Андрэю Хадановічу – 50. Гады мінаюць, а паэзія – застаецца
Выбітнаму беларускаму творцу Андрэю Хадановічу – 50. Свята – заўтра, а сёння – творчая сустрэча з юбілярам: Вільня, 18:00, музей Луцкевіча. Паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, выкладчык, музыка, сябра Рады Беларускага ПЭНа, аўтар і вядучы папулярнага ютуб-канала, грамадскі актывіст – яркая асоба заўсёды шматгранная...
Аленка, Марына і Андрэй
Для нашай рэдакцыі, напрыклад, гэта яшчэ і даўні аўтар СНплюс, чыя публіцыстыка заўсёды была і застаецца актуальнай, запатрабаванай, рэзананснай, крэатыўнай – выразна моцнай.
Прапануем нарэзку з напісанага сённяшнім шаноўным юбілярам для СНплюс у розныя гады і апошнім часам.
Творчы дыяпазон Андрэя Хадановіча ўражвае, але мы вылучылі вечнае: паэт, паэзія, грамада, краіна Беларусь…
I. “Хадановіч? Дык яго, здаецца, у 37-м расстралялі…”
…Адзінаццацікласнікам у 1990 годзе, на хвалі свабоды і «ўсёдазволенасці», я падступіў да сваёй «беларусіцы» з патрабаваннем уключыць у пазакласнае чытанне Уладзіміра Караткевіча. Настаўніца разгубілася — і пагадзілася, і мы атрымалі «Каласы пад сярпом тваім». У раздзеле «Беларуская сучасная літаратура». Аўтара ўжо шэсць гадоў не было на свеце. А праз два гады я захоплена адказваў пра «Каласы…» ўжо сваёй выкладчыцы на філфаку. У межах той жа «Беларускай сучаснай літаратуры.
З таго часу сёе-тое змянілася, але не ў літаратурных праграмах.
І ствараецца стэрэатып, што ўся наша літаратура ўжо даўно напісаная і не мае нічога агульнага з сучаснасцю.
Яно і зразумела:
мёртвы «сучасны пісьменнік» 1917 года нараджэння не выступіць з крытыкай рэжыму, не будзе агітаваць за адмену смяротнага пакарання, не выйдзе на плошчу і не трапіць пад суд за пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй, як Уладзімер Арлоў або Уладзімір Някляеў. І ніхто са стваральнікаў праграм не атрымае ў выніку па шапцы за крамолу.
І шараговы грамадзянін нават здзіўляецца, што беларускі літаратар можа быць жывым чалавекам.
Так, мая сваячка, завуч у адной з менскіх школ, апавядала, як на пазакласным чытанні, прысвечаным паэзіі, адзін вучань выбраў Андрэя Хадановіча і прачытаў на памяць некалькі лімерыкаў. А на пытанне, што ён ведае пра аўтара, на хвіліну задумаўся і выдаў: «Хадановіч… Яго ж, здаецца, у 37-м расстралялі».
«Сучасная літаратура» ў дзеянні!
II. Пра неабходнасць паэзіі нават у самыя, здавалася б, неспрыяльныя для яе, празаічныя часы …
«Лебедзь».
Гэты бадлераўскі верш пра «Мінск і Менск», цытуючы аднаго нашага творцу. Пра свабоду, якая «ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць», цытуючы іншага. Пра тое, як можна пачувацца чужынцам у родным горадзе, але і несці радзіму з сабой у выгнанне. Пра немагчымасць, але і непазбежнасць нашай рэвалюцыі. Зразумела, пра неабходнасць паэзіі нават у самыя, здавалася б, неспрыяльныя для яе, празаічныя часы. І, вядома ж, пра
штучнасць любых падзелаў паміж намі – на рэвалюцыянераў і «калабарантаў»; на бунтоўных творцаў і прафесіяналаў, якія добра робяць сваю справу; на эмігрантаў і тых, хто «будзе жыць тут» (так і хочацца дадаць, на «свядомых» і «неверагодных»).
Упершыню я так для сябе прачытаў гэты верш у ноч з 23 на 24 сакавіка 2006, калі сілавікі «зачысцілі» намётавае мястэчка на Кастрычніцкай, затрымаўшы каля 500 ягоных абаронцаў. А дванаццатай ночы я пайшоў адтуль начаваць дадому. А ўжо а палове на чацвёртую маёй жонцы напісаў яе студэнт, які застаўся на Плошчы Каліноўскага, паведаміўшы, што яго (і ўсіх) арыштавалі. Мне заставалася трохі больш за 4 гадзіны, каб падумаць, з чым ісці да студэнтаў беларускага аддзялення філфака (найлепшых, дарэчы, за ўвесь час майго выкладання, сяброў і калегаў многіх з арыштаваных) на ранішнюю лекцыю. Я выбраў бадлераўскага «Лебедзя».
