TOP

Падзел Еўропы адбыўся, Лукашэнка выбраў свой човен

5-6 красавіка беларускі лідэр наведаў Маскву, дзе правёў начныя перамовы з Пуціным і прыняў удзел у паседжанні Вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы.

На фоне гучных заяў пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі ўсе чакалі лёсавырашальных рашэнняў. А чаго дачакаліся?

Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

– Сапраўды цікавы момант, бо ў пасланні Лукашэнкі ўтрымліваюцца два асноўныя пасылы, якія турбуюць і Еўропу, і ўвесь свет. Першы – заява пра тое, што ён атрымае доступ да ядзернай зброі і зможа ёй распараджацца. Гучалі розныя інтэрпрэтацыі з расійскага боку, але прамога абвяржэння ягоных слоў не было і, відаць, не будзе. Другі момант – ці то экспромт, ці то запланаваны пасыл – пра тое, што вайну трэба спыніць, прычым на любых умовах. Фактычны адказ прагучаў учора (адначасова гэта сігнал і Сі Цзіньпіну, і Макрону), што Расія не бачыць магчымасцей сёння спыніць вайну і працягне дасягаць сваіх мэтаў ваенным чынам.

Вальфовіч заікнуўся пра выпрацоўку Канцэпцыі бяспекі саюзнай дзяржавы, у якой, відавочна, мусіць з’явіцца пэўнасць наконт ядзернай зброі. Але, зразумела, на публіку тэма не выносілася.

І Пуцін, і Лукашэнка робяць выгляд, што гэта звычайная працоўная сустрэча, на якой абмяркоўвалася інтэграцыя, эканоміка, тэмы двухбаковага супрацоўніцтва. А ўвесь міжнародны кантэкст нібыта знаходзіцца на перыферыі.

Пра візіт у Маскву многа пісалі, асабліва беларуская дзяржаўная прэса, але тамі нічога незвычайнага не апавядалася. З сустрэчамі Лукашэнкі заўсёды паўтараецца адна і тая ж гісторыя: назіральнікі чакаюць лёсавырашальных рашэнняў, затым назіраюць за ходам сустрэчы і задаюцца пытаннем – а што там было насамрэч? У выніку банальна не ведаем, што і як яны абмяркоўвалі. У нас няма канкрэтных вынікаў.

Беларусь рыхтуецца да доўгатэрміновага супрацьстаяння

– Праўда, ёсць некалькі цікавых заяў, на якія можна звярнуць увагу, але і яны паўтараюцца.

Найперш гэта гісторыя са стварэннем “саюзнага медыяхолдынга”, таму што трэба заваёўваць розум людзей, і ў першую чаргу моладзі. У гэтым ён мае рацыю – ці сам дайшоў, ці інтуіцыя падказвае: з Савецкім Саюзам у галаве, з накіраванасцю ў мінулае, з Другой сусветнай вайной як галоўнай тэмай на парадку дня – заваяваць галовы сённяшняй моладзі, якая і ў культурніцкім, і ў бытавым плане ў значнай ступені арыентавана на заходнюю цывілізацыю, будзе цяжка.

Другі момант таксама паказальны на фоне таго, што сёння адбываецца ў Беларусі. Фактычна Лукашэнка прызнаў, што адносіны з Захадам не палепшацца нават пасля заканчэння гарачай фазы процістаяння. Выглядае так, што ён вызначыўся – будзе на расійскім баку, няма іншага выйсця. І нават калі вайна скончыцца – ці перамір’ем, ці нейкай замарозкай – канфлікт усё роўна працягнецца, санкцыі не будуць знятыя, то бок прынцыпова паляпшэння адносінаў не адбудзецца. Лукашэнка рыхтуецца да доўгатэрміновага супрацьстаяння. Падзел Еўропы на дэмакратычную, празаходнюю і недэмакратычную, праўсходнюю (прарасійскую), падаецца, ужо адбыўся, і Лукашэнка вызначыўся канчаткова – з кім ён, што робіць перспектывы перамоваў з Захадам не вельмі рэальным.

