Першы афіцыйны візіт новай беларускай апазіцыі ў Злучаныя Штаты
21–28 сакавіка Святлана Ціханоўская наведае ЗША на запрашэнне Кангрэса. Яна правядзе сустрэчы ў Белым доме і Дзярждэпартаменце, выступіць ў Гарвардскім універсітэце і возьме ўдзел у розных экспертных пляцоўках.
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па замежных справах Валерый Кавалеўскі знаходзіцца ў ЗША і займаецца падрыхтоўкай візіту. Ён распавёў Снплюс пра задачы візіту.
– Гэта першы афіцыйны візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША пасля ліпеня 2021 года. Рыхтуецца досыць шырокая праграма палітычных сустрэч: і ў Кангрэсе, у Белым доме, у Дзярждэпартаменце. Пакуль не магу раскрываць падрабязнасці, таму што пэўныя моманты яшчэ патрабуюць пацвярджэння. Магу сказаць, што плануюцца перамовы з некаторымі міністэрствамі, праца якіх можа быць карысная для нас.
Самыя галоўныя тэмы і мэсэджы – беларускія дэмакратычныя сілы, беларускі народ сёння вымушаныя спраўляцца з двума крызісамі: палітычным у Беларусі і крызісам незалежнасці і суверэнітэту, што сталася вынікам палітыкі Лукашэнкі, які ўцягнуў нашую краіну ў вайну. Трэба новыя высілкі, новыя намаганні з боку міжнароднай супольнасці, каб дапамагчы беларускаму народу адстаяць сваю незалежнасць і вярнуць дэмакратыю ў Беларусь. Гэта дзве асноўныя тэмы запланаваных сустрэч.
Канешне, будзе шмат прапаноў па практычных справах: што мы можам разам зрабіць, каб дасягнуць пастаўленых мэтаў. Бо захаванне дэмакратычнай вольнай незалежнай Беларусі ў інтарэсах міжнароднай супольнасці, у тым ліку і Злучаных Штатаў. Мы будзем заклікаць да больш актыўнай падтрымкі намаганняў беларусаў. Безумоўна, гэта наша задача найперш, мы не просім нікога зрабіць за нас нашу працу, але нам патрэбная падтрымка. Гэтаксама, як Украіна сёння просіць падтрымкі ўсяго свету, патрабуе гэтай падтрымкі, так і мы маем права казаць, што нашая краіна знаходзіцца пад вельмі сур’ёзнай пагрозай. Свет павінен звярнуць на гэта ўвагу і дапамагчы там, дзе дапамога асабліва патрэбная.
– Але ці з’яўляецца Беларусь прыярытэтам знешняй палітыкі ЗША?
– Беларусь ніколі не з’яўлялася выразным прыярытэтам. Але пасля 2020 года наша краіна паднялася вельмі высока ў міжнародным парадку дня: мы гаворым і пра ўнутрыпалітычны крызіс, пра пратэсты, пра рэпрэсіі – усё гэта паказала, што беларусы з’яўляюцца еўрапейскім народам.
Пасля разгортвання паўнамаштабнай вайны супраць Украіны Беларусь застаецца ў гэтым парадку дня, але па іншых – кепскіх прычынах: я кажу пра падвоены крызіс, які часам зводзіць разам плюсы і мінусы. Але каб дапамагчы Украіне ў гэтай вайне, трэба ўлічваць і беларускі фактар: немагчыма проста перамагчы на паўднёвым усходзе Украіны і гарантаваць бяспеку Украіны. Для гэтага Беларусь павінна быць дэмакртычнай, павінна быць вольнай і еўрапейскай, і тады мы зможам казаць пра стабілізацыю сітуацыі ў рэгіёне.
Хоць Беларусь і не ў першым шэрагу праблем, але пра яе памятаюць, пра Беларусь думаюць: ніколі не надавалася столькі ўвагі і дзеянняў з боку Злучаных Штатаў у тым ліку, што мы назіраем за апошнія два з паловай гады, калі Беларусь паднялася супраць дыктатуры.
– Захаванне незалежнай Беларусі патрабуе новай праграмы падтрымкі. Ці трэба разумець, што дэмакратычныя сілы прапануюць новую праграму падтрымкі – больш шырокую і моцную, тут і цяпер?
– Безумоўна. Мы гаворым пра сённяшні дзень, але мусім думаць і пра будучыню: як яна будзе выглядаць, якім чынам беларусы забяспечаць пераход да дэмакратыі, як будуць захоўваць стабільнасць. Таму калі гаворым пра сённяшні дзень, то абавязкова заглядваем і ў будучыню. Мы маем пазітыўны прыклад Еўрапейскага Саюза, які зацвердзіў план дапамогі для дэмакратычнай Беларусі ў аб’ёме трох мільярдаў еўра. Гэтае пытанне пастаянна трымаем на парадку дня. Злучаныя Штаты, безумоўна, стануць адным з галоўных партнёраў, якія будуць падтрымліваць такія памкненні, рэформы, стабілізацыю – фінансавую, эканамічную, палітычную. Я ўпэўнены, што ЗША зацікаўленыя ў гэтым, ва ўсякім разе, яны раз за разам пацвярджаюць сваю прыхільнасць да дэмакратычнай незалежнай Беларусі. Павцвярджаюць сваю прыхільнасць не толькі словамі, але і дзеяннямі таксама.