Categories: Социум

Ці здольны рэжым прапанаваць уцямны сацыяльны кантракт грамадству, а народ – прыняць яго?

Крэатыў беларускага рэжыму здольны выклікаць толькі крывую ўсмешку: калі агулам за Год народнага адзінства пацярпелі не менш за 6381 чалавек (гэта мінімум 17 чалавек у дзень), то які тады вынік дасць Год міру і стварэння?

Ці варта шукаць глыбінны сэнс у гэтым лозунгу? Ці здольны рэжым прапанаваць уцямны сацыяльны кантракт беларускаму грамадству, а народ – прыняць яго?

Пагутарылі з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім.

– Лукашэнка абвесціў 2023-ці Годам міру і стварэння. Каго ён сабраўся мірыць і што плануе ствараць на руінах апошніх гадоў? 

– Выбар такой фармулёўкі найвідавочней звязаны з грамадскімі настроямі: людзі баяцца вайны, у сэнсе яе пашырэння на тэрыторыю Беларусі, і хочуць, каб «усё гэта чым хутчэй скончылася». Такі вось ідэалагічна-псіхалагічны ход, сам па сабе ані кепскі, ані добры. Але, канешне, калі ён агучаны рэжымам, які тэрарызуе ўласнае грамадства і ўцягнуў Беларусь у расійскую вайну супраць Украіны, гэта выглядае як здзеклівая іронія таго самага тыпу, што і лозунг «Праца чыніць свабоднымі» на варотах Асвенцыма.

– Папярэдні год завяршыўся “палітычным выбарам” (падтрымка рэжыму, турма ці ў найлепшым выпадку эміграцыя), новы год пачаўся са “стваральных” рэпрэсіяў, далейшай мілітарызацыяй грамадства і падвышэннем падаткаў. Колісь модна было казаць пра сацыяльны кантракт між дзяржавай і народам. Які кантракт прапануе Лукашэнка народу цяпер? 

– Пад сацыяльным кантрактам прынята разумець маўклівы кансэнсус адносна абмежавання палітычных правоў узамен за бяспеку і эканамічны рост. Ключавы момант тут – наяўнасць пазітыўнай перспектывы для грамадства. Даходы растуць, злачыннасць зніжаецца, ад усякіх войнаў Беларусь трымаецца як мага далей – вось прыклады такіх пазітыўных фактараў. У нулявыя гады рэжым, сілай спрыяльных абставінаў, меў магчымасць прапаноўваць вось такія пазітыўныя перспектывы.

Зараз сітуацыя кардынальна іншая. Фактар бяспекі моцна разбураны, прычым ён пачаў разбурацца ўжо вясной 2020 года, калі Лукашэнка заняў грэблівую пазіцыю адносна каронавіруснай пандэміі. Пазней разбураўся міграцыйнымі авантурамі, ну а з лютага мінулага года – заангажаваннем у расійскую вайну супраць Украіны. Няма перспектыў эканамічнага росту, затое фактычнае падзенне эканомікі ўжо цяпер моцна адчувальнае практычна для кожнага абывацеля.

Такім чынам, у рэжыма няма зараз магчымасці перазапусціць сацыяльны кантракт, хоць патрэба ў гэтым вострая. (Згадаць хаця б указ № 411 Лукашэнкі, у якім ён прадпісвае рост ВУП у 2023 г. амаль на 4% – нерэалістычная задача, але самое яе афармленне ў якасці «ўказа» ўскосна паказвае, наколькі вострай з’яўляецца гэта праблема і наколькі роспачна аўтакрат спрабуе яе пераадолець.)

– Ці пагодзяцца беларусы з такім кабальным кантрактам? Ці выбар у народа невялікі?

