Адкуль бяруцца тысячы “экстрэмістаў”, калі ў краіне ўсё стабільна?
Лідэраў незалежнага прафсаюза РЭП, ліквідаванага яшчэ ўлетку, Генадзя Фядыніча, Васіля Бераснева і Вацлава Арэшку будуць судзіць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Гэта "ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні", "заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі", "распальванне сацыяльнай варожасці", "удзел у экстрэмісцкім фарміраванні" і "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання".
Крымінальную справу 25 лістапада будзе разглядаць Мінгарсуд.
Арэшка, Фядыніч і Бераснёў прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі.
Што хаваецца за вылучанымі прафсаюзным лідарам абвінавачаннямі? І чаму афіцыйны Мінск не пужае перспектыва прымянення спецпараграфа 33 з боку Міжнароднай арганізацыі Працы (МАП)?
Пагаварылі з былым старшынём прафсаюза РЭП Васілём Завадскім, які ў лютым 2021 года збег ад крымінальнага пераследу за мяжу.
– Вылучаныя лідарам прафсаюза абвінавачванні, мякка кажучы, выклікаюць здзіўленне. Ведаючы прафсаюзныя справы знутры, людзей, якіх спрабуюць абвінаваціць у здзяйсненні гэтых “злачынстваў”, такога і блізка дапусціць не магу. Бераснеў, Фядыніч, а тым болей Арэшка заўсёды вельмі асцярожна ставіліся да ўсялякіх заклікаў (мяркую, што менавіта пра заклікі да санкцый ідзе гаворка, калі кажуць пра шкоду нацыянальным інтарэсам); прафсаюз займаў вельмі ўзважаную пазіцыю і ніколі не ўхваляўсанкцыі, цудоўна разумеючы, што яны перш за ўсё б’юць па працоўным люду, правы якіх прафсаюз і абараняў.
Што да абвіначванняў у экстрэмізме… Ведаеце, усё жыццё лідары прафсаюза аказвалі дапамогу іншым людзям, якія сутыкаліся з парушэннем сацыяльных і працоўных стандартаў. Калі ў нашай дзяржаве сёння абарона элементарных правоў (нават не палітычных правоў) ужо лічыцца экстрэмізмам, то гэта найперш сведчыць пра становішча самой дзяржавы.
Абвінавачванне ў распальванні варожасці з той жа оперы: калі заклікі да выканання законаў, Крымінальнага кодэкса ў сферы сацыяльных і працоўных правоў аб’яўлены “экстрэмізмам”, то гэта сведчыць толькі пра нездаровую атмасферу, якая ўсталявалася ў дзяржаве.
Як сёння ў краіне ўсё стабільна і развіваецца, то скуль бяруцца сотні і тысячы экстрэмістаў, а сярод тэрарыстаў беларусаў больш, чым ІГІЛаўцаў?.. Значыць, у нашым каралеўстве нешта не тое.
– Чаму рэжым ліквідаваў усе незалежныя прафсаюзы?
– На жаль, можна казаць, што ў гэтых дзеяннях ёёсць свая логіка, прынамсі, яе можна ўбачыць – тут намер задушыць усё незалежнае, усё жывое: грамадскія арганізацыі, людзей прымусіць маўчаць, сядзець ціха пад венікам, не дазваляючы не толькі нешта сваё рабіць, але і гаварыць няправільныя рэчы. Наступным крокам можа стаць забарона на незалежныя думкі, хаця гэта і складаней.
Зразумела, што рэжым убачыў пагрозу свайму існаванню ў іншадумстве. І не знайшоў нічога іншага, як павярнуць у махровыя савецкія часы: калі была адзіная ідэалогія, а нязгодных аб’яўлялі ворагамі народа і кідалі ў псіхушкі. Рэжым пайшоў пратаптанай дарожкай, бо не здольны стварыць нешта сваё, крэатыўнае.
Гэта сведчыць пра тое, што на першым плане – захванне ўлады тымі людзьмі, якія сёння ўтрымліваюць яе фізічна. І хоць на словах гавораць пра сацыяльную дзяржаву, прафсаюзы ў гэтай сістэме ўлады аказаліся “лішнімі”. У любой цывілізаванай дзяржаве прафсаюзы дапамагаюць выяўляць хібы ў сацыяльнай палітыцы, з’яўляюцца сацыяльным громаадводам; прафсаюзы могуць ствараць нязручнасці для наймальнікаў, а ў цэлым для дзяржавы, калі казаць пра дзяржаўны інтарэс, прыносіць толькі выгоду. Калі дзяржава знішчае прафсаюзы, то гэта сведчыць, што на першым плане не інтарэсы працоўных, увогуле грамадзянаў, а імкненне ўсімі сродкамі захаваць сваю ўладу. І вынішчаецца ўсё, што патэнцыяльна можа перашкодзіць дасягненню гэтай задачы.
– Ці можа МАП прымяніць спецпараграф у адносінах да афіцыйнага Мінска? Гэты механізм прымяняўся толькі аднойчы за ўсю гісторыю існавання арганізацыі – супраць М’янмы.
– МАП безумоўна можа ўвесці спецпараграф 33. І зробленыя крокі сведчаць пра рух менавіта ў гэтым накірунку.
Але задача рэжыму, паўтаруся, любымі сродкамі захаваць сваю ўладу. І на гэтым шляху яго не спыняюць ні пагрозы санкцый, рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца, становяцца больш жорсткімі, ахопліваюць усё новыя і новыя слаі грамадства. Спецпараграф 33 прадугледжвае сапраўды дастаткова жорсткія санкцыі. Але новыя санкцыі наўрад ці спалохаюць тых, хто сёня прыбраў да рук уладу.