– Нават калі расійскі ваенны карабель канчаткова пойдзе вядомым курсам, Лукашэнка рушыць следам?

– У яго няма ўжо выйсця, ён, як падаецца, галоўныя Рубіконы перакрочыў. Застаецца толькі накіраваць войскі ва Украіну ці пачаць наносіць удары з тэрыторыіі Беларусі. У які бок пачне развівацца сітуацыя, з якой хуткасцю – усё гэта будзе адыгрываць ролю. Але ягоныя апошнія прамовы (і зараз ў Маскве, і ў Мінску напрыканцы сакавіка) сведчаць за тое, што для сябе ён зразумеў: вось човен, у якім ён знаходзіцца разам з Пуціным (можа, гэта не той човен, у якім ён хацеў бы аказацца), і збегчы з яго немагчыма. Таму, як мне падаецца, Лукашэнка трохі расслабіўся, не мітусіцца, напэўна, лічыць, што ядзерная зброя стане для яго дадатковай гарантыяй бяспекі. Ён не жадае, каб вайна прыйшла на тэрыторыю Беларусі, не жадае пасылаць беларускія войскі ва Украіну, гэта зразумела. Але дапусціць, што Лукашэнка нейкім чынам вырвецца з расійскіх кіпцюроў ці хоць будзе імкнуцца вырвацца, цяжка, мне падаецца, гэтая гісторыя скончаная.

Зяленскі не любіць Беларусь. Але за яе будуць змагацца

– Мне падаецца, гэтая гісторыя скончаная як з боку Лукашэнкі, так і з боку суседзяў.

Тут паказальнай стала прамова Зяленскага ў Варшаве. Як мне здаецца, Зяленскі досыць кепска ставіцца да Беларусі, але трэба прызнаць, на тое ёсць прычыны. Беларусь для яго краіна непрыемная, краіна-расчараванне, а беларусы яму асабліва не цікавыя. Зразумела, што беларускай аўдыторыі чуць гэта вельмі непрыемна, але мне падаецца, што ўсё менавіта так і ёсць. І выказванні розных чыноўнікаў з атачэння украінскага кіраўніка гэта пацвярджаюць.

Але Зяленскі выступаў з канцэптуальнай прамовай, у якой гаворка ішла не толькі пра Польшчу, не толькі пра Украіну. І Зяленскі, і Дуда выказалі сваё бачанне будучыні Усходняй і Цэнтральнай Еўропы пасля таго, як Украіна вытрымае і атрымае перамогу ў гэтай вайне. Відавочна, што і Польшча, і Украіна прэтэндуюць на ролю рэгіянальных дзяржаваў, а ў будучыні, калі Украіна будзе прынятая ў і Еўразвяз, і ў НАТА, яны прэтэндуюць на ролю важнага гульца ў Еўропе. У выступах акрэсленыя межы будучай Еўропы: гаворка ішла і пра дэмакратычныя краіны, якія ў Еўразвязе і НАТА, і краіны Балтыі, і Румынія ўзгадвалася. Потым гаварылася пра краіны, якія павінны вытрымаць: Малдову, Грузію, з якой дэмакратыя не павінна сысці, а апошняй згадвалася Беларусь, у якую дэмакратыя абавязкова прыйдзе.

Гэта прынцыповы момант. Зяленскі, нягледзячы на адмоўнае стаўленне да Беларусі, тым больш – да Лукашэнкі (гэта супольная ўкраінска-польская пазіцыя), кажа, што яны Беларусь не аддаюць Расіі, яны бачаць Беларусь часткай нашага рэгіёна. У нас ёсць вораг – гэта Расія, Расія гэта не Еўропа, гэта антыЕўропа, Расія вораг Еўропы, а Беларусь можа стаць чальцом Еўропы. То бок, пакуль не атрымалася перацягнуць Беларусь на свой бок, зрабіць Беларусь вольнай дэмакратычнай краінай, але яны ад гэтай мэты не адмаўляюцца.

