Хаця ў перспектыве Будапешт можа прапанаваць Еўразвязу кантакты з афіцыйным Мінскам.
13 лютага Мінск з рабочым візітам наведаў міністр замежных спраў і знешнеэканамічных сувязяў Венгрыі Петэр Сіярта. Пасля 20-га года такія высокапастаўленыя чыноўнікі Еўразвяза не былі ў Беларусі.
У якім статусе міністр прылятаў у Мінск – ці як кот, што гуляе сам па сабе; ці як пасланнік Еўрасаюза, ці ўвогуле сумясціў у сабе абедзве ролі? А можа, Венгрыя бачыць сябе новым адвакатам беларускага рэжыму?
Абмеркавалі гэтую тэму з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
– Венгрыя ставіцца да аўтарытарных рэжымаў досыць лагодна, і такіх пытанняў, як парушэнне правоў чалавека, палітычныя зняволеныя, для Венгрыі практычна не існуе. Таму гэтыя праблемы падчас візіту ў Мінск нават не падымаліся. Сіярта рабіў выгляд, што такой тэмы нават не існуе, што вельмі спадабалася Алейніку: на сумеснай прэс-канферэнцыі праблемныя пытанні для беларускага боку ўвогуле не ўздымаліся; наадварот, бакі падкрэслівалі, што ёсць магчымасці для супрацоўніцтва, хаця Сіярта і прызнаў, што яны вельмі абмежаваныя. Бакі дэманстравалі пазітыўны настрой.
Ці прыязджаў Сіярта як пасланнік Еўразвяза? Або перш за ўсё як венгерскі палітык? Думаю, хутчэй у другой ролі. Прыдумаць мы можам што заўгодна, але ў публічных заявах еўрапейская кампанента амаль адсутнічала: венгерскі бок падкрэсліваў нацыянальныя інтарэсы, і беларускі гаварыў пра нацыянальныя інтарэсы. А гаворка ішла пра двухбаковае супрацоўніцтва – эканамічнае супрацоўніцтва ды іншыя кантакты. На афіцыйных здымках сустрэч Сіярта з Чарвяковым і Алейнікам прысутнічаюць толькі беларускі дзяржаўны сцяг і сцяг Венгрыі – сцягоў Еўразвяза няма. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што мінулы візіт – хутчэй венгерскі праект, бо еўрапейская тэма амаль не гучала.
Але и двакатам рэжыму Лукашэнкі, думаю, Будапешт сябе не бачыць, адстойваць інтарэсы Мінска не жадае. Ён гуляе выключна эгаістычна і кіруецца ўласнымі мэтамі. Таму калі ў лукашэнкаўцаў ёсць такая надзея, што нехта з прычыны сімпатыі стане ім дапамагаць, то не дачакаецца.
У паводзінах Венгрыі нічога надзвычайнага няма: яна дыстанцуецца ад Еўразвяза і аддае перавагу нацыянальным інтарэсам. Венгерскі бок адмыслова вынес за дужкі ўсе праблемныя пытанні для Мінска, якія ўздымае Еўразвяз: і палітзняволеныя, і парушэнне дэмакратычных правоў, і санкцыі. Калі ішла гаворка пра знешнюю палітыку, то гаварылі пераважна пра вайну ва Украіне.
Тут дыстанцыя ад Еўропы відавочная, нават на сімвалічным узроўні. Гэта, аднак, не выключае, што ў будучыні Венгрыя будзе прадаваць кантакты з Мінскам (відаць, паміж бакамі ўсталяваліся досыць добрыя адносіны) Бруселю ў якасці палітычнага капіталу: вам нязручна весці размовы з Мінскам, дый асабліва не атрымаецца, а вось мы зможам. Калі давядзецца вырашаць нейкія пытанні з Мінскам, то мы гатовыя стаць пасярэднікам. Палітычную вагу на будучыню можна такім чынам падвысіць.
У рыторыцы Сіярта таксама нічога надзвычайнага не знаходжу: венгры паўтараюць гэтыя наратывы ўжо год, а ў дачыненні да Беларусі гаварылі ўжо раней (санкцыі дрэнна, лепш весці дыялог, а для дыялогу патрэбныя кантакты). Дарэчы, Сіярта сустракаўся з Макеем напрыканцы 21-га года, тое, што ён тады казаў пра адносіны з Беларуссю, не асабліва адрозніваецца ад сённяшняй рыторыкі.
Трэба разумець прынцыпы знешняй палітыкі Венгрыі: яна вельмі гучная ў тым сэнсе, што адрозніваецца ад палітыкі іншых краінаў Еўразвяза,пра што адкрыта заяўляюць. Прычым вельмі гучна падкрэсліваюць: санкцыі ім не падаюцца, не падабаецца, што Украіне пастаўляюцца ўзбраенні, і гавораць, што трэба вельмі хутка знайсці выйсце, якое прывядзе да заканчэння вайны; яны заўсёды падкрэсліваюць, што інтэграцыя Украіны ў Еўразвяз не будзе хуткай; яны выступаюць за працяг сувязей з Масквой; яны вельмі цесна супрацоўнічаюць з Кітаем. Усё гэта прысутнічае, і найперш рытарычна яны падкрэсліваюць свае асаблівасці. Але калі гаворка даходзіць да справы, калі за зачыненымі дзвярыма прымаюцца рашэнні, дык там Венгрыя паводзіць сябе больш канструктыўна. Звычайна гэта выглядае так: Венгрыя пагражае заблакаваць тое ці іншае рашэнне – на публіку, а калі прэса знікае і пачынаюцца канструктыўныя перамовы, то з Орбанам і Сіярта можна дамовіцца. А тая незалежнасць, якую Сіярта імкнуўся прадэманстраваць у Мінску, існуе хутчэй за ўсё толькі на словах.
