Кітай можа стаць дадатковым фактарам захавання і стабілізацыі беларускага рэжыма і дасць яму дадатковыя козыры ў саюзных гульнях з Крамлём.
28 лютага-2 сакавіка беларускі кіраўнік наведае з дзяржаўным візітам Кітайскую Народную Рэспубліку.
Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца са старшынём КНР Сі Цзіньпінам, а таксама правядзе шэраг сустрэч з вышэйшымі службовымі асобамі, кіраўніцтвам вядучых кітайскіх карпарацый.
Пра візіт стала вядома адразу пасля кітайскага “мірнага плана” па вайне ва Украіне.
Ці звязаныя між сабой гэтыя падзеі? Якая роля адводзіцца Беларусі ў рэалізацыі кітайскага “мірнага плана”? А кім бачыць сябе сам Лукашэнка?
Пра гэта мы пагутарылі з палітычным аглядальнікам, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.
– 24 лютага Кітай абнародаваў “мірны план” па Украіне, а на наступны дзень Лукашэнка аб’явіў пра хуткі візіт у Кітай. Ці звязаныя між сабой гэтыя дзве падзеі?
– Лукашэнка захапляецца Кітаем, прычым захапляецца і палітычнай, і эканамічнай сістэмай. І гэта не проста словы, як мне падаецца, яму сапраўды даспадобы тое, што адбываецца ў Паднябеснай. Па-першае, захапленне шчырае, а па-другое – разлік: Кітай дзяржава моцная, супердзяржава. Хто яго ведае, якім стане свет у бліжэйшай перспектыве, магчыма, біпалярным: ЗША, Захад з аднаго боку і Кітай з другога. Хаця ёсць прагнозы, што Кітай увогуле будзе адыгрываць дамінантную ролю. Таму ўсе заляцанні да яго, спробы атрымаць падтрымку, уся рыторыка пра гатоўнасць Кітая падставіць плячо падкрэслівае, як важна Лукашэнку гэтае супрацоўніцтва, якія ў яго добрыя асабістыя адносіны з Сі Цзіньпінам. Гэта разлік: Лукашэнка бачыць, што адбываецца на фронце, што Крэмль не ў стане дасягнуць поспехаў, што Захад жадае паставіць Расію на месца і нават нанесці ёй паразу. Лукашэнка бачыць і разумее сітуацыю, таму візіт у Кітай дае яму дадатковы шанец.
Перад ягонымі вачыма прыклад Казахстана – Такаеў праводзіць такую ж палітыку. Праўда, там іншы кантэкст: агульная мяжа, таму куды больш моцны і культурны, і эканамічны ўплыў. І былая савецкая рэспубліка даўно зрабіла свой выбар: галоўны партнёр – Кітай, хаця адносіны з Расіяй і Захадам таксама важныя. Стаўка надала пэўную самастойнасць Такаеву і нават падвысіла яго статус. Мне падаецца, што Лукашэнка разглядае Такаева як прыклад паспяховай пабудовы адносін з магутнай дзяржавай.
Гэта агульны кантэкст сітуацыі. Але што мы бачым у нашым канкрэтным выпадку? Ужо на прэс-канферэнцыі замежным журналістам, перад паездкай у Маскву, чуем ад Лукашэнкі дыфірамбы на адрас Пекіна. Тады ўжо ведалі пра існаванне яго плана па вайне, але дакумент тады яшчэ не стаў важнай падзеяй, вось ніхто асабліва і не звярнуў увагу на рыторыку Лукашэнкі.
Напярэдадні абвяшчэння гэтага дакумента ў інтэрв’ю кітайскім СМІ ён сам сябе пераўзышоў: наколькі Кітай добры, наколькі Кітай моцны… Мы не ведаем, ці давялі да яго змест кітайскай стратэгіі: інтэрв’ю адбылося 23-га, а план апублікаваны толькі 24 лютага.
Пасля таго, як Кітай умяшаўся ў вайну са сваімі мірнымі ініцыятывамі, з ім усе хочуць размаўляць: і Зяленскі, і Макрон ужо абвесціў, што ў красавіку збіраецца наведаць Пекін, у Расіі даўно чакаюць візіту Сі Цзіньпіня. Усе імкнуцца сустрэцца і паразмаўляць з Сі Цзіньпінем, а хто першы туды едзе? Едзе Лукашэнка.
Гэты кантэкст для дэмакратычнага руху Беларусі вельмі непрыемны, але як ёсць: для рэжыма гэта значны палітычны поспех. Выглядае, што Беларусь, у сувязі з намерам Кітая ўмяшацца ў сітуацыю вакол Украіны, будзе адыгрываць больш сур’ёзную ролю. І выглядае пакуль так, што Кітай праяўляе зацікаўленасць у захаванні рэжыму Лукашэнкі, у яго стабілізацыі.
