Пагром культуры. Частка І: судовая карусель
Беларускі ПЭН тры гады сістэмна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і выдае справаздачы з падрабязным аналізам сітуацыі. Чарговая падсумоўвае вынікі 2022-га. Яны падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц, а таксама з непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры.
Пра ўнікальны на постсавецкай прасторы дакумент гутарым з кіраўнічкай Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай.
– Сітуацыя не становіцца лепшай, хоць жыццё і непазбежна ўносіць свае карэктывы: так, сёлета за кошт уключэння настаўнікаў і выкладчыкаў замежных моў пашырылася мэтавая група, дадалася і новая тэма – «культура памяці». Адначасова ў агульнай статыстыцы парушэнняў мы перасталі ўлічваць вымушаны выезд дзеячаў культуры з краіны – з прычыны масавасці з’явы аднеслі яе да актуальных тэндэнцый.
Узровень рэпрэсій беспрэцэдэнтна высокі. Сярод палітычных зняволеных цяпер не менш за 108 дзеячаў культуры, і іх колькасць пастаянна расце, як і несправядлівых прысудаў. Дзясяткі, сотні нашых калег і сяброў прайшлі праз затрыманні і арышты, допыты, ператрусы і штрафы, калоніі і турмы.
Рэжым планамерна рэалізуе стратэгію задушэння іншадумства і свабоды слова. Адсюль палітычна матываваныя звальненні ў дзяржаўных установах, дзясяткі грамадскіх арганізацый прымусова ліквідаваны, праз татальную цэнзуру зачыняюцца клубы і арт-прасторы, незалежныя выдавецтвы пазбаўляюцца ліцэнзій, дыскрымінуецца беларуская мова – мова тытульнай нацыі, паралельна адбываецца пераслед нацыянальных меншасцяў і скажаецца гісторыя. Самацэнзура і ананімнасць унутры краіны, перанос прадуктаў беларускай культуры за мяжу – вось цяперашнія спробы яе захавання і выжывання.
– Як выглядае апісаная карціна ў лічбах?
– Усяго за год мы зафіксавалі 1390 крытычных сітуацый з дзеячамі культуры – фактычна па чатыры выпадкі на дзень. І размова не пра шарагоўцаў: бяздушна прэсуюць мясцовую і нацыянальную эліту, метадычна закатваюць пад асфальт парасткі разнастайных праяваў беларушчыны. У фокус нашай увагі трапілі 518 чалавек, 185 арганізацый і супольнасцяў…
Што тычыцца апошніх, то сярод іх 75 – гэта выпадкі прымусовай ліквідацыі, яшчэ столькі ж – пазапланавыя праверкі з боку Міністэрства юстыцыі, адмовы ў выдачы гастрольнага пасведчання, адмены мерапрыемства, загады аб прыпыненні дзейнасці, адмовы ў рэгістрацыі, прадпісанне аб закрыцці і да т.п. выпадкі.
– Арсенал прыёмаў і метадаў пераследу культурніцкага сектару шырокі. А якая менавіта пазіцыя ўзначальвае гэты карны рэйтынг?
– Трэці год запар Беларусь – краіна бесперапыннай судовай каруселі. І менавіта таму першы радок своеасаблівага “топа” займае пазбаўленне права на справядлівы суд – 382 выпадкі.
Працэсы на падставе крымінальных і адміністрацыйных спраў па так званых “палітычных матывах” ідуць ў рэжыме канвеера. У 2022-м 91 дзеяч культуры асуджаны адбываць пакаранне ў калоніі, папраўчай установе адкрытага тыпу «хіміі» або «хатняй хіміі». Часцяком пакаранне суправаджалася патрабаваннямі выплат і кампенсацый на карысць дзяржаўных органаў або «пацярпелых» супрацоўнікаў сілавых структур, канфіскацыяй маёмасці (у асноўным мабільных тэлефонаў і ноўтбукаў).
Таксама вядома пра 150 адміністрацыйных працэсаў у дачыненні да 106 дзеячаў культуры: іх асудзілі сумарна не менш чым на 1670 сутак арышту і абавязалі выплаціць 24 010 рублёў штрафаў (каля 9000 долараў ЗША).
– Маніторынг абвінавачвае ўлады у неадпаведнасці стандартам адпраўлення правасуддзя. Як тое выглядае на практыцы?
– Маніторынг фіксуе факты, але гэтыя факты сапраўды сведчаць пра злачынствы ўладаў. Беларускія судовыя працэсы ўражваюць шмат чым: і працягласцю ў некалькі хвілін, і тым, што яны звычайна праходзяць праз відэасувязь, са сведкамі міліцыянерамі пад псеўданімам, з суддзямі, якія адхіляюць большасць хадайніцтваў абароны…
– І што менавіта інкрымінавалі летась дзеячам культуры?
– У адміністрацыйным парадку тыповае абвінавачванне – пераважна за ўдзел у антываенных акцыях пратэсту, выкарыстанне беларускай (бел-чырвона-белай) або ўкраінскай сімволік. Тое кваліфікаваласвя як «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, пікетаванне».
