Прадпрымальнік, актывіст Алег Мяцеліца, у адрозненне ад большасці нашых суайчыннікаў, апынуўся ў эміграцыі другі раз. Першы раз Вільня прыняла давераную асобу кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева пасля падзей 19 снежня 2010 года, але тады, пры першай магчымасці, Алег Мяцеліца вярнуўся ў Беларусь.
Другі віток жыцця за мяжой пачаўся гарачым летам 2020-га… І зноў у Вільні. Разам з больш чым 45 тысячамі эмігрантаў-суайчыннікаў новай хвалі.
– Для мяне гэта ўжо другі эмігранцкі круг…
Калі ўлетку выпраўляўся сюды, то верыў, што яшчэ да новага 2020-га вярнуся дадому. Але ў падсвядомасці, маючы папярэдні досвед, не проста сядзеў тут, не цярпліва чакаў, пакуль сітуацыя сама разруліцца, а разумеў, што трэба жыць: уладкоўвацца на працу, арганізоўваць побыт. Я прыехаў у літоўскую сталіцу і пачаў клікаць будучую жонку Алесю (мы тады яшчэ не былі афіцыйна распісаныя) з сынам Кастусём.
Самае цяжкае, напэўна, страціць любімы занятак, працу. У сваю аграсядзібу пад Бялынічамі я ўклаў усю душу, і вельмі цяжка было назіраць, як тое бяздушна руйнуецца. Яшчэ летам 20-га года маёмасць перадалі сельсавету, знеслі частку СПА-зоны (стаяла традыцыйная беларуская лазня, іншыя збудаванні) – і дагэтуль яна стаіць арыштаваная.
– Чакае твайго вяртання?
– Наўрад ці. Проста суда нада мной не было, таму працэдурна аформіць “нацыналізацыю” аграсядзібы цяжка. Калі, канешне, увогуле можна гаварыць пра нейкія працэдуры ў Беларусі.
– Ужо прайшоў першы завочны суд, у Герасімені і Апейкіна канфіскавалі маёмасць. А ты, выходзіць, аказаўся адным з першых беларусаў, у каго забралі ўсё’ нават без суда.
– Адзін з першых, так.
– У Вільні не спрабаваў вярнуцца да любімага занятку?
– Падступаюся: узяў у растэрміноўку байдаркі, аднавіў турыстычны рыштунак, рабіў не кароценькія сплавы, а арганізоўваў паходы на 2-3 дні.
Вядома, спрабаваў паглядзець і аграсядзібу. Шмат у чым пытанне ўпіраецца ў грашовыя праблемы, але самай вялікай перашкодай з’яўляецца нават не яны: існуюць юрыдычныя складанасці з набыццём дома ці аграсядзібы замежнікам. Праўда, нібыта ёсць варыянт з нерухомасцю праз юрыдычную асобу, але да канца гэта пакуль не высветліў.
А другая любімая праца, якую я страціў, – дзяржаўная страхавая кампанія “Стравіта”. Нават у Вільні можна было працягваць у гэтым накірунку (ёсць кола рускамоўных людзей), але праблематычна атрымаць ліцэнзію: неабходна веданне літоўскай. Хоць у працы можна было б карыстацца і беларускай, і рускай мовамі.
– Як прайшло развітанне са “Стравітай”?
– Мая праца вялася па дамове-даручэнні, такая форма не патрабавала прысутнасці ў офісе. Таму я працягваў працаваць з кліентамі, знаходзячыся нават Вільні: наладзіў онлайн і дакументазварот, і кансультаванне кліентаў па страхавых выпадках. Так працягвалася да канца 2020 года – тады нядобрыя людзі “папрасілі” абласное кіраўніцтва “Стравіты” прыглядзецца да мяне…
– Калі і як ты прыняў рашэнне ехаць у Вільню?
