Сёння 100 год СССР. Каго пакладзе Крэмль пад сваю навагоднюю ёлку?
Тэма "ўз'яднання" разглядаецца Крамлём у якасці альтэрнатывы для правальнай кампаніі ва Украіне. Аднак Масква асцерагаецца празмернага ціску на Мінск.
Колькі разоў цягам 2023 года сустракаліся Лукашэнка і Пуцін?
Нехта называе лічбу 10 разоў, хтосьці – 12. Нават палітолагі, якія сочаць за цячэннем палітычнага жыцця саюзнікаў, збіліся з ліку.
Апошнія адведзіны Лукашэнкі прыпалі на калядныя канікулы (24-27 снежня).
Што засталося за кадрам? Разбіраліся з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім.
– Лукашэнка 4 дні правёў у Расіі на нефармальным саміце СНД. І запомніўся ён хіба што рэакцыяй грамады на расійскі пярсцёнак-падарунак: “восем з дзевяці патэнцыйных пярсцёнканосцаў свае пярсцёнкі адзяваць не сталі, і толькі адзін не зрабіў для сабе ніякіх высноў з сумнай гісторыі дзевяці каралёў”. Што сімвалізуе гэты чатырохдзённы візіт?
– Адзначу два фонавыя моманты. Першы: месяц таму Малдова прыпыніла сваё членства ў СНД. Другі: Пуцін адмяніў традыцыйную прэс-канферэнцыю, прамую лінію і нават Пасланне Федэральнаму сходу. Таму для Крамля саміт быў важны як спроба нейк разбавіць імідж, а таксама паказаць, што, нягледзячы на дэмарш Малдовы, садружнасць як бы функцыянуе надалей. Ну а што тычыцца лідэраў постсавецкіх дзяржаў, то акурат на такога тыпу нефармальнае спатканне яны не супраць прыбыць – нічога не губляюць, а пры гэтым яшчэ можна аб тым-сім паміж сабой перагаварыць. Аніякай яскравай павесткі, ніякага супольнага месыджу не было. Што да пярсцёнкаў – СМІ ўжо сто разоў гэта пракаментавалі, прычым дасціпна, так што не бачу патрэбы гэта каментаваць.
– Давайце паспрабуем разабрацца: якія кропкі ў двухбаковых стасунках расстаўленыя сёлета? Якія галоўныя тэндэнцыі характарызуюць адносіны Мінска і Масквы ў 2022 годзе?
– Што тычыцца ўсяго 2022 года – гэта даволі вялікая тэма. Можа быць, укажу на тое, што ў манеўраванні Лукашэнкі цягам года прасочваюцца два перыяды:
1) люты – жнівень, калі ён прасоўваў пасыл «Мы не агрэсары», «Мы не ўдзельнічаем у вайне»,
2) ад верасня-кастрычніка, калі пасыл іншы: «Мы ўдзельнічаем у «ваеннай аперацыі» (змяніўся таксама і спосаб называння вайны), у тым сэнсе, што аберагаем Расію ад удару з Захаду.
Гэта калі так коратка і сігнальна.
– Расія «пасадзіла на тугі павадок» беларускі бюджэт, але «эрозія суверэнітэту» ў ваеннай і эканамічнай сферах адбываецца дэ-факта, але не дэ-юрэ. Ці дае гэтая акалічнасць магчымасць манеўраваць у гульні з Крамлём ці нават адыграць назад зацягванне ў расійскую арбіту?
– Тое, што дазваляе манеўраваць, – гэта апасенне Крамля страціць апошняга саюзніка. Хай сабе саюзнік павязаны рукамі і нагамі з пуцінскай уладай, але гэта ўсё ж даволі загартаваны гулец. Крэмль асцерагаецца празмернага ціску на Лукашэнку, каб раптам гэты апошні саюзнік не сарваўся.
– Леанід Гозман даў сваё тлумачэнне актывізацыі кантактаў паміж Лукашэнкам і Пуціным. 30 снежня споўніцца роўна 100 гадоў з дня заснавання СССР. Ён мяркуе, раз да гэтай “святой” даты Пуцін не здолеў пакласці сабе пад елачку Украіну, то чаму б не скарыстацца магчымасцю і кампенсаваць гэтую страту аншлюсам Беларусі. А чаму б і не: не ўдалося ўвесь пірог запіхнуць у рот, дык хоць маленькім кавалкам удасца паласавацца?
– Я не выключаю, што такі сцэнар разглядаўся. Дзесь тыдзень-паўтара на адным культурніцкім сайце Цюменскай вобласці з’явілася загадкавая аб’ява наконт «мерапрыемстваў з нагоды ўз’яднання Беларусі і Расіі». Гэта выглядала як збой у камунікацыі ў працэсе карэкціроўкі планаў – план «уз’яднання» дэзактуалізаваўся або адкладзены, але не ўсе чыноўнікі своечасова скарэктавалі свае дзеянні. Так ці інакш, як бачым, нішто не ўказвае на тое, што з нагоды «100-годдзя» нешта кардынальнае адбудзецца. Але так, не выключаю, што ў Крамлі тэму «ўз’яднання», ў якасці альтэрнатывы для правальнай кампаніі ва Украіне, разглядаецца.
– Якія праблемы Лукашэнка з Пуціным пакідаюць сабе на 2023 год?
– Перадусім праблему вайны: што з ёй рабіць. Бо і працягваць рызыкоўна, і завяршаць рызыкоўна.
Па-другое, відмо эканамічнага крызісу і нарастання напружання ў грамадстве.
Па-трэцяе, міжнародную ізаляцыю.