Пагром культуры. Частка IV: падводзім вынікі
Беларускі ПЭН прэзентаваў справаздачу па парушэннях культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры па выніках 2022 года. Пра унікальны на постсавецкай прасторы дакумент працягваем размову з кіраўнічкай Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай.
– Што адбываецца ў сферы з гледзішча магчымасці ўдзелу і доступу да культурнага жыцця краіны?
– Дзяржаўная цэнзура закранула, з аднаго боку, культурныя правы непасрэдна саміх аўтараў і стваральнікаў карцін, а з іншага – правы гледачоў, якія страцілі магчымасць убачыць гэтыя аўтарскія творы. Тое ж тычыцца сітуацый са спектаклямі, канцэртамі або выставамі.
Ці такія факты. 8 сакавіка (гаворка пра 2022, але падобныя затрыманні былі і сёлета) у Брэсце затрымалі людзей, якія прыйшлі ўскласці кветкі да помніка ўкраінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку напярэдадні яго дня нараджэння. Як мінімум адзін з удзельнікаў сустрэчы – Алег Вялаў – быў пакараны 15 суткамі арышту. 27 чэрвеня міліцыя разагнала грамадзян у парку Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, не даўшы валанцёрам правесці свята «Дзень дзён народзінаў» для дзяцей уцекачоў з Украіны. У праграме былі заяўлены гульні і конкурсы, квэсты і падарункі. Ала Караленка, адна з арганізатараў мерапрыемства, была асуджана на 7 сутак зняволення. Адзначэнне пад Пінскам традыцыйнага народнага свята Купалле на пляцоўцы летняй кавярні ў ноч з 6 на 7 ліпеня прывяло да адміністрацыйнага суда і штрафу ў дачыненні да дырэктара сялянска-фермерскай гаспадаркі, які арганізаваў гэтае мерапрыемства. Узброеныя прадстаўнікі сілавых структур, якія ўварваліся 5 лістапада каля трэцяй гадзіны ночы на вечарынку ў «Hide Club», фактам «аблавы» парушылі як грамадзянска-палітычныя так і культурныя правы ўсіх адпачывальнікаў. Адміністрацыйны пераслед Юліі Харытановіч, якая слухала ў машыне каля «Акрэсціна» (месца зняволення ў Мінску) песню Віктара Цоя «Перемен»; затрыманне ў Мінску Арцёма Панявежскага за праслухоўванне ў двары «антырасійскіх» песняў, а Багдана Вераса – за набыццё ў краме кнігі Ганса Кіншэрмана «Кроваво-красный снег. Записки пулеметчика Вермахта»; выстаўленне абвінавачанняў гамельчуку Уладзіміру Прадкіну за публікацыю ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» кнігі з мемуарамі нацысцкага генерала і фатаграфіі сябе ў форме нямецкага афіцэра, зробленай падчас здымання мастацкага фільма шмат гадоў таму, – усё гэта прыклады парушэння права на ўдзел у культурным жыцці.
– Да таго, пра што вы зараз гавораце, вельмі блізкая тэма дыскрымінацыі ў дачыненнеім да беларускай мовы. Тут шмат негатыўнай ці нават драматычнай інфармацыі?
– Усяго ў 2022 годзе мы зафіксавалі 41 сітуацыю дыскрымінацыі паводле прыкметы беларускай мовы як у дачыненні да індывідаў або арганізацый, так і на нацыянальным узроўні. Наогул мы падрабязна разгледзелі сітуацыю з беларускай мовай у асобным артыкуле – Беларуская мова ў перыяд грамадска-палітычнага крызісу: праявы моўнай дыскрымінацыі.
Грамадзяне сутыкаюцца з негатывам паводле прыкметы выкарыстання беларускай мовы ў самых розных месцах: у рэгістратурах дзяржаўных паліклінік – «разговаривайте нормально, а не по-белорусски» у моманты затрыманняў – «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает»; у аддзелах па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю – «загадалі «говорить по-русски»»… Размова на беларускай мове можа нават зрабіцца падставай для затрымання – «разговаривал по-белорусски».
У лютым на рэферэндуме – мерапрыемстве дзяржаўнага значэння – у камісій не было бюлетэняў на беларускай мове, а на стэндах бібліятэк, аформленых да Дня беларускай мовы, магло не быць ніводнай кнігі на беларускай мове. Усе сем ролікаў, якія прэзентуюць турыстычны патэнцыял краіны ў цэлым і кожнай вобласці ў прыватнасці, створаных Нацыянальным агенцтвам па турызме ў першую чаргу для саміх беларусаў мелі толькі рускую і англійскую версіі. Галоўны рэдактар газеты «Бабруйскае жыццё» адмаўляецца друкаваць артыкулы на беларускай мове. Дэпутаты Слонімскага раённага савета дэпутатаў аднагалосна адмовіліся ад прапановы прымаць рашэнні адносна нарматыўна-прававых актаў не толькі на рускай, але і на беларускай, бо «так зручней большасці».
