TOP

Алесь Бяляцкі: “На Дзяды мы не збаяліся. Мы «адвязаліся». Мы зрабілі годную справу».

Роўна 35 гадоў таму ў яшчэ савецкай Беларусі ўпершыню за доўгія гады адзначылі "Дзяды". Падзея тая сталася зваротам да славутай мінуўшчыны нацыі, утаптанай у бруд. Найважнейшым вынікам было выцісканьне страху з грамадства. Адбыўся першы за многія дзесяцігодзьдзі заяўлены мітынг. Успамінамі дзеліцца яго колішні заяўнік, а цяпер Нобелеўскі лаўрэат, палітзняволены Алесь Бяляцкі.

Не памятаю, хто першы ў 1987 годзе вылучыў ідэю адзначэньня «Дзядоў». Падштурхнула, мабыць, тое, што спаўняліся 50-я ўгодкі змрочнага 1937-га з масавымі расстрэламі і амаль поўным вынішчэньнем беларускай інтэлігенцыі. Дата трагічная для беларускага народа і надта непрыемная для камуністаў і КДБ.

Мы разумелі, што антысталінская тэматыка ў часы, калі пачала адкрывацца праўда пра маштаб сталінскіх рэпрэсіяў, будзе біць пад дых існуючай уладзе. Бо яна мела свае ідэалагічныя карані ў тых часах і не адмаўляла гэтага. Сама структура ўлады, яе хрыбетнік быў выбудаваны ў сталінскія часы. Таму яны, прамыя пераемнікі «сталінскіх сокалаў», і не зьбіраліся ні прызнаваць ранейшыя памылкі, ні каяцца, ні пераглядаць карэнным чынам свае адносіны да агульных грамадскіх і палітычных свабодаў і грэблівае стаўленьне да беларускай культуры і мовы.

Адраджаючы «Дзяды», мы зьвярталіся да славутай мінуўшчыны беларусаў, утаптанай у бруд. Мы шукалі ў ёй духоўнае і маральнае апірышча, мы шукалі сапраўдную, не бутафорную Беларусь.

Як наш геніяльны зямляк Адам Міцкевіч у сваёй паэме «Дзяды» клікаў містычны дух продкаў і заклікаў празь яго адрадзіць гонар, славу і магутнасьць беларусаў-ліцьвінаў, што палеглі ў магілах і курганах пад ціскам ворагаў, так і мы жадалі аднавіць велічнае сьвята беларускай гістарычнай памяці і высока ўзьняць з запусьценьня і паняверкі беларускі гонар і годнасьць.

«Дзяды» пасавалі яшчэ з тае прычыны, што мы адначасна адраджалі і старажытнае народнае сьвята памінаньня продкаў, раней характэрнае для ўсёй і праваслаўнай, і каталіцкай Беларусі, а на той час пункцірная традыцыя адзначэньня яго захавалася хіба толькі ў Заходняй Беларусі. Мы адраджалі сьвята, якое дзесяцігодзьдзямі перасьледавалася камуністамі. Лепшую нагоду і прыдумаць было цяжка.

У 1987 годзе на адным з чарговых сходаў актыву было вырашана, што ўсе фармальныя моманты па арганізацыі возьмуць на сябе сябры Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Я, старшыня ТМЛ, пагадзіўся, бо наймацнейшым аргументам было тое, што мы, адзіныя з усіх тагачасных менскіх нефармальных суполак, мелі амаль легальны статус.

Мы працавалі «пры Саюзе пісьменьнікаў Беларусі», які хоць і ніякім чынам не аформіў нашыя стасункі, але афіцыйна прызнаваў. Таму ў перамовах з уладамі мы маглі абапірацца на гэтае «пры…». Трэба мець на ўвазе, што на той час вага Саюза пісьменьнікаў у структурах беларускай улады была непараўнальнай зь цяперашняй. Апроч таго, адчувалася, што ўжо прыйшла нашая чарга браць ініцыятыву (і агонь) на сябе, бо арганізатарам усіх папярэдніх вялікіх акцыяў заўсёды выступала «Талака».

Мне важна было, каб з прапановаю пагадзіўся Анатоль Сыс. Я быў перакананы, што ў зьвязцы зь ім здолеем арганізаваць правядзеньне сьвята. Анатоль выслухаў і ўспрыняў ідэю з энтузіязмам.

На «Тутэйшых» прапанова аб адзначэньні «Дзядоў» таксама была ўхваленая. І першыя «Дзяды» ў 1987 годзе адбыліся гэтак, як мы і меркавалі, — сталі адраджэньнем старажытнай нацыянальнай традыцыі, мелі адкрыты антысталінскі, дэмакратычны зьмест.