Магчыма, гэта найлепшы верш паэта. І ўжо дакладна адзін з найскладанейшых. Аўтар вяртаецца ў ім да нядаўніх спрэчак між рамантыкамі і класіцыстамі, першыя з якіх патрабавалі ад творцы сацыяльнай заангажаванасці, барацьбы з несправядлівасцю, а другія – служэння вечнай красе і культуры. Паэт паказвае, што спрэчка яйка выедзенага не вартая, бо гэта два бакі аднаго медаля і сапраўднае служэнне красе і ёсць змаганнем за справядлівасць. Ці наадварот.
…Нагадаю, у адным з Бадлерам горадзе дзесяцігоддзі жыў на пакаленне старэйшы Міцкевіч, які параўнаў родны край са здароўем, што пачынаем цаніць, толькі калі страцім. Думаю, гэтак жа адчуваецца і свабода. У нармальнай сітуацыі мы проста пра яе не думаем. Але, як той казаў, дзе мы, а дзе нармальная сітуацыя?
Але вернемся да той лекцыі 2006-га. Я апавядаў, што Бадлера ў 48-м годзе бачылі на барыкадах і ў рэдакцыях рэвалюцыйных газет, а ўжо ў ХХ ст. нямецкія акупанты расстралялі літаратуразнаўца Жана Прэво – як выявілася, з бадлераўскім «Лебедзем» у кішэні. Што
самыя далёкія ад народу эстэты ў «гарачыя» часы далучаюцца да Супраціву, а самая рафінаваная паэзія раптам пачынае дзейнічаць і рабіцца зразумелай шырокаму чытачу. Што словы ўвогуле з часам мяняюць сэнс і пачынаюць значыць больш, чым укладалі ў іх аўтары.
Мабыць, таму, што напісанае – толькі «партытура», а сапраўдная «музыка» пачынаецца ў галовах суаўтараў-чытачоў.
III. Верылі, што мур «хутка рухне, рухне, рухне», але не склалася. Чаму?
…У дзень выбараў 19 снежня 2010 года, я пераклаў песню польскага барда Яцка Качмарскага «Муры», неафіцыйны гімн польскай Салідарнасці. Пераклаў і выгукнуў, як дазвалялі акустычныя ўмовы, на мітынгу на плошчы Незалежнасці.
Мітынг, як усе добра памятаюць, брутальна разагналі, лідэраў пратэстаў арыштавалі. А вось песня засталася.
Засталася і адгукнулася праз дзесяць гадоў, зрабіўшыся адным з двух галоўных хітоў беларускіх пратэстаў-2020. Тысячы людзей вывучылі словы і былі гатовыя падпяваць прынамсі рэфрэну «Разбуры турмы муры». З’явіліся дадатковыя куплеты з заклікам да «братоў-афіцэраў» і іншымі беларускімі актуаліямі. (Усе адзнакі «народнай» песні.)
…Здавалася, што мур сапраўды рухне калі не сёння, то заўтра. А ў мяне закрадалася трывожнае ўражанне: надта ж прыгожа. Занадта прыгожа, каб быць праўдай. І ў дзень перад выбарамі 9 жніўня я пераклаў іншую песню з той жа мелодыяй і амаль тым жа рэфрэнам «хутка рухне, рухне, рухне», але зусім іншай атмасферай.
Бо рэч у тым, што «Муры» Качмарскага — не зусім арыгінал, а хутчэй вельмі вольны пераспеў каталонскай песні Луіса Лляка пад назвай «Слуп» (у арыгінале «L’Estaca»). Напісанай яшчэ ў 1968 годзе, на хвалі змагання каталонцаў за незалежнасць і супраць дыктатуры Франка. Назва тонка намякае на іншае слова — «L’Estat» («дзяржава», чытай наўпрост — «рэжым»), так што каталонцам не трэба было тлумачыць, які «слуп» заклікае паваліць іхні бард.
«Слуп» Луіса Лляка моцна адрозніваецца ад двух «аптымістычных» куплетаў «Муроў».
«Муры» з іх вобразамі свечак, запаленых на плошчы, і сэрцаў, запаленых энтузіязмам песняра, ствараюць радасную, святочную, амаль карнавальную карціну. І ў гэтым светлым боку пратэстаў таксама добра пазнаецца сённяшняя Беларусь.