Улетку ва ўсёй Беларусі з’явіліся банеры, распрацаваныя Міністэрствам культуры ў гонар юбілеяў вядомых беларускіх дзеячаў, – усе яны былі выкананы выключна на рускай мове. Пераважна на рускай зроблена шматлікая вонкавая рэклама, прысвечаная «Году гістарычнай памяці». Памятная дошка на аршанскай школе ў гонар класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, які вучыўся ў ёй, таксама выканана на рускай, як і шчыт у Капылі з патрыятычным вершам Цішкі Гартнага.
– Асобная тэма ў кантэксце парушэння правоў дзеячаў культуры і культурных правоў – прыгнёт культуры польскай і літоўскай нацыянальных меншасцяў. Тут фактаў таксама хапае?
– У пачатку 2023 года пачаўся суд над паэтам, журналістам і сябрам незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў Андрэем Пачобутам (8 лютага 2023 года асуджаны на 8 гадоў калоніі строгага рэжыму), якому сярод іншага ставяць у віну заявы ў абарону польскай меншасці Беларусі. У кастрычніку 2022 года КДБ уключыў журналіста ў «Пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Пад хатнім арыштам застаецца старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс, якая нібыта рэалізоўвала «дэструктыўныя ідэі, накіраваныя на гераізацыю ваенных злачынстваў, апраўданне генацыду беларускага народа, узбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і разладу». Абое сябры Саюза палякаў знаходзяцца ў зняволенні з сакавіка 2021 года. У лістападзе пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў эканамічны суд заяву аб ліквідацыі ТАА «Клерыгата», праз якое фактычна ажыццяўляў сваю дзейнасць Саюз палякаў Беларусі, у канцы снежня пачаўся працэс яго ліквідацыі.
Сярод прымусова ліквідаваных у 2022 годзе НКА – некалькі найстарэйшых польскіх арганізацый Беларусі: «Таварыства польскай культуры на Лідчыне» (1994), «Польскае навуковае таварыства» (1994), «Польска мацеж школьна» (1995), «Вспульнота полякув» (2019), а таксама «Браслаўскае раённае грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Рытас»» (2000).
Паводле рэкамендацыі органаў дзяржбяспекі ў Пінску адмянілі запланаваныя мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю земляка – вядомага польскага пісьменніка і журналіста Рышарда Капусціньскага. У выніку ціску і заяў праўладнай актывісткі наконт «прапольскасці» літаратуразнаўцы, крытыка і перакладчыка Адама Мальдзіса Гродзенскі аблвыканкам прыпыніў працэдуру надання Астравецкай раённай бібліятэцы імя гэтага выбітнага земляка.
Адна з тэм антыпольскай рыторыкі ў дзяржаўных СМІ тычыцца партызан польскай Арміі Краёвай, якія нібыта мэтанакіравана знішчалі беларусаў падчас Другой сусветнай вайны. Яшчэ ў красавіку 2021 года афіцыйны Мінск завёў крымінальную справу на былых байцоў арміі, а ў канцы чэрвеня 2022-га з’явіліся першыя сведчанні знішчэння «непатрэбнай» для сістэмы памяці. 30 чэрвеня прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Лукаш Ясіна звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць апаганьванне месцаў нацыянальнай польскай памяці ў Беларусі, спыніць акты вандалізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Усяго ў чэрвені – ліпені 2022 года была ўчынена шкода не менш чым 12 мясцінам памяці ў Гродзенскай вобласці: у вёсках Едкавічы, Стрыеўка, Сурканты, Плябанішкі, Мікулішкі, Качычы, Пескаўцы, Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, у Ваўкавыску і Ашмянах вандалы адсоўвалі надмагіллі, знішчалі і разбуралі адзінкавыя або брацкія магілы салдат, зносілі помнікі, здымалі з крыжоў памятныя дошкі. З касцёла Святых Пятра і Паўла ў Іўі паводле пастановы мясцовых улад выдалілі мемарыяльную дошку ў памяць пра салдат Арміі Краёвай. У канцы кастрычніка вандалы пашкодзілі помнік на магіле салдат Войска Польскага, палеглых у 1920 годзе ля вёскі Феліксава Лідскага раёна. У снежні тая ж доля спасцігла Катынскі крыж на вайсковых могілках у цэнтры Гродна – помнік палонным польскім афіцэрам, расстраляным НКУС у 1940 годзе.
Да восені 2022 года польскую меншасць (як і літоўскую) пазбавілі магчымасці вучыцца на роднай мове. Так, у Гродзенскай і Ваўкавыскай польскіх школах з новага навучальнага года – 2022/2023 – навучанне ажыццяўляецца на рускай мове, а польская звялася да прадметнай дысцыпліны – да ўрокаў мовы і літаратуры па адной гадзіне на тыдзень. Тое ж здарылася і з адзінай у краіне літоўскай школай – Рымдзюнскай сярэдняй школай, вучні якой страцілі магчымасць вучыцца на літоўскай мове. Другую – Пеляскую сярэднюю школу – улады закрылі незадоўга да пачатку новага навучальнага года, спаслаўшыся на «шэраг выяўленых парушэнняў».