– Мяне арыштавалі 5 жніўня 2020 года – за чатыры дні да галасавання. Пачынаючы з 2001 года прэвентыўна затрымлівалі перад усімі выбарчымі кампаніямі, выпускалі пасля падліку галасоў. Дык вось: забралі мяне 5-га, 15-га выпусцілі: я выходзіў, не разумеючы, што адбываецца ў краіне. 8 жніўня паспеў нават атрымаць вестачку ад Алесі з Кастусём, бо ў малога 7 жніўня дзень народзінаў. Алеся пісала, што будзе адчуваць сябе спакойней, ведаючы, што я за кратамі.
Мы разумелі: рэжым пачне абараняцца, з усіх сіл трымацца за ўладу, то бок ён гатовы на ўсё. Яшчэ да выбараў размаўлялі з сябрам наконт таго, як адбудзецца змены ўлады? Людзі хацелі прагаласаваць і выйсці на плошчу супраць фальсіфікацыяў; разумелі, што нас шмат. Мы меркавалі: сілавікі пабачаць такую грамаду– і пяройдуць на бок народа.
Аднак калі здарыўся расстрэл бяззбройнага Аляксандра Тарайкоўскага на Пушкінскай, многія зразумелі, куды ўсё можа пакаціцца…
Я выйшаў 15 жніўня і не пазнаў Бялынічы: мяне сустракала мноства людзей са сцягамі. А 16-га адбыўся велізарны мітынг. Пасля жудасных падзей у Мінску мы вырашылі запрасіць на на сваю плошчу ўсіх знакавых асоб раёна. Паспеў сустрэцца са старшынямі райвыканкама і райсавета дэпутатаў, з кіраўнікамі РАУС, МНС, галоўным ідэолагам, з праваслаўным бацюшкам, ксяндзом, пастарам пратэстанцкай царквы, – наведаў усіх ключавых фігур, якія прадстаўляюць заканадаўчую, выканаўчую, судовую ўладу.
Размова была пра тое, як яны ставяцца да жудасных падзей у Мінску і што збіраюцца рабіць, калі паступіць загад збіваць і забіваць. У выніку на мітынг прыйшлі толькі пастар і ксёндз – больш ніхто з тых суразмоўцаў.
Тады, 16 жніўня, у раёне не агучылі ніякія лічбы па галасаванні – увогуле іх не было, ні сапраўдных, ні фальсіфікаваных.
Я сказаў на мітынгу, што нашыя галасы скрадзеныя, назваў і канкрэтныя прозвішчы. А на наступны дзень патэлефанавала Натальля, з якой мы раней былі ў шлюбе і маем дваіх дзяцей. Яна сказала, што супраць мяне ўзбуджаная справа. Затым патэлефанаваў следчы: выклікаў на допыт за публічную абразу прадстаўніка ўлады. Дасведчаныя людзі растлумачылі: калі пайду ў Следчы камітэт – адтуль ужо не вярнуся.
Дзякуй Богу, умяне ўжо быў досвед доўгасядзення за кратамі, таму не стаў спакушаць лёс і проста выключыў тэлефоны.
23 жніўня ў Мінску чакаўся вялікі марш. Я рабіў выгляд, што збіраюся туды, тэлефанаваў, маўляў, то еду, то затрымліваюся – каб дэзарыентаваць спецслужбы. Тады маўчаў штаб Свтланы Ціханоўскай (гэта не прэтэнзія), мы не чулі яе голасу: што адбываецца, што рабіць, як рабіць? Вось і ўзнікла разуменне: трэба з’язджаць з краіны. 26 жніўня я забраў старэйшага сына, і нам далі зялёны калідор у Літву, хаця яшчэ дзейнічаў каранцін.
Дарэчы, разам са мной за кратамі сядзела і дачка, якая была даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнта і якую забралі 9 жніўня з выбарчага ўчастка. І пляменнік сядзеў, мы нават здолелі сяды-тады перакрыквацца. Але ў нас не было той жорсткасці, пра якую даведаліся пазней; па-першае, забралі раней, а па-другое, з-за маленькага мястэчка, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць.
– А чаму сілавікі ўсё-такі не перайшлі на бок народа?