– Ясна, што яўнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі і пастаянная пагроза вайны наўрад ці каго-кольвечы задавальняе. Іншае пытанне: якая імавернасць таго, што незадавальненне выльецца ў чарговыя пратэсты? Уявім сабе, што хтось вырашыў з дапамогай дамбы затрымаць цячэнне ракі і не прадугледзеў для гэтай ракі іншых, альтэрнатыўных, шляхоў цячэння. Ці рака «захоча» прарваць дамбу, ці «змірыцца»? Правільны адказ: гэта пытанне часу. Калі аўтар гэтай ідэі будзе інвеставаць у дамбу, увесь час яе ўмацоўваючы і ўдасканальваючы, то ёсць шанец, што рака будзе «мірыцца» адносна доўга.

Але тут ёсць дзве праблемы: па-першае, умацоўванне дамбы не адбываецца «бясплатна»: яно патрабуе ўсё болей і болей затрат, па-другое, незалежна ад таго, як шмат ты інвестуеш у дамбу, яна – усяго толькі часовае рашэнне. Калі ты своечасова не знойдзеш спосабаў каналізаваць паток ракі, то настане такі момант, калі «ціхая» рака раптам брутальна разарве дамбу і знішчыць усё на сваім шляху. Нешта падобнае і тут.

Добрай ілюстрацыяй з’яўляюцца бунты ў арабскіх краінах 2011 года. Спрэс да 2010 года ў абсалютнай большасці арабскіх краін было ўсё спакойна і стабільна, а навукоўцы і эксперты страчылі артыкулы на тэму таго, чаму ў гэтых краінах «няма і не будзе масавых пратэстаў». І хто мог падумаць, што нейкі лакальны канфлікт вулічнага прадаўца з паліцыянткай у Тунісе выльецца ў агульнанацыянальны пратэст і цягам трох тыдняў прывядзе да падзення рэжыму з 50-гадовым стажам! Здарылася гэта на фоне эрозіі сацыяльнага кантракту (рост беспрацоўя і падзенне даходаў на фоне адсутнасці палітычных правоў), здарылася раптоўна і нечакана, у краіне, дзе грамадзяне мелі рэпутацыю «пакорлівых і спакойных».

– Рэжым прапануе “ўмацаваць успрыманне Беларусі як астраўка міру”, а “беларускім адказам на мілітарызацыю ў еўрапейскім рэгіёне” дэкларуе “мірную стваральную працу суайчыннікаў”. У навагоднім звароце Лукашэнка ні разу не сказаў слова “вайна” – нібыта беларускі рэжым і не з’яўляецца суагрэсарам. Што насамрэч азначае адсутнасць слова “вайна” ў рыторыцы? 

– Прыблізна з верасня Лукашэнка збольшага трымаецца афіцыйнай расейкай навамовы, дзе вайна прыпадносіцца як «спецыяльная аперацыя». Але калі казаць уласна пра навагодняе пасланне, то тут асноўным з’яўляецца грамадскі фактар: беларусы баяцца вайны, таму рэжым, які ўмешаны ў вайну, не жадаў без вострай неабходнасці згадваць пра гэта.

– Словы Лукашэнкі можна чытаць і задам наперад: кажа мір – чытай вайна. Доўгія гады мяне мучае неразгаданая загадка: як цэлы народ амаль 30 гадоў верыць (давярае) кіраўніку, які гаспадар свайму слову: захацеў – даў, захацеў – тут жа забраў? 

– Напэўна не «цэлы» народ. Нават у «мядовы месяц» (канец 90-ых – пачатак нулявых), калі народная падтрымка Лукашэнкі была самай высокай, мелася каля 20-30% настроеных апазіцыйна. Цягам апошніх дзесяці гадоў доля «давяраючых» амаль напэўна не пераўзыходзіла 50%, а ў 2020 годзе яе можна ацэньваць у раёне 25-30%.

А па якіх прычынах людзі захоўваюць пазітыўнае стаўленне да аўтакрата, які не стрымлівае абяцанні, хлусіць і маніпулюе сэнсамі – за гэта могуць быць адказны розныя фактары: адчуванне «безальтэрнатыўнасці» (калі не ён, то хто?), упадабанне да ўлады «моцнай рукі», кароткая памяць і ўрыўкавае ўспрыманне (мала хто займаецца супастаўленнем ранейшых і цяперашніх выказванняў) ды іншыя.

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023