Папулярным стаўся таксама пераслед за перапост матэрыялаў незалежных СМІ краіны – тут трактоўка такая: «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Калі не было магчымасці асудзіць затрыманага паводле гэтых артыкулаў, тады абвінавачвалі ў надуманым «непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі» або «дробным хуліганстве».
– Можаце прывесці прыклад?
– Вось вытрымка з аднаго з такіх пратаколаў, якія зрабіліся падставай для арышту музыкі на 14 сутак: «Падчас правядзення гутаркі, знаходзячыся ў службовым кабінеце, беспадстаўна пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, задзірліва, гучна крычаў, выкарыстоўваў нецэнзурную лаянку, наўмысна нанёс не менш чым адзін удар па крэсле, на заўвагі супакоіцца не рэагаваў»… Нахабная лухта, але з патрэбным, замоўленым судзілішчу вынікам.
– Гэткая з дазволу мовіць “вольнасць” фармулёвак – вынік закрытасці сістэмы правасуддзя?
– Так, праблема галоснасці вельмі актуальная. Нярэдка працэсы паводле адміністрацыйных спраў праходзілі без папярэдняга абвяшчэння даты, часу і месца слухання.
Адна з ужо звыклых практык крымінальнага працэсу – правядзенне судоў у закрытым рэжыме («у інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных таямніц і іншых падахоўных законам таямніц»), што не дазваляе сваякам, СМІ і зацікаўленай грамадскасці прысутнічаць у зале судовага пасяджэння і, як вынік, мець уяўленне пра сутнасць выстаўленых абвінавачанняў, пазіцыю бакоў і справядлівасць прысуду, а падсудных гэта пазбаўляе маральнай падтрымкі.
– Ці не завязана такая практыка на тое, каб узмацніць жорсткасць прысудаў і пры гэтым пазбегнуць магчымай хвалі грамадскага абурэння?
– Відаць, не столькі яны баяцца нашай цяперашняй рэакцыі, колькі думаюць пра магчымыя наступствы, калі пры скасаванні несправядлівых прысудаў “лішнія” сведкі могуць стаць вельмі небяспечнымі для тых, хто зараз ладзіць гэты жахлівы і нахабны канвеер…
– І ў гэтым сэнсе без таго складаная праблема прафесійнай прававой дапамогі ахвярам палітычнага пераследу становіцца яшчэ больш вострай?
– Так, на жаль. Паводле частаты парушэнняў яна займае чацвёрты радок рэйтынга – 168 выпадкаў у дачыненні да 119 дзеячаў культуры. Як і ў нашых ранейшых маніторынгах, адбываецца сістэматычнае парушэнне права на прававую дапамогу як у крымінальным, там і ў адміністрацыйным працэсе. Асноўны «аб’ём» зафіксаваных парушэнняў – практыка адміністрацыйных працэсаў, пры якіх роля адваката застаецца фармальнай.
Анармальна і тое, што нярэдка іх сустрэчы з падабароннымі практычна зведзены да некалькіх хвілін у месцах адбыцця пакарання.
– І пры гэтым над адвакатамі, што апякуюцца палітычнымі зняволенымі, вісіць дамоклаў меч у выглядзе пагрозы пазбаўлення ліцэнзій?
– Так, гэтая практыка працягваецца. За нібыта «сістэматычныя парушэнні закона» або «ў сувязі з немагчымасцю выканання адвакатам сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі» на працягу 2022 года не атэставалі за абарону дзеячаў культуры Юлію Юргілевіч (Алесь Пушкін), Марыю Калеснікаву-Гудзіліну (Эдуард Пальчыс), Віталя Брагінца (Уладзімір Мацкевіч, Алесь Бяляцкі), Уладзіміра Пыльчанку (Марыя Калеснікава, Эдуард Бабарыка, Кацярына Андрэева (Бахвалава)), Віктара Мацкевіча (Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Ігар Аліневіч, Алесь Бяляцкі).
Адно з наступстваў гэтага адкрыта нецывілізаванага працэсу – рост колькасці адмоў адвакатаў ад абароны палітзняволеных.
– Апеляцыйныя скаргі на відавочную несправядлівасць прысудаў падаюцца? Які іх лёс?
– Перагляду рашэнняў судоў няма. Нам вядомы толькі адзін выпадак, які зрабіўся выключэннем: у кастрычніку 2022 года Вярхоўны суд скараціў прысуд бібліятэкарцы Юліі Лаптановіч з 5 да 4 гадоў і 9 месяцаў і паменшыў амаль на 1000 рублёў суму штрафу (пры першапачатковых 7650) – вось такая адзінкавая “літасць”.
– Гэта на ўзроўні асоб, а што са спробамі абскарджання з боку ліквідаваных арганізацый?
– Ніводная з апеляцый (мы ведаем пра 4 такія выпадкі) не задаволена.