Чыноўнікам і вайскоўцам пагражаюць смяротным пакараннем
Рэжым не можа дазволіць сабе, каб падтрымлівалі "збольшага". Сітуацыя хісткая, а стаўкі яшчэ больш высокія. Таму патрэбна стопрацэнтовая падтрымка.
7 снежня Палата прадстаўнікоў у 1 чытанні прыняла законапраект “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці”.
Мэтай праекта з’яўляецца “прыняццё мер апераджальнага характару за здзяйсненне злачынстваў экстрэмісцкай (тэрарыстычнай) скіраванасці”.
Папраўкі ў артыкул 356 КК прадугледжваюць магчымасць прымянення смяротнага пакарання “за здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай, якая займае дзярдаўную пасаду, ці асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага”.
Артыкул 369-1 КК дапаўняецца нормай пра адказнасць за “распаўсюджванне заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні, ваенізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь”.
Калі б’юць, садзяць, катуюць палітычных праціўнікаў, яшчэ зразумець можна. Але калі крымінальная дубінка рыхтуецца для сваіх саюзнікаў, то гэта як?
Матывацыю дзеянняў рэжыму паспрабавалі высветліць разам з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім і праваабаронцам Васілём Завадскім.
Тры версіі Пятра Рудкоўскага
– Палата прадстаўнікоў унесла змены ў заканадаўства па крымінальнай адказнасці. Паводле прынятых паправак, службовым асобам і вайскоўцам пагражае смяротнае пакаранне за “здраду дзяржаве”. Паняцце гэтае ўвогуле патыхае замшэлым сталінізмам, але пытанне ў тым, чаму смяротным пакараннем пагражаюць менавіта чыноўнікам і вайскоўцам, што аб’ядноўвае дзве такія розныя катэгорыі грамадства?
– Згодна з папраўкамі, цяпер смяротнае пакаранне можа пагражаць чыноўнікам і вайскоўцам за выдачу дзяржаўных сакрэтаў іншай дзяржаве, а таксама за шпіянаж. Якія былі непасрэдныя матывы гэтых новаўвядзенняў – складана адназначна сказаць. Тут у мяне тры версіі.
Першая: гэта можа быць адзін са шматлікіх крокаў па «навядзенню дысцыпліны» з мэтай прадухілення змены рэжыму ў будучым. Набліжаецца дэдлайн прыняцця закону аб ВНС, да вясны 2024 года ВНС павінен быць сфармаваны, адбудуцца мясцовыя і парламенцкія выбары, а ў 2025 – прэзідэнцкія. Улічваючы кепскі эканамічны стан, занепакоенасць вайной і высокі запыт на перамены, у любы момант сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю.
Другая: рэжым рыхтуецца да ўступлення ў вайну. Будзем спадзявацца, што да гэтага не дойдзе, але, на жаль, выключаць такую магчымасць нельга. У такой сітуацыі значэнне «дзяржаўнай таямніцы» ўзрастае ў разы.
Трэцяя: нельга выключаць таксама і таго, што Лукашэнка спрабуе абмежаваць уплывы Крамля ў Беларусі, перадусім не дапусціць, каб без яго ведама перадавалася Крамлю якаясь важная інфармацыя.
– Гэтыя змены, па афіцыйнай версіі, называюцца “мерамі папераджальнага характару за здзясненне злачынстваў экстрэмісцкай (тэрарыстычнай) скіраванасці”. Калі перавесці бюракратычную балталогію на людскую мову, то як пераказаць задуму ўладаў?
– Тугое зацягванне намордніка на топ-чыноўнікаў – неяк так.
– Трэнд апошніх двух гадоў на ўзмацненне крымінальнай адказнасці працягваецца. Толькі чаму цяпер пад крымінальны каток падводзяцца чыноўнікі ды вайскоўцы, якія падчас масавых пратэстаў збольшага падтрымалі рэжым? З 2020 года дзейнічала няпісанае правіла: сваім усё, астатнім – закон, а цяпер закон – і для сваіх?
– Рэжым не можа дазволіць сабе, каб падтрымлівалі «збольшага». Сітуацыя хісткая, а стаўкі яшчэ больш высокія. Тут патрэбна стопрацэнтовая падтрымка.
Васіль Завадскі: Рэжым дзейнічае і плёткай, і пернікам
– Рэжым дзейнічае ў двух накірунках: ужывае плётку і дае пернік. І тыдня не прайшло са дня нарады, на якой кінулі пернік людзям у пагонах, паабяцаўшы бясплатную прыватызацыю арэнднага жылля праз 25 гадоў. Тады Лукашэнка назваў вайскоўцаў (разам з дзяржслужачымі, часткова – з настаўнікамі і медыкамі) людзьмі першага гатунку, пра якіх трэба клапаціцца.
А зараз праўкі ў заканадаўства, якое прадугледжвае смяротнае пакаранне за выдачы дзяржаўнай таямніцы і здраду.
Падобна, што ў асяроддзі людзей з пагонамі ёсць праблемы, што не ўсё так адназначна і гладка. Магчыма, праводзяцца нейкія даследаванні ці проста “непрыемныя” агентурныя звесткі.
А ўвогуле рэжым дзейнічае ў адным рэчышчы: стварае і падтрымлівае атмасферу страху ў грамадстве.
– Чаму ўдар наносіцца па чыноўніках і вайскоўцах, якія ў 2020 годзе падтрымалі дзейны рэжым? За што?
– Ну так, яны публічна не пратэставалі супраць беззаконня. Але наколькі я ўяўляю сабе, многія бюракраты і вайскоўцы таксама хацелі перамен. Рэжым гэта адчувае і спрабуе згуляць навыперадкі.
– Усё часцей і часцей гавораць пра магчымае далучэнне беларускага войска да вайны ва Украіне. Змены крымінальнага заканадаўства на гэтым фоне выглядаюць заканамернымі?
– Я спадзяюся, што беларускія войскі ўсё ж не ўвойдуць ва Украіну.
Само дапушчэнне такога сцэнару пацвярджае, што рэжым пайшоў на прэвентыўны крок. Сёння пануе такая думка: калі давядзецца далучыцца да баявых дзеянняў, то адразу трэба здавацца Узброеным сілам Украіны. Магчыма, такія планы можна і расцаніць як здрада, якую рэжым спрабуе такім чынам прадухіліць.