TOP

Аляксандр Фрыдман: Уплыў Ціханоўскай на Захадзе я б не стаў перабольшваць

Захад выбудоўвае сваю стратэгію і палітыку адносін з Беларуссю зыходзячы са сваіх асабістых інтарэсаў.

17 лютага Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

«Беларусь не павінная заставацца праблемай, якую мы будзем вырашаць потым. Ад Беларусі залежыць бяспека ў рэгіёне і ва ўсёй Еўропе залежыць. Менавіта таму мы зараз ствараем міжнародную кааліцыю за незалежную Беларусь. Неабходна спыніць паўзучую гібрыдную акупацыю Беларусі Расеяй», – заявіла на форуме Святлана Ціханоўская.

Беларускі палітык сустрэлася з канцлерам Германіі Олафам Шольцам, падчас якой прапанавала выпрацаваць новую стратэгію ў абарону беларускай незалежнасці.

Таксама Святлана Ціханоўская з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета правяла сустрэчу з кіраўніком канцылярыі Шольца Вольфгангам Шмідтам. Яны абмеркавалі будучыню бяспекі і агульную стратэгію ў рэгіёне, дзе Беларусь – адзін з ключавых элементаў бяспекі.

На сустрэчы таксама гаварылі пра канцэпцыі кааліцыі ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Ціханоўская папрасіла Германію стаць адным з лідараў такой кааліцыі, каб выступіць гарантам мірнага пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі, вываду расійскіх войскаў, распрацоўку плана адбудовы Беларусі і плана Маршала для нашай краіны.

У час, калі Ціханоўская сустракалася з еўрапейскімі лідарамі, Лукашэнка справаздачыўся перад Пуціным, што “ўсе ваенныя дамоўленасці выкананыя на 100%, нават болей”.

Што азначае сам факт прысутнасці Святланы Ціханоўскай на Мюнхенскай канферэнцыі? Як Захад успрымае як заклікі і прапановы?

Абмеркавалі гэтыя патынні з гісторым, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

– Для Ціханоўскай – пасля шэрагу публічных скандалаў і канфлікту з Пазьняком, пры адсутнасці поспехаў у адносінах з Украінай – паездка на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы і сустрэчы там безумоўны поспех.

Мы бачылі відэа з Шольцам – атрымаўся добры піяр. На відэа бачна, як Ціханоўская стаіць і размаўляе з Шольцам, праўда, пра што гаворка – не чуваць; можа, гэтая размова цягнулася толькі хвіліну-дзве, але ў любым выпадку яны паразмаўлялі. І гэта поспех: Ціханоўская прысутнічае на Мюнхенскай канферэнцыі, з ёй размаўляюць, яна ўспрымаецца як прадстаўніца Беларусі, яна агучвае сваю пазіцыю. Ціханоўская і яе атачэнне жадаюць такім чынам прадэманстраваць, што ўся крытыка на яе адрас, усе размовы пра неабходнасць яе замены (вядомыя размовы пра тое, што час Ціханоўскай выйшаў), недарэчныя. Пазьняк быў у Бахмуце, з ім сустракаюцца, з ім супрацоўнічаюць каліноўцы, а мы тут з Шольцам, Макронам, Урсулай фон дэр Ляйен и Камілай Харыс у адной кампаніі, глядзіце, на якім мы палітычным узроўні.

Гульня на знешнепалітычным полі ў Ціханоўскай атрымліваецца досыць добра: яе прымаюць, з ёй размаўляюць, дазваляюць рабіць фота і відэа. Знешнепалітычны капітал – галоўны капітал Ціханоўскай, так, напэўна, і застанецца.

Наколькі сур’ёзна ўспрымаюцца яе заявы? Думаю, яны фіксуюцца, Захад, заходнія лідары адзначаюць яе пазіцыю. Але адначасова выдатна разумеюць, што сур’ёзнага ўплыву на сітуацыю ў Беларусі ў Ціханоўскай няма і быць не можа ў сённяшніх умовах. Яны таксама ведаюць, што іх уласныя магчымасці на паўплываць сітуацыю ў Беларусі вельмі абмежаваныя.

Захад выбудоўвае сваю стратэгію і палітыку адносін з Беларуссю зыходзячы са сваіх асабістых інтарэсаў і магчымасцяў. Калі супадаюць – усё атрымліваецца, калі не – тады не атрымліваецца. Беларускія дэмакратычныя сілы (офіс Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет) робяць стаўку на санкцыі і санкцыйны ціск, а Захад уводзіць санкцыі супраць Лукашэнкі тады, калі палічыць патрэбным, а не калі гэтага патрабуе беларуская апазіцыя.

Таму ўплыў Ціханоўскай я б не стаў перабольшваць.

– Які падыход да афіцыйнага Мінска пераважае на Захадзе цяпер – працягваць санкцыйны ціск ці ўсё ж спрабаваць выцягнуць краіну з расійскай арбіты ўплыву?

– Я думаю, на Захадзе няма ілюзій, што падчас кіравання Лукашэнкі Беларусь можна выцягнуць з-пад расійскага ўплыву. Няма даверу. Захад ведае, што Лукашэнка не хоча ваяваць, але разам з тым ніхто не перабольшвае яго самастойнасць. То бок, Лукашэнка ў значнай ступені ўспрымаецца як марыянетка – які сэнс у такім выпадку з ім гаварыць? Пагаршаць сітуацыю, кідаць яго яшчэ ў больш моцныя абдымкі Расіі няварта – заходнія краіны гэтага і не робяць. Але ў асноўным з ім размаўляюць мовай пагрозаў, мовай санкцый і  папярэджванняў.

На Захадзе прадстаўленыя розныя пазіцыі. Тая ж Польшча і краіны Балтыі настроены больш сур’ёзна і жорстка, яны лічаць, што Лукашэнка не мае ўжо ніякай самастойнасці, таму трэба выкарыстоўваць пераважна жорсткія метады. У Заходняй Еўропе да гэтага ставяцца больш стрымана, але нейкага імкнення да дыялогу з ім не назіраецца. Венгерскі кейс, як бачыцца з вышыні сённяшняга дня, – прыватная ініцыятыва, якая нічым сур’ёзным не скончылася. Сіярта мусіў нават тлумачыць, чаму ён пабываў з візітам у Мінску. І заявіў, што паехаў у Беларусь, каб папярэдзіць Лукашэнку (Сіярта выказаўся больш дыпламатычна: не папярэдзіць, а папрасіць беларускія ўлады) не рабіць рэзкіх крокаў да яшчэ большага ўцягвання ў вайну і яе пашырэння.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.