Пакуль усе падзеі сведчаць за тое, што Кітай можа стаць дадатковым фактарам беларускага рэжыма, а Лукашэнка, калі атрымае усебаковую падтрымку Кітая (пакуль тое і відавочна), то палепшыць сваё становішча ў кантактах з Масквой. Бо калі Пекін пацвердзіць прыхільнасць да захаваня беларускай незалежнай дзяржавы з Лукашэнкам на чале, то Расіі ў сённяшніх умовах стане куды цяжэй ціснуць на Лукашэнку.
Таму ён і выглядаў такім задаволеным, бо падобна на тое, што ў кітайскім плане Беларусі будзе адведзеная адпаведная роля.
Я б яшчэ звярнуў увагу на адну акалічнасць. Лукашэнка аб’явіў, што днямі размаўляў з Пуціным, хаця афіцыйнай інфармацыі пра такую размову не даў ні адзін з бакоў. Таму, магчыма, званок якраз і звязаны з будучым падарожжам у Кітай.
Гучаць розныя версія, праўда, на ўзроўні спекуляцый: маўляў, Расія не задаволена заляцаннямі Лукашэнкі да Кітая, таму для яго, магчыма, размова атрымалася непрыемнай; а магчыма, што і Расія збіраецца выкарыстаць яго як пасярэдніка, а ад Пуціна ен атрымаў нейкія наказы (парады).
І яшчэ адзін цікавы момант: расійскі план пра паглынанне Беларусі да 2030 года, які Лукашэнка не зусім абверг. У злітым плане гаворка ідзе пра дзве пагрозы: з боку калектыўнага Захада і з боку Кітая.
Аўтары гэтага плана паказваюць, што яны вельмі крытычна глядзяць на ўзмацненне кітайскага ўплыву на Беларусь. А кітайскі ўплыў вельмі патрэбны Лукашэнку. Кітай праводзіць прагматычны курс: ён жадае ўплываць на эканоміку, на агульны палітычны курс, але ж у Кітая няма памкненняў да паглянання Беларусі, да знішчэння беларускай незалежнасці.
У гэтым сэнсе Кітай для Лукашэнкі больш прыемная гісторыя, чым Расія. І Зімбабвэ, дзе нядаўна з візітам быў Лукашэнка, знаходзіцца пад вельмі моцным кітайскім уплывам: Кітай фактычна дамінуе ў зімбабвійскай эканоміцы, і рэсурсы Зімбабвэ ў значнай ступені знаходзяцца пад яго кантролем – і за гэта зімбабвійскі ўрад атрымлівае і эканамічную, і палітычную падтрымку з Пекіна.
– Кітай з’яўляецца саюзнікам Расіі, Іран падтрымлівае РФ узбраеннямі, але ніхто з іх не жадае афішыраваць наўпроставыя кантакты з Крамлём. Ці не ўгатаваная Беларусі роля ваеннага афшора, праз які Кітай і Іран будуць забяспечваць Крэмль ўзбраеннямі?
– Цалкам магчыма.
Давайце глянем, якія краіны ўключыліся ў пуцінскую кааліцыю: сама Расія, Паўночная Карэя, Іран, Беларусь, афрыканскія краіны (яны сур’ёзнай ролі не адыгрываць, але, магчыма, што і адтуль будуць набіраць наёмнікаў на вайну, з той жа Эрытрэі, Малі) і Кітай, які займае прыхільную пазіцыю да Расіі.
Вось цікава: Лукашэнка ў гэтай схеме зусім не адыгрывае нейкую другасную ролю. Хаця здавалася б, што такое Беларусь у параўнанні з Іранам ці Паўночнай Карэяй? У КНДР ёсць ядзерная зброя, у Ірана яна амаль ёсць, Кітай увогуле звышдзяржава. А што Беларусь? Маленькая краіна пад значным расійскім уплывам.
Аднак у рэчаіснасці ўсё не так проста. Зараз Лукашэнка ляціць у Кітай, прыём у Сі Цзіньпіна значна павысіць цікавасць да яго. Гэта тое, пра што ён марыць – стаць часткай сусветнай палітыкі, бо ён сам лічыць, што даўно перарос беларускі ўзровень і вырашае пытанні сусветнай палітыкі: зараз з Сі Цзіньпінам, у сярэдзіне сакавіка ў Іране будзе сустракацца з мясцовым кіраўніцтвам. Атрымліваецца,упрапуцінскім блоку іграе значную ролю. Яму хіба не хапае ў сакавіку нейкага візіту ў Паўночную Карэю. Але ў Сеуле не прынята запрашаць да сябе замежных палітыкаў…
А верагоднасць выкарыстання Беларусі ў якасці ваеннай базы пашыраецца. Схемы магчымыя самыя разнастайныя. Зараз ідзе гаворка, што некаторыя кітайскія прадпрыемствы могуць пастаўляць ваеную прадукцыю ў Расію, вядома, праз шэрыя схемы, а не наўпрост: Кітай-Іран-Беларусь-Расія ці Кітай-Беларусь-Расія. Пры неабходнасці выканаць брудную працу, а падстаўляцца пад заходнія санкцыі не хочацца, дык можна выкарыстаць і Мінск, якому больш нечага губляць.
