TOP

Віталь Цыганкоў: Пакуль Расея лічыць сябе «пакрыўджанай» — вайна будзе працягвацца

Расейская прапаганда асядлала заходні наратыў “прыгнёту” і “паліткарэктнасці”. І калі вы раптам займаецеся такой наіўнай рэччу, як планаванне ўласнага жыцця – то вось вам мой невялікі прагноз. Нават не прагноз, а хутчэй, аналіз, ці развагі ўслых.

У той ці іншай форме вайна Расеі супраць Украіны будзе ісці даволі доўга. Як мінімум – столькі, колькі ва ўладзе знаходзіцца Пуцін.

Перш за ўсё таму, што гэта не столькі вайна Крамля супраць Украіны. Гэта вайна Расеі супраць усяго варожага Захаду, супраць няправільнага светаўладкавання. А паколькі так – то няма ніякай канкрэтнай кропкі, у якой Расея можа сказаць, што яна дасягнула сваёй мэты, «перамагла». Няма ніякай кропкі, у якой яны скажуць «вось цяпер мы задаволеныя, можна заканчваць». Адсюль такое рознагалоссе ў абвяшчэнні канчатковых мэтаў – адны мядзведзевы кажуць пра Кіеў, другія пра Львоў, трэція – пра Берлін.

Пабудаваная прапагандысцкая схема, якая нармальным людзям падаецца дзікай і алагічнай, але добра заходзіць, як выглядае, большасці цяперашнім расейцаў – «Мы не напалі, мы сябе абараняем». Бо вакол жа ворагі, якія рыхтуюцца Расею разваліць.

Таму напад Расеі на любога суседа на Захадзе – гэта не напад, гэта проста “абарона” Расеі ад ворага.

У гэтым сэнсе цікава, як не супадаюць унутраныя і знешнія тлумачэнні расейскай вайны. Ва Украіне і на Захадзе агрэсію Расеі тлумачаць выключна як праяву расейскага імперыялізму і новага каланіялізму.

Але ж самі расейцы – па ўсяму відаць, шчыра – успрымаюць гэта зусім па-іншаму. Яны ўспрымаюць сябе несправядліва пакрыўджанымі і прыніжанымі, лічаць, што іх інтарэсы ігнаруюць «сильные мира сего» і яны, расейцы, проста хочуць вярнуць тое, што ім належала.

Пакрыўджанасць, рэсэнтымент. Вось асноўны матыў. Матыў, які добра «прадаецца» ў сённяшнім свеце. Матыў, якія мае «легітымнае» права на існаванне, да якога абавязаныя прыслухоўвацца, які нельга ганіць і ігнараваць.

Гістарычная, расавая, сацыяльная ці іншая крыўда – галоўны прынцып сённяшняй паліткарэктнасці, які расейская прапаганда з поспехам узяла сябе на ўзбраенне.

Пакрыўджаным і прыгнечаным усё можна. «Што, па-вашаму, добра ўмеюць белыя людзі?» – пытаюцца ў адным відэароліку. «Забіваць, гвалціць, красці, маніпуляваць, прысвойваць чужое», – адказваюць чарнаскурыя людзі ў гэтым роліку.

Гэтак публічна выказвацца – можна (але толькі пра белых, пра іншых — нельга). Бо больш няма ніякіх агульных правілаў, няма ніякага “два плюс два чатыры” – цяпер важна найперш тое, якой ты расы, пола і паходжання. Калі Black lives matter граміла амерыканскія гарады, рабавала крамы – то ў некаторых артыкулах у прэсе гучала, што яны маюць на гэта права, бо яны гістарычна прыгнечаныя.

Памятаю, неяк з адным журналістам (мы з ім недзе з 2014 не кантактуем, бо ён стаў пуціністам) абмяркоўвалі паліткарэктнасць. Я казаў, што нельга мірыцца з гэтай цэнзурай, бо яна размывае паняцце «праўды», «справядлівасці», «рацыі ў канфлікце» – і пакідае толькі паняцце больш “прагрэсіўных” (бо «прыгнечаных») сацыяльных, расавых і гендарных груп, якія апрыёры ва ўсім маюць рацыю. А ён і кажа – -«не, не трэба з паліткарэктнасцю змагацца, ёй трэба карыстацца».

І я бачу, як расейскае кіраўніцтва і прапаганда навучылася гэта рабіць. Яшчэ задоўга да вайны любую крытыку паводзінаў Масквы яны называлі «русафобіяй» – «вы нас не любіце за тое, што мы іншыя, не такія, як вы», «у нас проста свае каштоўнасці, а вы іх не хочаце іх успрымаць», «Захад нас разваліў і абрабаваў, мы маем права вярнуць сваё».

Часам людзі выказваюць здзіўленне, чаму сённяшняя расейская прапаганда на Захадзе, у адрозненні ад савецкіх часоў, мае пэўны ўплыў? Ды таму, што яны выкарыстоўваюць наратывы і тэмы ў рамках добра зразумелай на Захадзе ідэйнай каляіны паліткарэктнасці, «змагання за справядлівасць» і супраць «прыгнёту». Крэмль жа не кажа, што мы нешта заваёўваем, як пошлыя імперыялісты.

Крэмль кажа – мы вяртаем сваё, адабранае ў нас імперыялістамі ЗША, вызваляем людзей ад прыгнёту нацыяналістаў і алігархаў.

І гэта знаходзіць водгук у краінах глабальнага Поўдня, дзе людзі незадаволеныя панаваннем Захаду і адчуваюць сябе «прыгнечанымі» ім (а заходнія левыя ім пра гэта ўсе вушы пражужжалі).

Гэта знаходзіць водгук і ў тых колах і сацыяльных групах (у тым ліку кансерватары, прамысловыя рабочыя), якія таксама ўспрымаюць сябе «прыгнечанымі» цяперашнімі новымі гаспадарамі жыцця з іхнымі незразумелымі правіламі.

Вы ўжо можаце не памятаць, але калі пачалася агрэсія Расеі ў Данбасе ў 2014 годзе, то на Захадзе адбываліся мітынгі крайне левых, феміністак у падтрымку мірных грамадзянаў Данбаса, якіх прыгнятаюць украінскія нацыяналісты.

Ды і зараз, вясной 2022 году было некалькі калектыўных лістоў нямецкіх левых інтэлектуалаў, якія заклікалі не прадаваць зброю Украіне і фактычна заклікалі яе здацца.

А ў ЗША супраць дапамозе Украіне выступаюць некаторыя кансерватары-рэспубліканцы, самыя недалёкія з якіх успрымаюць Пуціна як гэткага барацьбіта з ліберальным парадкам.

Схема ж аднолькавая. Для кагосьці ўсе белыя – ворагі. Для кагосьці ўсе мужчыны проста як від – прыгнятальнікі і ворагі. А для кагосьці ўвесь Захад вораг – проста за факт свайго добрага стану. І «мы», як прыгнечаныя і пакрыўджаныя, маем права з імі змагацца – любымі сродкамі.

Заўважце, рускія ў масавай свядомасці не хочуць Захад неяк змяніць, «выправіць» – не, яны хочуць наступнага: «хутка Эўрасаюз разваліцца», «хутка ў ЗША будзе грамадзянская вайна», «канец долару». Карацей, «кирдык вашей Америке».

І пакуль расейская кіраўніцтва і грамадства жыве ў гэтых наратывах прыгнечанасці, пакрыўджанасці і жадання рэваншу – вайна будзе працягвацца.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.