Бяляцкі гаворыць пра нацыянальнае прымірэнне, падымае іншыя дыскусійныя тэмы не пад прымусам, а з-за сваёй інтэлектуальнай смеласці
Учора ў варшаўскім Музеі вольнай Белраусі адбылася прэзентацыя кнігі “Алесь”. Яна з’явілася дзякуючы выдавецтву “Полацкія лабірынты”, пад патранажам Беларускага ПЭНа і сталася фактычна мемуарамі нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага.
Фота Дар’і Роскач
Гутарым з лідаркай ПЭНа, каардынатарам рэдакцыйнай групы Таццянай Нядбай.
— Ад моманту з’яўлення ідэі кнігі і да яе рэалізацыі прайшоў месяц: праца пачалася неўзабаве пасля навіны пра тое, што Бяляцкі стаўся набеліянтам і была надрукаваная да цырымоніі ўзнагароджання ў Осла.
Алесь, знаходзячыся за кратамі, даў згоду на выкарыстанне раней напісаных ім тэкстаў, інтэрвію, дакументаў з асабістага архіва… Мы вельмі ўдзячныя таксама за дапамогу і спрыянне ягонай жонцы, Наталлі Пінчук. Наша каманда перапрацавала вялізны масіў інфармацыі і ўпарадкавала яго ў аўтабіяграфічна-мемуарным ключы.
Канечне, такая кампазіцыя патрабавала значнай рэдактуры, але ў цэлым гэта кніга і пра Алеся, і адначасова – кніга менавіта Алесева. Тут ягоны голас, літаратурны стыль, тут гісторыя сталення асобы, арганічна ўпісанай ў палатно найноўшай беларускай гісторыі. Бо Бяляцкі ад самага пачатку нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння канца 1980-х апынуўся ў эпіцэнтры палітычных, грамадскіх, літаратурных працэсаў.
Вельмі цікава пачуць ацэнкі эпохі не проста ад сучасніка, а – актыўнага яе ўдзельніка, уведаць не проста малавядомыя факты, але і дэталі, драбніцы закулісся таго часу з вельмі учэпістай, проста фенаменальнай памяці Алеся. У выніку маем не паўтор раней створанага, а – новы твор.
Сувядоўца імпрэзы Наталля Пінчук пачала вечарыну з цытавання мемуарнага фрагмента:
“…На грошы, заробленыя ў будаўнічым атрадзе, я выправіўся ў вандроўку па гістарычных мясьцінах Беларусі. Дзе на маршрутных аўтобусах, дзе «аўтастопам», дзе пехам. Уражаньняў было шмат. Галоўнае — беларуская мова жыве! У адрозьненьне ад цяперашняга часу, на ёй сапраўды размаўлялі ў вёсках і мястэчках, амаль паўсюль.
Пашанцавала пабываць і ў Мікалаеўшчыне, «родным куце» Якуба Коласа. Якраз набліжалася 100-годзьдзе песьняра, вось там і працавалі над нейкай адмысловай замовай мастакі. Самым актыўным зь іх быў Мікола Купава. Мяне ўразіла ягоная беларуская мова. Гэта і стала прычынай знаёмства.
Мікола спытаў:
— Як цябе завуць?
— Саша.
— Не, цябе завуць ня Саша, тваё імя — Алесь.
З таго моманту нашая мова, беларушчына, незалежная Беларусь сталі для мяне галоўным на ўсё астатняе жыцьцё”.
Сёньняшні Нобелеўскі лаўрэат вядомы перадусім як праваабаронца. Кніга ж паказвае шматвымернасьць ягонай асобы. Алесь Бяляцкі – гэта і літаратурны крытык, таленавіты публіцыст, дзеяч нацыянальнага і рэлігійнага адраджэння, палітык, філосаф, публіцыст, гісторык, мэнэджар…
Выступае амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі. Вялі сустрэчу Наталля Пінчук і Таццяна Нядбай. Фота: Reform.by.
Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі у прыватнасці зазаначыў:
– Бяляцкі – гэта ікона Беларусі. Алесь праз сваю нобелеўскую ўзнагароду сказаў усяму свету, што адбываецца з яго краінай. Ён гаворыць пра гэта і ў сваёй кнізе… Ёсць такая надзея і ў мяне, і ў шматлікіх беларускіх сэрцах жыве надзея, што Беларусь будзе незалежнай дзяржавай, а значыць – нам, нашым народам-суседзям не трэба ніякіх муроў. І так будзе.
