“Раскупілі ўсе білеты! Я быў у шоку”. Як прайшоў “Бульбамуві” і што можна сказаць пра новае беларускае кіно
“Бульбамуві” – незалежны фестываль беларускага кіно, заснаваны ў 2011 годзе і арыентаваны на польскага гледача. Прынамсі, так было напачатку, калі фэст ладзіўся ў Варшаве. Потым былі паказы ў Мінску, потым – перапынак… Сёлетні “Бульбамуві” прайшоў паспяхова і не без скандалаў: напрыклад, адзін фільм знялі з паказаў, бо “Беларусьфільм” забараніў. Іншы аблаялі гледачы.
Пра спецыфіку “Бульбамуві”-2022, нечаканы ажыятаж і вострыя тэмы – а гэта не толькі пратэсты – размаўляем з дырэктарам фестывалю Янушам Гаўрылюком (на заглаўным фота).
– Ваш фестываль нельга назваць статычным: амаль штогод штосьці змяняецца – то геаграфія, то назва… Якім быў Бульбамуві сёлета?
– А бывае, што прападаем зусім і нас няма чатыры гады… Калі коратка, мы перасталі быць »варшаўскім» у2015 годзе, калі адначасова праводзілі фестываль у Варшаве і рабілі паказы ў Мінску, у Музеі сучаснага мастацтва. У нас былі амбіцыі стаць сур’ёзнай альтэрнатывай для дзяржаўнага “Лістапада”, не пакідаючы пры тым польскую публіку. Гэта быў пік адлігі ў Беларусі. Мы рабілі, што хацелі, напрыклад, доўгатэрміновыя майстар-класы па дакументальным кіно з удзелам лепшых польскіх майстраў, такіх як Яцэк Блавут. З іншагабоку, тады пачалася вайна ва Украіне (Данбас), і наш фестываль не атрымаў ад Польшчы датацыі наарганізацыю імпрэзы (большасць грантаў пайшла на Украіну). Мы на энтузіязме і з падтрымкай аднадумцаў яшчэ здолелі зрабіць фестываль у 2016-м у Варшаве і Мінску. Адну з мэтаў дасягнулі: давялі да ўтварэннянацыянальнага конкурсу ў межах беларускага “Лістападу”.
Сёлетні “Бульбамуві” нечакана выглядаў як вялікае свята беларускага кіно. Дзякуючы варшаўска-беларускай публіцы, якая натоўпам наведвала ўсе тры дні кінатэатр »Ілюзіён». Людзі ў фае казалі, што адчуваюць сябе як калісьці на мінскім “Лістападзе”.
–З улікам таго, што кіно дэманструецца ў Польшчы, ці ёсць пры адборы ўхіл “на экспарт”?
– Так, гэта бярэм пад увагу. Добры прыклад – »Возера радасці», якое, здаецца, у 2019 годзе паказвалі ўнацыянальным конкурсе на “Лістападзе”. Мы дэманстравалі яго ў Варшаве як польскую прэм’еру. Але калі казаць, што мы шукаем нейкай »экзотыкі», то не – няма такіх фільмаў сярод новых. Калісьці паказвалі,напрыклад, цыкл фільмаў Галіны Адамовіч з сюжэтамі, якія адбываліся ў беларускіх вёсках, і гэта пазіцыянавалі палякам як беларускую экзотыку. Цяпер большасць фільмаў зробленыя беларусамі, якія нежывуць на радзіме.
– Палякам цікавае нашае кіно? Яны наведваюць фестываль?
– Цяжка цяпер сказаць, бо праз усе гады публіка змянілася. У 2011-2014-х глядзець беларускае кіно прыходзілі перадусім палякі. Беларусаў было мала. З 2021-га, калі мы вярнуліся з чатырохгадовага перапынку, – наадварот. Новыя эмігранты з Беларусі адчуваюць патрэбу тусавацца між сабой; апрача ежы і вопраткі ім патрэбная культура. Асабіста мяне гэта цешыць! Цяпер трэба дабрацца да польскай публікі наноў, і праз год “Бульбамуві” не хопіць аднаго кінатэтра!
– Як вы ацэньваеце поспех “Бульбамуві”-2022, калі казаць пра наведвальнасць?