– Цяжка сказаць. Няўжо дзеля гэтага трэба было, каб яны адчулі фізічную пагрозу. Пракурор Алег Талерчык – паспяховы, прафесіянал з аўтарытэтам – убачыў гвалт і сышоў з пракуратуры. А іншыя хіба не бачылі? Можа, тут эфект доўгай дыктатуры, якую не ўдалося зрынуць ні ў 2001-ым, ні ў 2006-ым, ні ў 2010-ым…
– Як пачаўся другі этап твайго віленскага жыцця?
– На месяц мяне прытулілі знаёмыя беларусы. А затым пераехаў у гасцініцу: тады гасцінічны нумар каштаваў 250 еўра на месяц – танней, чым квартэры. Раз на тры дні замена бялізны, уборка, тэлевізар, інтэрнэт, без камунальных плацяжоў… Пры заробку ў 50 еўра на дзень спакойна можна было адпрацаваць пражыванне.
Дачка пасля адсідкі выехала ў Львоў. Старэйшы сын – у Вільню, са мной разам. Заставаліся Алеся з Кастусём. Але ім увесь час нешта замінала. Здавалася б: перасекчы мяжу можна проста, сеў на лятак – і наперад. Але тут ў Мінску саджаюць самалёт RayanAir з Раманам Пратасевічам на борце. Шлях перакрыўся. І такія дзіўныя падзеі адбываліся не адзін раз.
Алеся бачыла ў тым знакі, што нам не лёс быць разам. Увогуле выезд за мяжу яна разглядвала як здраду – здраду блізкім, здраду тым, хто застаецца. Канешне, мы ўсе любім Беларусь, але яна занадта цяжка ўспрымала нават саму думку пра пераезд, ужо знаходзячыся далей тут, доўга не магла прыняць Вільню, сумавала па дому.
– Алеся асуджаная на тры з паловай гады зняволення. Як тое здарылася?
– 1 красавіка 2022 года яна вярнулася з Літвы ў Беларусь, а 4-га яе арыштавалі. Алеся паехала на гадавіну па маці, думалі – усё, гэта апоші раз… А як там адбылося, я не ведаю. Сама яна пісала, што асудзілі на тры з паловай гады за спробу дапамагчы людзям.
Таму застаецца афіцыйная версія: за “незаконнае перасячэнне мяжы”. Зараз жонка падала апеляцыю на прысуд – чакаем рашэння.
– Як з Кастусём спраўляецеся без жонкі і без маці?
– Я вельмі цяжка гэта ўспрыняў і перажываю, бо адчуваю сябе вінаватым; знаёмыя папракаюць: як ты дапусціў, што Алеся трапіла ў Беларусь? Ды яна проста рвалася туды, я спыніць не мог: не звязваць жа па руках і нагах! І чаго б дабіўся сілай? Хіба аднаго: разрыву адносінаў…
Вельмі цяжка, тым больш, мы ледзьве сталі нармальна уладкоўвацца на чужыне. Сама Алеська толькі-толькі вярнулася да жыцця: пачала займацца віленскай друкарняй, хадзіць на беларускія традыцыйныя танцы…
Кастусь да канца і зараз, напэўна, не ўсведамляе, што адбылося. Дзіцёнак не да канца ўсведамляе, што гэта не суткі, а тры з палавой гады зняволення. Калі чуеш такі прысуд у адносінах да блізкага чалавека, то цалкам выключаеш рацыянальнасць і спадзяешся на нейкі цуд: з іншымі такога не здараецца, але з табой абавязкова адбудзецца…
Але ні расслабіцца, ні апусціць рукі ты сабе дазволіць не можаш: на руках дзесяцігадовы малец, якога штодня трэба вазіць у школу, на секцыі. Адказнасць толькі ўзрастае, бо ты разумееш, наколькі для Алесі важны сын (гэта яе жыццё) – і тут ты не мусіш падвесці. Самае важнае для яе, што, напэўна, хоць неяк можа аблегчыць знаходжанне за кратамі: дзіцёнак дагледжаны, ахутаны клопатам і пяшчотай.
Я бачу, што адначасова быць татам і мамай немагчыма. Але выбару няма. Цяпер маё жыццё – гэта Алеся (адвакаты, перадачы, лісты) і Кастусь, а свае ахвоткі, цікавосткі давялося адкласці на потым.