– Ці варта разглядаць гэты візіт як разведку боем? Ці сапраўды мэта гэтага візіту – даведацца, што Лукашэнка можа прапанаваць Еўразвязу дзеля зніжэння ваеннай напружанасці?
– Ізноў мы вяртаемся да версіі, што Сіярта паслалі на разведку: маўляў, мы сабе такую сустрэчу дазволіць не можам і асабліва не жадаем, калі хочаш – з’ездзі і паразмаўляй. Але я не думаю, што Еўрасаюзу спатрэбіўся такі пасланнік. Усе прапановы Мінска ў любым выпадку ідуць па дыпламатычных каналах. Шчыра кажучы, я не думаю, што Сіярта – той чалавек, якому Еўразвяз мог даверыць такую функцыю. Бо стаўленне да венграў у Еўразвязе досыць спецыфічнае. Калі б гаворка ішла пра прадстаўніка іншай краіны (Кіпра ці Партугаліі, напрыклад), то тады можна было б падумаць: сапраўды маглі паслаць.
Так, Сіярта падрыхтаваны дыпламат, адукаваны, з вялікім вопытам, але не пасуе ён на ролю пасланца Еўразвяза. Думаю, у Бруселі, у Берліне, у Парыжы і без таго дакладна ведаюць, што можна чакаць ад беларускага рэжыма.
Магчыма, пасля мінскіх перамоваў Сіярта ў размовах з еўрапейскімі калегамі будзе паказваць: маўляў, я ездзіў не толькі дзеля сваёй краіны, але і дзеля вас. Але каб Мінск захацеў перадаць сігнал Еўразвязу, не абавязкова было запрашаць Сіярта, а калі б еўрапейскі бок пажадаў даведацца пра планы беларускага рэжыма, не абавязкова было засылаць менавіта гэтую фігуру.
– То бок, Будапешт па прыкладу афіцыйнага Мінска пераследуе выключна свае шкурныя інтарэсы (напрыклад, адшчыкнуць кавалак славы ад пірага міратворцы), але можа прадаць гэтую паездку Еразвязу, калі такая магчымасць падвернецца?
– Так. Але праблема ў тым, што Украіна ні Сіярта, ні Орбана ўвогуле не разглядае сур’ёзна, у Кіеве яны персоны нон грата. Іх там не жадаюць бачыць. Праблемы ва ўзаемаадносінах тлумачацца не толькі сувязямі Венгрыі з Расіяй, але і імкненнем інструменталізаваць праблему венгерскай меншасці ва Украіне. Яны гэта робяць таксама і ў Румыніі, і ў Славакіі. Гэта тыповая палітыка Орбана – імкненне замацаваць сувязі з венграмі, якія жывуць па-за межамі краіны. Таму ў якасці перамоўцаў яны не ўспрымаюцца, хаця самі сябе і праноўваюць: Лукашэнка сябе прапануе, Орбан – сябе. Прычым апошні прапануе больш стрымана: ён палітык спрактыкаваны, з вопытам, ведае, якія чырвоныя рысы можна пераступаць, а якія не дазволена.
Што цікава: публічнай сустрэчы Сіярта з Лукашэнкам не было. Так што тут пытанне не ў статусе: Лукашэнка сустракаецца з фігурамі, чый статус куды ніжэйшы: хто б з Расіі ні прыехаў, ён сустракаецца з усімі, у тым ліку і з Лаўровым. Калі б прыехаў міністр замежных спраў Казахстана, напэўна, Лукашэнка і з ім сустрэўся б, і з міністрам замежных спраў Азербайджана. А тут упершыню з 20-га года прыязджае сапраўдны міністр замежных спраў з краіны-члена Еўразвяза, сустракаецца з Алейнікам і з Чарвяковым (Сіярта адначасова адказвае не толькі за знешнюю палітыку, але і за знешнеэканамічныя кантакты), а сустрэчы з Лукашэнкам няма, прынамсі афіцыйнай сустрэчы. Таму версія, што Сіярта быў накіраваны ў якасці пасланніка, не вытрымлівае крытыкі. На Захадзе дакладна ведаюць: праблемы ў Беларусі вырашае не Алейнік, ён фігура тэхнічная. А сустрэчы з Лукашэнкам не было. Прынамсі публічнай.
Чаму? Мне здаецца, Венгрыя хоць і правакуе, але дзейнічае асцярожна. Сустрэча не толькі з тэхнічнай фігурай – Алейнікам, але яшчэ і з Лукашэнкам магла б прывесці да скандалу. Адначасова, знаходзячыся ў Мінску, мела сэнс сустрэцца з Лукашэнкам, каб празандзіраваць яго пазіцыю. І гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што гэты візіт – выключна беларуска-венгерская справа.
А лукашэнкаўцы ў любым выпадку паспрабавалі прадаць візіт Сіярта як мага даражэй.
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…