– Я часткова адказаў, дадам толькі, што не ўсе маглі наведаць кінасеансы: папросту не хапала месцаў. Раскупілі ўсе білеты! Я быў у шоку. Мы спрабавалі прапускаць людзей у кіназалу, каб яны маглі паглядзець беларускае кіно хоць бы седзячы на зямлі, але перашкаджала абслуга кінатэтра: казалі, мы парушаем пажарныя правілы.
– Ці існуе канкурэнцыя паміж незалежнымі беларускімі кінафестывалямі – хто “круцейшы”, дзе паказваюць цікавейшае кіно?.. Напрыклад, Вольга Чайкоўская, арганізатарка “Паўночнага ззяння”, на пытанне пра тое, што на адны і тыя ж даты прыйшлося некалькі фестываляў, адказала штосьці накшталт “мы свае даты абвесцілі раней за ўсіх”, маўляў, мы былі першыя.
– Я не бачу ніякай канкрурэнцыі: на “Лістападзе” няма зусім беларускага кіно, цяпер гэта фестываль расейска-кітайскага кіно ў Мінску. А “Паўночнае ззянне”, як сама назва паказвае, фестываль фільмаў балтыйскіх і скандынаўскіх краінаў.
– Вы ў даўнім інтэрв’ю казалі, што бліжэй за ўсё “Бульбамуві” якраз “Лістапад”, бо ён наладжаны на аўтарскі погляд, а не масавае кіно. Вы па-ранейшаму трымаецеся гэтага меркавання?
– Не памятаю кантэксту, але сёлетні фестываль “Бульбамуві” быў такім “Лістападам”, толькі ў Варшаве. Беларускія фільмы, якія варта паказваць, амаль усе – аўтарскія. Ёсць яшчэ добрыя фільмы тэлевізійнагафармату, але мы іх не паказваем. Беларускіх фільмаў для масаў я проста не ведаю. Падобна, іх не існуе.
– Пераможцамі сёлета сталі дакументальны фільм Надзеі Родкінай “Бой з ценем” і гульнявы фільм Юрыя Сямашкі “Смеццевая галава”. Пераможцаў вызначыла глядацкае галасаванне. Чаму вы не звярнуліся да экспертнага журы?
– Гэта крыху не так. Фармальна ў нас пакуль няма афіцыйна конкурсу, як было ў перыяд 2012-2016. Ёсць прагляд Маладога беларускага кіно, а польская “Фільматэка”, якая дапамагае ладзіць фестываль,прысуджае адмысловыя ўзнагароды. Сёлета вырашылі прысудзіць іх Юрыю Сямашку за “Смеццевую галаву” (3 тысячы польскіх злотых) і дакументальнай стужцы Надзеі Родкінай “Бой з ценем” (2 тысячы польскіх злотых) Дадаткова мы правялі глядацкае галасаванне. І там зноў перамог Юрый Сямашка.
Кадр з фільма «Minsk» Барыса Гуца
– Як вы ставіцеся да фільма «Minsk», які выклікаў абурэнне ў гледачоў і які Максім Жбанкоў назваў кінакоміксам?
– Гэта не маё кіно. Але гэта фільм накшталт польскага »Жыве Беларусь», які пасуе для паказаў з абмеркаваннямі і дыскусіямі на кінафоруме, якім і з’яўляецца “Бульбамуві”. Праўда такая, што больш-менш адлюстраваць нядаўнюю беларускую рэчаіснасць у ігравым кіно пакуль могуць толькі замежнікі. Беларусы кажуць, яшчэ не час, яшчэ балюча, можа, праз 100 гадоў… Украінцы з часоў Майдана і Данбаса зрабілі ўжо сотні ігравых фільмаў пра вайну – рознай якасці, але тым не менш. Калі я запрашаў Максіма Жбанкова да ўдзелу ў дыскусіі пасля фільма, ён са мной пагадзіўся, што фільм гэты паказваць трэба, а потым пра ягогаварыць. Калі ж дыскусія пачалася – з удзелам рэжысёра, прадусара Віталя Шклярова і польскага кінакрытыка Пётра Чэркавскага – спадар Максім пачаў з пытання „Што гэты фільм робіць на фестывалі беларускага кіно?”(усмешка) . Але яно было вартае таго, размова атрымалася вельмі гарачая! Жбанкоў назваў фільм кінакоміксам, вядомы польскі кінакрытык Чэркавскі – панкаўскім. Карацей, кожны бок дыскусіі меў сваю рацыю, а нам, арганізатарам фэста, давялося лезці на сцэну кінатэатра і рабіць забастоўку, каб скончыць гэтую кінабітву.
