Візіт Лукашэнкі ў Іран: любоў ці разлік?
Тэгеран уяўляе вялікі інтарэс для Мінска з пункту гледжання эканамічнага, палітычнага і ваеннага супрацоўніцтва. Аднак там прымаюць беларусаў не з-за вялікай любові, а з-за адсутнасці іншых высокіх гасцей.
Лукашэнка збіраецца завітаць туды ў сярэдзіне сакавіка на запрашэнне іранскага прэзідэнта. Пра гэта беларускі кіраўнік сказаў на сустрэчы з паслом Ірана ў Беларусі Саідам Яры 21 лютага.
“…сітуацыя, якая складваецца ў свеце і вакол Ірана і Беларусі, на шчасце, прымушае нас быць бліжэй і шукаць тыя формы супрацоўніцтва, якія сёння запатрабаваны», – адзначыў беларускі кіраўнік.
Узровень тавараабароту паміж дзвюма краінамі ён ацаніў як нармальны, але хацеў бачыць «больш аб’ёмным». «Нам трэба пераходзіць ад простага гандлю да кааперацыі. Трэба ў Іране і ў Беларусі ствараць сумесныя вытворчасці».
Была выказана зацікаўленасць наконт сумеснага праекта Расіі, Азербайджана, Ірана па будаўніцтве чыгуначнага і аўтамабільнага пуці Поўнач-Поўдзень. Аб гэтым, у прыватнасці, ішла размова на сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным.
Візіт не здзіўляе: Іран, як і Лукашэнка, падтрымлівае вайну, якую Расія вядзе ва Украіне, абедзве краіны абкладзеныя заходнімі санкцыямі, дыктатуры правяць там і там.
Палітычны аглядальнік, гісторык Аляксандр Фрыдман па нашай просьбе адзначыў асаблівасці аб’яўленага візіту.
– Іран – краіна-ізгой, дзе кіруе блізкі па духу палітычны рэжым: радыкальна антызаходні, падтрымлівае Расію і мае вялікі эканамічны патэнцыял. Іран ўяўляе сур’ёзны інтарэс з пункту гледжання эканамічнага, палітычнага і ваеннага супрацоўніцтва. Іран дзяржава-ізгой, але моцная дзяржава, якая адыгрывае важную ролю на Бліжнім Усходзе, яна працуе над ядзерным праектам і, відавочна, у будучыні займее ядзерную зброю. Так што візіт у Іран куды важнейшы, чым паездка ў Зімбабвэ, Азербайджан ці іншыя падобныя краіны.
Іншая справа, што іранцы прымаюць Лукашэнку, бо яны ізаляваныя, туды ніхто не ездзіць з-за вельмі дрэннай рэпутацыі. Іншых візіцёраў няма, а трэба ж паказваць, што краіна не ў поўнай ізаляцыі, што час ад часу нават туды нехта заглядвае.
Мы маем справу з “эфектам Зімбабвэ”: для гэтай афрыканскай краіны візіт высокага мінскага госця ўвогуле фантастыка – кіраўнік еўрапейскай краіны! Іран жа прымае нават ізгояў, каб паказаць, што дзяржава не цалкам ізаляваная.
Лукашэнка едзе ў Іран не толькі за супрацоўніцтвам. Канешне, можна сабе ўявіць выраб іранскіх дронаў у Беларусі. Але гэтыя планы актуальныя на перспектыву, іх немагчыма рэалізаваць заўтра-паслязаўтра.
Цікава, што абвестка пра паездку ў Іран з’явілася загадзя, і нават названая прыкладная дата – сярэдзіна сакавіка. Абсалютна непрадказальна, як далей будзе развівацца вайна ва Украіне цягам бліжэйшых тыдняў: пойдзе ці не пойдзе Расія ў чарговы наступ, ці пачне Украіна контрнаступ. А Лукашэнка адкрытым тэкстам кажа, што з’ездзе з Беларусі ў сярэдзіне сакавіка. Я не думаю, што гэта мэсыдж накіраваны насельніцтву: я з’язджаю, значыць, усё будзе нармальна. Але ягоныя планы сведчаць за тое, што ў гэты час (да сярэдзіны сакавіка) хада вайны ва Украіне істотна не зменіцца, не адбудзецца ніякіх рэзкіх паваротаў. Лукашэнка паказвае, што ягоная прысутнасць у Беларусі будзе неабавязковая. Бо калі б чакалася нейкае абвастрэнне: і на мяжы з Польшчай, і на мяжы з Літвой – а тым больш на мяжы з Украінай – патрабавалася б прысутнасць першай асобы ў Беларусі.
А Лукашэнка паляціць у Іран яўна не адзін дзень: апошнім часам, калі ён кудысьці выбіраецца, то дадому не спяшаецца. А тут – у такі момант, так далёка, у рэгіён, дзе становішча і так напружанае (паміж Ізраілем і Іранам, дый пратэсты ў самым Іране дагэтуль не скончыліся).
Усё гэта паказвае: па-першае, Лукашэнка пачувае сябе па-ранейшаму ўпэўнена, а па-другое, ён перакананы, што за гэты час у Беларусі нічога надзвычайнага не здарыцца. Прычым свае планы абвесціў не Галоўчанку ці Алейніку, а паслу Ірана: калі сёння ён кажа, што паедзе, а праз тыдзень, без сур’ёзных абгрунтаванняў абвесціць, што адмяняе візіт, то гэта будзе выглядаць вельмі недарэчна, Ірану тое вельмі не спадабаецца.