– На самым пачатку нашай размовы вы казалі пра новую праблему – культуру гістарычнай працы. Што адбываецца ў гэтым важным напрамку?
– Усяго ў маніторынгу зафіксавана 80 парушэнняў, большасць з якіх тычыцца дрэннага ўтрымання аб’ектаў нерухомай спадчыны Беларусі – цэркваў, касцёлаў, сядзіб, сінагог і іншых гістарычных будынкаў, адсутнасці работ дзеля іх кансервацыі, няякаснай рэстаўрацыі, часам нават зносу, а таксама адсутнасці ў іх ахоўнага статусу.
У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь уключаны 5350 нерухомых матэрыяльна-культурных каштоўнасцяў, а распрацаваны толькі 385 праектаў аховы для 1602 аб’ектаў спадчыны, што складае 31% ад агульнай колькасці. Гэта значыць, што істотная частка помнікаў архітэктуры ніяк не абаронена і знішчаецца ў непасрэдным сэнсе слова. Звальненне ў пачатку 2022 года з упраўлення па абароне гістарычных помнікаў Міністэрства культуры ключавых фігур, якія дбалі пра сваю справу, – Наталлі Хвір з пасады загадчыцы ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і Святланы Краюшкінай з пасады намесніцы начальніка аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння – вялікі ўдар па сферы захавання спадчыны.
– Чым яшчэ адметная дзяржаўная культурная палітыка?
– Заробкі работнікаў сферы складаюць 54,9 % ад сярэдніх па краіне; у 2022 годзе бюджэт горада Мінска на культуру склаў 0,69 % ад агульнага бюджэту сталіцы (7,1 млрд рублёў) – хіба не паказальныя факты?
І нават на такія мізэрныя заробкі многім прафесіяналам ніяк не ўладкавацца, калі яны трапілі ў «чорныя спісы» ці атрымалі адмоўныя характарыстыкі.
Пра дыскрымінацыйны характар дзейнасці дзяржавы ў сферы культуры сведчаць таксама рост колькасці рэестраў і спісаў, камісій і саветаў; папраўкі ў Кодэксе аб культуры паслужылі стварэнню «Рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў» і «Нацыянальнага рэестра экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», у атэстацыі якіх закладзены першапачаткова дыскрымінацыйныя механізмы; экскурсійнае абслугоўванне наведвальнікаў музеяў могуць ажыццяўляць толькі работнікі гэтых музеяў; стварэнне камісій па кантролі за якасцю кніжнай прадукцыі і па праверцы дзейнасці Інстытута гісторыі – спосаб ідэалагічнага кантролю сферы і мінімізацыі прысутнасці ў ёй незалежнага сектара краіны.
Звяртае ўвагу і стаўка на сервільнасць сферы культуры для дзяржавы: складанне тэматычнага плана па выпуску сацыяльна значнай літаратуры, якая спансуецца Міністэрствам інфармацыі; дзяржзамова на здыманне кінафільмаў; перапрафіляванне музеяў пад патрэбы дзяржаўнай ідэалогіі; умяшанне ў рэпертуар дзяржаўных тэатраў.
З гэтым працэсам цесна звязана і дэбеларусізацыя: пераслед усяго нацыянальна арыентаванага – мовы, сімвалаў, гісторыі. А паралельна набірае моц русіфікацыя і прасоўванне ідэалогіі «рускага свету». Напрыклад, упершыню за ўсю гісторыю існавання ўзнагароды званнем народнага пісьменніка Беларусі быў ушанаваны выключна рускамоўны аўтар.
Фактычна мы бачым звядзенне культурнай разнастайнасці да «супрацоўніцтва двух брацкіх народаў» – беларусаў і рускіх: прыгнёт культуры польскіх і літоўскіх нацыянальных меншасцяў; гала-канцэрты ў гонар Дня народнага адзінства; фестываль «Славянскае адзінства»; беларуска-расійскія форумы; прапановы павялічыць фінансаванне праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы ў сферы культуры, навукі і адукацыі[1].
Разам з гэтым паралельна набірае моц саветызацыя паўсядзённасці: ускладанне кветак да помніка Леніну; выстава «Эпоха СССР» і мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя ўтварэння СССР; цырымонія развітання з піянерскім гальштукам і ўступленне ў шэрагі БРСМ; савецкая сімволіка на дзяржаўных святах і мерапрыемствах.
І гаварыць трэба не толькі пра ідэалагізацыю сферы культуры – яна падмацоўваецца і мовай варожасці праз мэтанакіраваную дыфамацыю і дыскрэдытацыю дзеячаў культуры ў дзяржаўных СМІ і праўладных Telegram-каналах.
Затое заахвочваецца дзейнасць праўладных актывістаў у барацьбе з беларускім мастацтвам: у выніку іх надуманых зваротаў (даносаў) у аддзелы культуры мясцовага і рэспубліканскага значэння чыноўнікі адмяняюць мерапрыемствы і канцэрты, закрываюць экспазіцыі, прыбіраюць карціны з выстаў, а кнігі – з продажу.