– Галоўная прэтэнзія была ў тым, што фільм паказвае няпраўду пра жнівень 2020 года. Хаця апісанне сюжэта гучыць даволі нейтральна. У чым там справа? Чаму такая вострая рэакцыя, як лічыце?
– Гэта пытанне пра тое, наколькі ігравое кіно, якое распавядае пра рэальныя падзеі, можа сабе дазволіцьмастацкую інтэрпрэтацыю. Я, калі гладжу ігравое кіно, ведаю, што гэта гульня. А закіды з боку публікі былі,між іншага, у тым, што ў фільме беларускія фанаты падпальваюць міліцэйскія пастарункі, што людзі на Захадзе падумаюць, быццам беларусы паводзіліся агрэсіўна, і што Мінск выглядае не так, што гэта Талін, і што бачны ў фільме рускі мір, далёкі беларусу. Пётр Чэркавскі ў абарону сказаў, што гэты фільм можа нагадаць заходняму гледачу, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе, як брутальна ўсё было (акурат гэта фільм паказвае вельмі моцна). Тут ужо ўсе забыліся.
– Якія стужкі ўразілі вас як гледача?
– “Мара” Сашы Кулак і “І зноў Беларусь” Івана Фядорава – гэта новыя творцы для беларускай публікі. Хаця Саша ўжо даўно ў кіно, але гэта, здаецца, ейны першы фільм з Беларусі.
Кадр з фільма “І зноў Беларусь” Івана Фядорава
– Пасля фестывалю каго можна назваць вядучым беларускім рэжысёрам?
– Не магу адназначна адказаць, бо ёсць некалькі вельмі моцных дакументалістаў. Вечная праблема беларускага кіно – ігравое кіно. Тут пакуль нічога новага.
– Якія тэмы прагучалі апрача “рэха пратэстаў”? Ці ўсе думкі скіраваныя толькі на гэта?
– На фестывалі было бачна, што людзі ўжо стомленыя сумнымі дакументалкамі пра 2020 год. Вельмі спадабаўся людзям малавядомы дакументальны фільм 2021 года “Над Нёмнам” Андрэя Куцілы, зняты летам у беларускай правінцыіі. У дакументалцы “І зноў Беларусь” закранутая тэма курдскіх эмігрантаў, якія ў 2021-м захапілі палову Мінска, а затым паехалі нелегальна перасякаць польскую і літоўскую межы. Цяпер актуальнае пытанне – што будзе далей, калі шмат беларускіх аўтараў з’ехала за мяжу? Якое яны будуць рабіць кіно? Тэма пратэстаў скончылася, калі казаць пра дакументалістыку. І ці будзе паўставаць новае кіно ў Беларусі, і што больш важна для мяне як для арганізатара фэсту ў Варшаве – ці змагу я яго паказваць? У тым сэнсе, ці аўтары не будуць баяцца?..
– Што глядзіць дырэктар “Бульбамуві” па вечарох?
– Апошнім часам займаюся дапаўненнем кінаадукацыі пра беларускія фільмы савецкіх часоў. Гляджу на Ютубе “Беларусьфільма” Турава, Вінаградава, Пташука, Рубінчыка, Рыбарава… Шукаю іншых, якіх не ведаю. Паглядзеў першы фільм Вінаградава »Лісты да жывых» – я пад вялікім уражаннем. Думаю, трэба добра ведаць сваю кінакласіку, нават калі яна савецкая, каб мець магчымасць рабіць беларускае кіно.
– І які беларускі фільм найлепшы?
– Найпепшы фільм савецкага перыяду – “Усходні калідор” Вінаградава, а пасля развалу Саюза – “Містэрыя. Акупацыя” Кудзіненкі.
– А “Купала” – добры фільм ці кепскі?
– Не ведаю: файл даўно трымаю на флэшцы, але не гляджу, бо чакаю, што аднойчы пакажуць апошнюю, скончаную версію фільма. Але, можа, ужо час паглядзець хаця б недамантаваную версію…