– Я таксама вельмі моцна прывязаны да мясцін, дзе нарадзіўся. У маім радаводзе ўсе – што па маці, што па тату – да пятага калена нарадзіліся і выраслі ў 50-кіламертавай зоне ад Бялынічаў. Усё наша жыццё сканцэнтравана ў адным месцы.
Так атрымалася, што страшныя падзеі 2020 года супалі з тым, што я аднамомантна радыкальна памяняў сваё жыццё (узяў другі шлюб, з Алесяй) – і сям’ёй пачалі новае жыццё тут, у Вільні. Мая будучыня цяпер звязана не з месцам, маё гняздо ўжо не геаграфічнае месца, а сям’я. Таму сёння мне абсалютна няважна – дзе жыць (на Магілёўшчыне, у Маледзечне, у Вільні), чым займацца. Цяпер для мяне важна толькі адно – быць разам.
Я не адмовіўся ад Беларусі, не. Беларусы стануць прасцей успрымаць свае падарожжы, перасоўванні па свеце тады, калі Беларусь стане вольнай. Цяпер існуе мяжа паміж светлым і цёмным бокам, паміж светлай і цёмнай Беларуссю. Гэтая мяжа, якая здаецца непераадольнай, тут жа знікне, як толькі краіна стане вольнай.
Многія людзі зняверыліся ў пераменах, кажуць, цемра яшчэ на дзесяцігоддзі. Я так не думаю: перамены наступяць нашмат хутчэй і намнога лягчэй, чым у 90-ыя.
– Які лёс Беларусі – незалежнай краіны ці яшчэ адной расійскай губерні?
– Не разумею тых, якія кажуць, што ўжо ні ўва што не вераць, але працягваюць рабіць беларускія праекты. НЕ верыш у Беларусь, але вядзеш медыйны праект, НЕ верыш, але вядзеш праваабарончы праект, НЕ верыш, але вядзеш праект па падрыхтоўцы кадраў для новай Беларусі… Тады ты халтуршчык!
Бо я веру. І ведаю, што мушу гэта рабіць, нават калі незалежнасць прыйдзе не пры маім жыцці. Калі б не было Кастуся Каліноўскага, то на чым бы наш супраціў трымаўся? Я магу змагацца за незалежнасць, нават калі і не ўбачу вынікаў. Я ведаю і тое, што ў нас шмат герояў: за кратамі беларускіх вязніц, .у беларускім падполлі, за межамі краіны…
Я веру і змагаюся.
Алег Мяцеліца нарадзіўся ў Бялынічах Магілёўскай вобласці ў 1972 годзе.
У Бялынічах скончыў сярэднюю школу ў 1989 годзе.
Першы год пасля школы не змог паступіць на геафак і пайшоў працаваць у вясковую школу, а ўжо праз год, у 1990-м, здзейсніў мару і паступіў на геафак БДУ у Мінску.
Пасля вучобы працаваў настаўнікам у Бялынічах, у фондзе Сораса, прадпрымальнікам. .
У 1997 годзе асуджаны на тры гады хіміі, бо адкрыта выступаў супраць вынікаў рэферэндума 1996 года.
Пасля гэтых падзей актыўна далучыўся да супраціва. Будучы на хіміі, збіраў подпісы за Пазьняка і удзельнічаў прасоўваньні ідэі альтэрнатыўных выбараў. У 2000 годзе узначаліў раённую моладзевую арганізацыю » Маладая Грамада» (крыло БСДП(НГ).
З 2001 па 2006 гады — кардынатар руху “Зубр” па Магілёўскай вобласці.
З 2006 года сябра партыі БНФ.
Сябра Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП з 2010 года.
З 2010 да моманту ліквідацыі арганізацыі – сябра “Гавары праўду”.
Давераная асоба кандыдатаў у прэзідэнты Някляева (2010 год), Караткевіч (2015 год), актыўна ўдзельнічаў у зборы подпісаў на выбарах-2020.
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…