А вось сінякі шматлікіх арыштаваных амапаўцамі, што сёлета нялюдскі здзекуюцца з людзей, хутчэй нагадваюць пра каталонскую песню, дзе «рукі падзерліся ў кроў» ад новых і новых спробаў паваліць слуп, які ўсё ніяк не валіцца, хоць аб’ектыўна, здавалася б, мусіць паваліцца, бо даўно ўжо спарахнеў знутры.
«Струхлеў, прагніў, прасеў» — так, але ж, з іншага боку, і засеў «у сэрцы радзімы», «убіты глыбока ў душу».
Пра што гаворка ў нашым выпадку?
Найперш пра мільёны людзей, якія ўсё цудоўна разумеюць, але пакуль так і не здолелі рызыкнуць чымсьці істотным дзеля найважнейшага. Пра дзясяткі тысяч людзей, кроўна павязаных са «слупом»-рэжымам сваімі цынічнымі інтарэсамі. Пра тупых чыноўнікаў-халуёў, якія проста прафняздатныя да любой стваральнай дзейнасці, апроч як рохнаць пры дзяржаўным карыце.
…Пра тое, што на паўмільёна знакамітых ці зусім невядомых герояў, якія раптам адчулі сябе нацыяй і здольнай на салідарнасць грамадзянскай супольнасцю, — прыходзіцца досыць ананімная, але падазраю, што не такая і мізэрная, колькасць «маленькіх людзей», што або трасуцца над сваёй нікчэмнай пасадай, або маюць такі высокі інстынкт самазахавання, ажно неяк вымудрыліся не задаць сабе ніводнага з пытанняў, пасля якіх сумленныя людзі пачынаюць пратэставаць.
…Ніхто не абяцаў імгненнага пазітыўнага выніку, але ж ніхто — дзеля гэтага і існуе песня, як традыцыя змагання, перададзеная дзедам унуку, — не пазбавіў нас ад неабходнасці рабіць новыя й новыя спробы яго зруйнаваць.
Гэта як рэгулярны выхад на працу, дарэчы, як з аднаго, так і з другога боку. Прычым калі «той бок» матывуецца скрадзенымі з нашых падаткаў зарплатамі ды іншымі падачкамі, то ад таго, чым, як — і як надоўга! — здолеем матываваць сябе мы, і залежыць вынік гэтага ўжо не гераічнага двубою, а хутчэй руціннага марафону нерваў і вытрымкі. Тое, хто здасца першым, а хто вытрывае і будзе жыць у краіне сваёй мары. Тое, як «хутка рухне».
IV. …А паэзія працягваецца
…Проста з перапоўненага аўтобуса чытаў праз зум вершы расстраляных паэтаў для “Мова Нанова” ў Вільні. Сувязь была так сабе і даводзілася дэкламаваць гучна. Навушнікаў з мікрафонам не было, і я трохі пераймаўся, што суседзі заб’юць, але ўсе вельмі гучна між сабой размаўлялі і ў нейкі момант здалося, што ніхто нічога не заўважыць.
Але на першым жа вершы заўважылі. Увесь аўтобус раптам сціх і моўчкі слухаў Кульбака. Верш, другі, пяты. Ніхто не выдаў ні гуку. Асмялеўшы, я стаў чытаць “Калі асядае муць” Тодара Кляшторнага.
На радках “Па трупах ворагаў ідзём, / І з трупаў вопратку здымаем” жаночы голас за спінай выразна выгукнуў: “Ой!”. Рускамоўная сям’я збольшага ўсё разумела.
Трохі пазней да мяне стала даносіцца: “Только послушай, что говорит – четырех зарезал!.. Человека – просто за пятак!.. Божечки, сама свою сестру – в проститутки!..” А пасля радкоў: “Ходзім мы пад месяцам высокім, / І яшчэ пад ДПУ” (я звычайна чытаю – ГПУ) выразна пачулася: “А вот это правда!”
Вакол сядзелі палякі, украінцы, чэхі, рускамоўныя з Латвіі, аўстрыйцы. Ніхто, апроч эмацыйнай цётачкі, да канца перадачы не сказаў нічога. Я дачытаў верш Таўбіна пра смерць, цётачка хлюпнула носам, праз хвілінку аўтобус зноў напоўніўся размовамі, мне не зрабілі ніводнай заўвагі. Пілотны выпуск “Мова Нанова” Катавіцэ-Астрава-Аламоўц-Брно-Вена скончыўся.
А паэзія працягваецца.
…Віншуем з юбілеем Асобу і Творцу!