І яшчэ найважнейшым вынікам правядзеньня першых «Дзядоў» было выцісканьне страху з грамадскай сьвядомасьці і грамадскага жыцьця. Гэта быў першы за многія дзесяцігодзьдзі заяўлены мітынг, які і арганізоўваўся менавіта як мітынг, заяўку на правядзеньне яго падавалі ў выканкам Цэнтральнага раёна А. Бяляцкі і А. Сыс. Мы зь неспакоем чакалі рэакцыі ўладаў. На нашае зьдзіўленьне, улады ніякім чынам не адрэагавалі на зварот, і мы правялі «Дзяды», што называецца, па факце.

Пры набліжэньні наступных «Дзядоў» — 1988 года — пазіцыя моладзевых арганізацыяў і «Тутэйшых» заставалася нязьменнай: праводзіць! Але пазіцыя ўладаў цяпер была адваротнаю — забараніць! На гэта паўплывалі і канкрэтныя падзеі, якія здарыліся напярэдадні, — абвяшчэньне 19 кастрычніка 1988 года першай беларускай праваабарончай арганізацыі «Мартыралог Беларусі», а таксама стварэньне аргкамітэта Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэньне». Мабыць, камуністы ўрэшце зразумелі і ідэалагічную небясьпеку для іх пытаньня, зьвязанага са сталінскімі рэпрэсіямі.

На фоне гэтых падзеяў мне з Анатолем Сысам і даводзілася займацца ўсімі фармальнасьцямі па арганізацыі «Дзядоў». Анатоль стала працаваў. Я, як асьпірант, быў вальнейшы, таму рыхтаваць, друкаваць паперы, хадзіць на перамовы з уладамі давялося ў асноўным мне.

Да помніка Янку Купалу ўлады нас не пусьцілі, спаслаліся на тое, што ў гэты дзень пляцоўка будзе занятая пад фальклорныя калектывы, тады мы папрасілі іншае месца для правядзеньня «Дзядоў» — сквер каля Маскоўскіх могілак. Да арганізацыі мітынгу падключыўся гарадскі адзьдзел Фонду культуры на чале з мастаком, прарэктарам тэатральна-мастацкага інстытута В. Шаранговічам, а пасярэднікам у перамовах з уладамі выступіў чамусьці парткам Акадэміі навук. Мусіць, таму, што я тады вучыўся ў асьпірантуры Інстытута літаратуры Акадэміі навук. Але і гэта не ўратавала нас ад забароны гарадскімі ўладамі мітынгу.

24 кастрычніка гарвыканкам адмовіў А. Бяляцкаму і В. Шаранговічу ў правядзеньні «Дзядоў» з фармулёўкаю «ў сувязі з адсутнасьцю ў горадзе традыцый правядзеньня Дня памяці… а таксама ў сувязі з правядзеньнем 29–30 кастрычніка ўрачыстасьцяў, прысьвечаных 70-годзьдзю ўтварэньня ВЛКСМ».

Цікавая фармулёўка, якая вельмі добра характарызавала той фантасмагарычны час. Яшчэ сьвяткаваліся «дні нараджэньня» камсамола, гэтага састарэлага аслаблага монстра. Ідэалагічная савецкая машына, загрузлая ў фармалізьме, круцілася па завядзёнцы, у той час як літаральна побач нараджалася нешта новае, непрымальнае для старой улады, пакуль што, здавалася, бяскрыўднае і нешматлікае, з чым можна было лёгка справіцца і, калі спатрэбіцца, задушыць.

Памятаю нашую размову зь Нілам Гілевічам, на той час сакратаром Саюза пісьменьнікаў Беларусі. Прачытаўшы «Маніфест “Тутэйшых”», дзе мы жорстка крытыкавалі «прыкарытнікаў» — прыкормленых уладамі пісьменьнікаў, а таксама сацыялістычны рэалізм як асноўны творчы метад у літаратуры, паслухаўшы нашую крытыку ўладаў за іхнія адносіны да беларускай мовы і культуры, ён папярэджваў мяне і Анатоля Сыса: «А вы ведаеце, зь якой сілай вы сабраліся змагацца? Вы ведаеце, што за імі стаіць і кампартыя, і КДБ, і войска — уся сістэма?» Але мы не збаяліся. Мы «адвязаліся». Было перакананьне, што робім сапраўдную справу, а далей — што будзе, тое і будзе.

Увогуле, праглядаючы тагачасныя заявы, скаргі, просьбы, пратэсты, напісаныя за месяц падрыхтоўкі «Дзядоў-88», атрымліваю задавальненьне ад таго, наколькі грунтоўна мы, зусім нявопытныя ў гэтай справе, падышлі да спробы атрымаць афіцыйны дазвол.

