынята адэкватна: расследаванне і так далей. Нельга казаць, што і ўкраінская ўлада, і народ Украіны ў 20-ым годзе не адрэагаваў на падзеі ўнутры Беларусі. Сёння мы маем справу з міжнародным узброеным канфліктам – гэта іншая сітуацыя. Таму, мне здаецца, нам не варта абменьвацца папрокамі… Стасункі ў такім рэжыме не прывядуць да выніку.
Марына Стаўнійчук пацвердзіла, што ўкраінцы хацелі б пачуць больш гучны голас і беларускай апазіцыі:
– І вы, і мы павінны прайсці шлях паразумення, шлях пакаяння, шлях даравання, шлях прымірэння. Але на шляху прымірэння вельмі важны пошук праўды, устанаўлення праўды. Акрамя таго, вельмі важна прыцягненне да адказнасці за той ці іншы крок, за тое ці іншае дзеянне вінаватых…
Вынікі дыскусіі падвёў беларускі палітык Андрэй Дзмітрыеў.
– Я думаю, што шлях ад канфліктнасці да паразумення і да добрасуседства будзе паспяховым.
Я ўпэўнены, што ўжо сёння мы павінны пачынаць выбудоўваць мір пасля вайны, гэта той шлях, якім мы павінны ісці: дзве незалежныя краіны, два народы будуць побач жыць і надалей. На жаль, сёння мы павінны канстатаваць, што ў нашай супольнай гісторыі будуць не толькі асобы, якія нас аб’ядноўваюць, не толькі прыгожыя рэчы, але нас будзе аб’ядноўваць і тое, што адбываецца і сёння. І ў бліжэйшай будучыні гэта будзе больш уплываць на нашыя адносіны, чым гістарычныя постаці. Наша гісторыя не пачалася 24 лютага, і не скончыцца ў дзень перамогі…
У гэтым плане я бачу некалькі накірункаў, на якіх мы павінны засяродзіцца.
Найперш – стварэнне пэўнай супольнасці. Безумоўна, удзел Беларусі ў ваенным канфлікце не адпавядае нацыянальным інтарэсам; выкарыстанне тэрыторыі Беларусі расійскімі войскамі абсалютна супярэчыць новай Канстытуцыі, пераробленай, дарэчы, у дзень пачатку вайны: Беларусь не можа выкарыстоўвацца як плацдарм для агрэсіі супраць трэціх краін. Таму нам трэба адыходзіць ад канцэпцыі, што беларусы, украінцы, рускія – братэрскія народы. Не. Мы народы, якія з’яўляюцца і застануцца суседзямі. Галоўнае пытанне: як, захоўваючы сябе, выбудоўваць добрасуседства, гэтае самае паразуменне.
Я ўпэўнены, яно павінна прайсці этапы, звязаныя з прызнаннем віны, а тое, што адбываецца, мусіць атрымаць дакладную ацэнку.
Тым больш, што вайна працягваецца. Я пачуў ад усіх украінскіх выступоўцаў прыкладна такую фразу: мы яшчэ паглядзім, што надалей будзе рабіць беларускі ўрад. І сапраўды, гэта будзе вызначальны момант, важны для далейшай пабудовы агульнага свету. Але ўсё роўна мы павінны ствараць гэтую супольнасць. Гэта права стварэння гарманічных рэчаў паміж намі: найперш эканоміка, да якой мы вернемся перш за ўсё, таму што гэтага будзе вымагаць патрэбы абедзвюх краін.
Друэгая рэч, якая за апошняе дзесяцігоддзе была вельмі кепска выбудаваная, – гэта супольная культурная прастора. Так, мы можам казаць пра пераыядычныя супольныя супрацы, ёсць “Славянскі базар”, але не, мы мэтанакіравана не стваралі супольную культурную прастору паміж краінамі. Гэта, а яшчэ стварэнне супольнай інфармацыйнай прасторы. У свой час Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, але так і не адчыніў украінскі канал. Усё гэта і прывяло нас у цяперашнюю кропку.
І, безумоўна, прызнанне права кожнага народа жыць так, як ён таго хоча: права на свае інтарэсы, права на сваю палітыку, якая не павінна пагражаць адзін другому.
Пасля вайны галоўная задача – адбудаваць мір. Калі мы будзем будаваць мір без працы над памылкамі, то на жаль, як паказвае гісторыя, мы вернемся да новай вайны.
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…