І для Лукашэнкі гэта таксама сігнал: за Беларусь у будучыні будзе змаганне. Гэта значыць, што ў выпадку ўкраінскай перамогі аўтаматычна не будзе захаваны статус-кво, Варшава і Кіеў паспрабуюць пазбавіцца ад Лукашэнкі. Ёсць візія будучыні Еўропы, у якой Беларусь – частка Еўропы, але без Лукашэнкі. І Лукашэнка гэта зразумеў, і гэта толькі ўзмацняе ягонае разуменне, што ён звязаны з Расіяй. З Захадам ужо не дамовішся, той паставіў на Лукашэнку крыж; ён ведае, нават калі Захад з ім стане дамаўляцца, дык адна рука будзе паціскаць лукашэнкаву руку, а другая будзе рыхтаваць для яго кайданкі. Усе гульні нават у тэарэтычную мнагавектарнасць ужо скончыліся.

– Калі больш нечага губляцьт, ці не пабачым мы поўную замарозку адносін з Захадам?

– Прыспешваць падзеі не будзе – гэта  эканамічна нявыгадна. Ён жа не знаходзіцца нават у такім жа стане, як Куба за сацыялістычным часам, калі Савецкі Саюз гатовы быў фінансаваць Гавану. Дый на розных этапах кубінскай гісторыі фінансаванне было розным. У Крамля няма магчымасцяў, каб падтрымліваць беларускі рэжым на 100 адсоткаў. А Кітай не зацікаўлены ў тым, каб спыніліся значныя, важныя праекты, жалезная заслона на мяжы Беларусі і Еўразвяза Кітаю эканамічна нявыгадная. Таму фарсіраваць узвядзенне жалезнай заслоны не атрымаецца. Але да таго моманту, пакуль беларускі правіцель не палічыць, што з боку Захаду пагрозы для яго рэжыму асабліва сур’ёзныя.

Кожны дзень ён распавядае гісторыі пра тэрарыстаў. Звычайна падкрэсліваецца, што гэта ўсё фантазіі, і сам Лукашэнка гэта разумее. Але я так упэўнена не казаў бы. Ён канспіролаг, ён сапраўды лічыць, што на яго ідзе паляванне, я цалкам магу ўявіць сабе, што ён лічыць “шпіёнаў” рэальнымі. У нас можа быць проста рознае ўяўленне пра рэаліі: любы чалавек, які патэнцыйна можа займацца нейкай дзейнасцю, можа разглядацца Лукашэнкам як шпіён. У такіх людзей і ў такім стане зусім іншая логіка.

Вяртаючыся да сустрэчы з Пуціным. Паміж радкамі таго, што кажа і адзін, і другі, чытаецца пэўная роспач: яны апынуліся ў новай сітуацыі, у ізаляцыі з боку Захаду, ідуць вельмі сур’ёзныя выклікі, якія будуць множыцца. А яны ўжо столькі знаходзяцца пры ўладзе – у іх ёсць вопыт, але ёсць і стомленасць; энергіі людзей, якія прыйшлі да ўлады і жадаюць пабудаваць нешта новае, у іх няма. Думаю, калі яны знаходзяцца сам-насам, то іхнія размовы, хутчэй за ўсе,  не такія ўжо аптымістычныя; хутчэй, яны думаюць, як яны дайшлі да такога жыцця і што будзе далей? Менавіта гэтае пытанне мусіць іх турбаваць: што заўтра, якая будучыня іх чакае? У сталым узросце такія пытанні ўвогуле непрыемна задаваць. А калі паглядзець, у якой сітуацыі яны апынуліся: абодва ўцягнутыя ў вайну, Пуцін ужо атрымаў ордэр на арышт, Лукашэнка пакуль не, але і яго добрай перспектывы не праглядваецца, рэжым прымушвае іх напружвацца. Тым больш, стратэгія, якую яны вырашылі прымяніць у гэтай вайне, відавочна не працуе.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.