Адчайна прадзіраліся празь бюракратычную машыну, б’ючы ва ўсе званы. Пасьля афіцыйнай адмовы адышоў ад арганізацыі «Дзядоў» гарадскі Фонд культуры з В. Шаранговічам, але вырашылі працягваць падрыхтоўку «Дзядоў» далей. З аднаго боку — дабівацца афіцыйнага дазволу на правядзеньне сьвята: напісалі скаргу ў Савет Міністраў БССР, даслалі тэлеграму ў Маскву, з другога боку, ухітрыліся адбіць на нейкай інстытуцкай памнажальнай машыне дванаццаць тысячаў абвестак з заклікам прыйсьці на «Дзяды» і заклеілі імі менскія пад’езды. На той час гэта было ноў-хаў. Я клеіў абвесткі ў пад’ездах каля ўніверсама «Рыга» і пасьля вымушаны быў змываць плашч, спрэс заліты сьпераду сілікатным клеем, бо клеевых алоўкаў тады яшчэ не было.

Пасьля папярэджаньня, вынесенага мне пракурорам горада, стала зразумела, што ўлады не зьбіраюцца жартаваць і што магчымыя рэпрэсіі супраць арганізатараў «Дзядоў» і актывістаў. Было крыху вусьцішна, я разумеў, гэта можа скончыцца для мяне зьняволеньнем, але адступаць нават і думкі не ўзьнікала. Было адчуваньне — нарэшце прыйшла тая хвіліна, калі штосьці ў справе дэмакратызацыі ў Беларусі наўпрост залежыць ад мяне, ад маёй асабістай пазіцыі. Адступіць ці збаяцца ў такой сітуацыі было раўназначным здрадзіць усяму таму, чаму я прысьвяціў апошнія сем гадоў свайго жыцьця.

Памятаю, як насьцярожана ўспрынялі інфармацыю пра «Дзяды» некаторыя сябры аргкамітэта БНФ «Адраджэньне»: баяліся, што могуць быць затрыманыя ці зьбітыя, ніхто тады яшчэ не меў вопыту арыштаў і адсідак. На адным з паседжаньняў я падаў інфармацыю пра тое, што «Дзяды» будуць праходзіць у любым выпадку, нягледзячы на забарону ўладаў і што, як бы аргкамітэт ні вырашыў для сябе, мы, моладзь, возьмем у сьвяце ўдзел. Хтосьці прамаўчаў, хтосьці асьцярожна выказаўся, што могуць быць правакацыі і, як вынік, — затрыманьні. Зянон Пазьняк на тое рашуча сказаў, што на «Дзяды» пойдзе.

Вынікі ад разгону «Дзядоў-88» аказаліся надта неспрыяльнымі для ўладаў. Разгон выклікаў адваротны эфект: замест усёпаглынальнага страху — выбух грамадскай актыўнасьці і поўнае непрыняцьце грамадскасьцю падобных паводзінаў уладаў.

«Дзяды» адыгралі вялізнае значэньне для далейшага лёсу краіны, паслужылі пэўным Рубіконам, пасьля якога працэс дэмакратызацыі, дасягненьня незалежнасьці набыў незваротны характар. Сотні і тысячы людзей шукалі магчымасьць уступіць у БНФ «Адраджэньне», такім чынам выказваючы сваю грамадзянскую пазіцыю, пратэстуючы супраць гвалту ўладаў і падтрымліваючы насьпелыя перамены. Пачаўся поўнамаштабны працэс зьменаў грамадскай сьвядомасьці.

«Дзяды» 1988 года былі першым штуршком, відавочным прадвесьнікам тых шматлікіх і шматлюдных грамадскіх акцыяў, мітынгаў, дэманстрацыяў, іншых падзеяў, якія скаланулі Беларусь у наступныя гады і якія ўрэшце прывялі да незалежнасьці краіны. Упершыню на гэтых «Дзядах» быў адкрыта ўзьняты бел-чырвона-белы сьцяг.

Вынікі разгону «Дзядоў» сталіся перасьцярогай для ўладаў. Пасьля гэтага аж да 1995 года ў Беларусі хаця і былі спробы абмяжоўваць права на свабоду маніфестацыяў і сходаў, але не быў гвалтоўна разагнаны ні адзін мітынг, ні адна дэманстрацыя. Апроч усяго, пасьля 1988 года нам удалося вярнуць традыцыю адзначэньня «Дзядоў» на ўсенародны ўзровень. Пэўны час пасьля замены савецкай эсэсэсэраўскай на адносна незалежную і дэмакратычную ўладу «Дзяды» адзначаліся ў краіне як дзяржаўнае сьвята. Урэшце, арганізацыя і правядзеньне «Дзядоў» аказалася вяршыняй у грамадскай дзейнасьці Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».

Фота: затрыманне Алеся Бяляцкага на «Дзядах-88», аўтар невядомы, бюлетэнь «Права на Волю»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.