Словы салідарнасці з палітзняволенымі, дэмакратычнай Беларуссю выказалі былы дырэктар Польскага інстытуту ў Мінску Цэзары Карпіньскі, былая кіраўнічка Хельсінкскага фонда правоў чалавека ў Варшаве Данута Пшывара, супрацоўніца гэтага фонда Вольга Саламатава.
Вядомы польскі сябра Беларусі і даўні калега Алеся Бяляцкага Лукаш Бырскі:
– Каб зараз можна было праз нейкі зум пагаварыць з ім, я б сказаў Алесю: атрымаў тваю кніжку – уражвае глыбіня, але не паспеў прачытаць да канца, як ты – трыста тамоў сваёй крымінальнай справы. Розніца, аднак, у тым, што ў той “справе” лухта, а ў тваіх радках гістарычная праўда. Я чытаю цябе і адчуваю – гэта размова пра тое, як сцежка спачатку паступова пераўтвараецца ў вузкую, звілістую сцежку, потым небяспечную дарожку, а далей – ужо бальшак… З якога не звярнуць. Сапраўды, дэмакратыя складана прыжываецца ў свеце, але як і ты – веру: яна пераможа, і ты хутка будзеш на свабодзе.
А вось што сказаў на прэзентацыі супрацоўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” і каардынатар кампаніі супраць смяротнага пакарання Андрэй Палуда:
– Я маю гонар быць паплечнікам Бяляцкага ў праваабарончай дзейнасці – ён маральны і прафесійны прыклад для ўсіх нас. Таму “Вясна” і працягвае дзейнічаць, працягвае рабіць ягоную справу, хоць Алесь і некалькі нашых калег апынуліся за кратамі.
Шмат чаму вучыўся ў яго – гэта настаўнік з вялікай літары.
Калі пачалася вайна ва Украіне, я быў якраз там. І эмацыйна вырашыў застацца, дапамагаць суседзям у вырашэнні гуманітарнага крызісу. Але ў пэўны момант зразумеў: усё, што мог і магу аддаць Украіне, – аддаю, але – чаму не Беларусі? Алесь казаў: трэба ўвесь час любіць Беларусь, трымаць яе ў фокусе, жыць у ёй. І ён гэта працягвае рабіць – жыве там, і голасам сваім – зараз з-за кратаў, сваім лёсам жывіць нашую Радзіму.
Публіцыст Віталь Цыганкоў падсумаваў:
– Алесь Бяляцкі – чалавек не тунэльнага мышлення, а філосаф з шырокім светапоглядам. Мы нярэдка сустракаем людзей з «тунэльным мышленнем» на самых розных узроўнях, калі чалавек глядзіць на свет выключна з інтарэсаў сваёй прафесіі, сваіх палітычных поглядаў, сваіх інтарэсаў
Бяляцкі – не зацыклены на чымсьці адным, шырыні ягоных поглядаў, безумоўна, спрыяе тое, што ён не толькі праваабаронца, але і пісьменнік, палітык (у 90-я), падпольшчык (у 80-я).
І ён заўсёды разумеў, што ў нашых канкрэтных умовах барацьба за правы чалавека – гэта і барацьба за нацыянальную ідэнтычнасць, за права быць самім сабой, беларусамі. Але змаганне за нацыянальныя каштоўнасці Бяляцкі заўсёды праводзіў праз узвышэнне свайго, а не прыніжэнне іншага, суседскага.
У дзейнасці “Вясны” мне заўсёды падабалася тое, што яны дапамагалі ўсім людзям, чые правы былі парушаныя. Не толькі ўразлівым групам, але і ўсім грамадзянам, у тым ліку далёкім ад дэмакратычных поглядаў.
Бяляцкаму ўласцівае тое, што я б назваў інтэлектуальнай смеласцю. Здаецца, ён адзін з нямногіх, хто мог бы сказаць у апошнім слове з залы суду пра неабходнасць нацыянальнага прымірэння. Бо пра многіх іншых маглі б падумаць, што «вось чалавека зламалі, і ён прымушаны так казаць». Але не пра Бяляцкага. Пра яго – улічваючы ўсю ягоную біяграфію і ягоную нязломнасць падчас папярэдніх адсідак – ніхто так не скажа.