– Прынята лічыць, што Мінск не хоча ўдзелу ў вайне. Аднак пасля 2020 года ён прыклаў максімум намаганняў, каб вайна пачалася: згадаем і міграцыйны крызіс, і незлічоныя расійска-беларускія ваенныя вучэнні, і прадастаўленне тэрыторыі расійскім войскам, і абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі. Менавіта вайна мацуе рэжым, і чым даўжэй яна працягнецца, тым больш ён пратрымаецца. То бок, галоўны інтарэс Мінска цяпер – зацягнуць вайну, пажадана без удзелу ў ёй беларускгаа войска? Ці гэтая версія выглядае дужа канспіралагічнай?
– Першая і галоўная тут мэта – не ўцягнуцца самім ў вайну, каб – пры нявыкрутцы – пакінуць магчымасць размаўляць з Захадам. Калі беларускае войска ўвойдзе ва Украіну, або калі вайна перакінецца на тэрыторыю Беларусі – для Мінска такі варыянт жахлівы.
Але гэта вельмі непрыемны сцэнар і для Еўразвяза, і для НАТА. Перамяшчэнне фронту вайны непасрэдна на межы Еўразвяза стварае яшчэ большыя пагрозы для Еўропы: вайна можа прыйсці на яе зямлю і перарасці ў сусветную.
Таму ў Мінска (пакуль такі сцэнар не рэалізаваны і яго можна выкарыстоўваць у якасці шантажу) ёсць пэўныя магчымасці націснуць на Захад і атрымаць такі жаданы дыялог. Магчымасць размаўляць з Захадам застаецца. Зараз размовы няма, бо няма пільнай патрэбы. Але згадайма міграцыйны крызіс: на піку абвастрэння Еўразвяз перакрэсліў свае прынцыпы і пайшоў на дыялог; Еўразвяз перамог, але ад размовы з Лукашэнкам не адмовіўся. Пасля пачатку “спецаперацыі” Макрон патэлефанаваў яму, бо Францыя не хацела, каб вайна перакінулася на Беларусь. Калі ўзнікне рэальная пагроза пашырэння баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі, з Лукашэнкам будуць размаўляць – пакуль будзе хаця б тэарэтычная магчымасць перадухіліць распаўзанне вайны.
Па-другое, Лукашэнка зараз можда атрымліваць рэальныя дывідэнды. Паколькі расійскія войскі знаходзяцца ў Беларусі, ён дапамагае расіянам, то можа ўзамен патрабаваць эканамічнай дапамогі – і сапраўды яе атрымлівае. Расія зацікаўленая зараз у захаванні стабільнасці на Беларусі з уласных мэтаў.
Цяпер на арэну выйшаў Кітай, які хоча замарозіць вайну на сваіх умовах, а Лукашэнка ўжо прасоўвае кітайскі план.
Ён апынуўся ў цудоўнай сітуацыі, пра якую марыў: можа нешта атрымаць ад Расіі, ад Кітая, а калі зусім пашанцуе, то нават паспрабуе дабіцца паслабленняў ад Еўразвяза і ЗША.
Лукашэнка зацікаўлены ў захаванні статуса-кво: сённяшняя сітуацыя ў прынцыпе яго задавальняе.
– Дачакаўся ідэальнага шторму…
– Не зусім ідэальны, бо не кантралюе сітуацыю з вайной. Прынята лічыць (хаця дакладна гэтага ніхто не ведае), што Крэмль цісне на яго, прымушае больш актыўна ўдзельнічаць, а ён супраціўляецца. Аднак, можа, Расія насамрэч цалкам задаволеная сённяшняй роллю Лукашэнкі і большага ад яго не чакае? Але калі ўявіць, што на яго сапраўды цісне Расія, то кітайскі мірны план стане дадатковым аргументам у кантактах з Крамлём: наш галоўны партнёр Сі Цзіньпінь жадае, каб вайна спынілася, дык як я магу пайсці супраць Кітая? Вы ў Расіі прыслухоўваецеся да Кітая, а што ж я магу тады?
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…