Гарантыі бяспекі для Лукашэнкі, ці Спектакль аднаго акцёра
10 красавіка з неаб’яўленым візітам у Мінск награнуў міністр абароны ПФ Сяргей Шойгу. Лукашэнка зноў згадаў пра ядзерную зброю і абвінаваціў Захад у парушэнні Будапешцкага мемарандума.
– Недзе пасля 1994-га года, вядомага Будапешцкага мемарандума, дзе кляліся ўсе заходнія дзяржавы і Расія даць поўную бяспеку Казахстану, Украіне і Беларусі. Натуральна, вы ведаеце, што заходнія дзяржавы растапталі ўсе гэтыя дамовы, дамовы і заявы, і ніякай бяспекі няма, мелася на ўвазе эканамічная бяспека ў тым ліку, ну якая эканамічная бяспека, калі яны ўводзяць супраць нас, Расіі санкцыі?! – абураўся Лукашэнка перад расійскім міністрам.
І патлумачыў яму вынікі сваіх перамоў з Пуціным – як ён іх персанальна разумее:
– У выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расійская Федэрацыя абараняе Беларусь як уласную тэрыторыю. Вось такія нам патрэбныя гарантыі бяспекі.
Сяргей Шойгу прамаўчаў, прынамсі, прапаганда не згадвае ягоныя адказы.
5-6 красавіка Лукашэнка правёў у Маскве, дзе меў начныя перамовы з Пуціным і цалкам мог адрасаваць яму ўсе пытанні пра гарантыі бяспекі. Але чамусьці выбраў для гэтага іншага субяседніка – міністра, дый яшчэ ў Мінску.
Што гэта азначае? Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
– Што насамрэч азначае сустрэча Лукашэнкі з Шойгу? Ці Лукашэнка проста падлівае масла ў агонь, каб вярнуць ядзерную тэму ў публічную прастору? Трэба сказаць, што на мінулым тыдні тэма ядзернай зброі цалкам вычарпала сябе, а Лукашэнку зноў удалося падагрэць інтарэс да яе.
Ён мог патрабаваць нейкіх гарантый ад Пуціна падчас свайго візіту ў Маскву. Гэтае пытанне можна было прынцыпова вырашыць яшчэ ў Маскве, але не, падымае яе ў Мінску падчас візіта Сяргея Шойгу. Выглядае як гульня на публіку, як спроба актуалізаваць ядзерную тэму. Думаю, на сустрэчы Лукашэнкі з Шойгу абмяркоўваўся контрнаступ украінскага войска і магчымыя наступствы для Беларусі.
Дарэчы, варта адзначыць, што ў кавалках справаздачы ёсць толькі словы Лукашэнкі, адказаў Шойгу няма. Лукашэнка гаворыць, а Шойгу не выказвае ніякай рэакцыі нават сваімі жэстамі – сядзіць як егіпецкі сфінкс і назірае за працэсам. Не бяруся інтэрпрэтаваць міміку і жэсты, але ў мяне асабіста склалася ўражанне, што разыгрываецца спектакль аднаго акцёра: пасля таго, як Лукашэнка патрабуе гарантый, гэтая заява закідваецца ў навіны, прэса сыходзіць, і мы пачынаем размаўляць на сур’ёзныя тэмы. Усе гэтыя гарантыі, шчыра кажучы, сёння не актуальныя, бо няма рэальных пагроз; тэарэтычна ў кантэксце ўкраінскага контрнаступу мы можам уявіць пагрозы: калі контрнаступ Украіны акажацца такім паспяховым, што наступ пойдзе па ўсіх накірунках, а расійскі фронт пасыплецца, — то ўсё гэта тэарэтычныя гульні на канапе. Яны маюць мала агульнага з рэальнасцю. Можа, Лукашэнка якраз гэтага і перасцерагаецца, можа, у яго ёсць нейкая дадатковая інфармацыя пра сітуацыю, якой мы не маем, таму і хвалюецца.
Расійскія ваенкары і радыкалы сёння поўнасцю на амерыканскай хвалі – абмяркоўваюць пентагонаўскія гісторыі, ім не да Лукашэнкі. Але хто дакладна адзначыў выпады Лукашэнкі, дык гэта ягоныя крытыкі, якія лічаць яго патэнцыйным здраднікам. Я для сябе адзначыў два цікавыя меркаванні. Андрэй Суздальцаў, вядомы сваім негатыўным стаўленнем да Лукашэнкі, выкарыстаў ягоныя заявы для прасоўвання свайго тэзісу пра паразіта, які фактычна маніпуюе Расіяй. Суздальцаў заўсёды падкрэслівае, што Лукашэнка нічога для Расіі не робіць, толькі патрабуе ад яе.
Прадстаўнік ўльтрапрарадыкальнага крыла, Гіркін-Стралкоў, заяўляе, што Лукашэнка не ўваходзіць у склад Расіі, а патрабуе абараняць Беларусь як уласную тэрыторыю.
Ім гэта вельмі-вельмі не спадабалася, тым больш што і гучыць недарэчна – нейкія гарантыі з боку Расіі. Мы ж бачылі, чаго вартыя расійскія гарантыі. Таму лукашэнкаўская рыторыка выглядала абсалютна недарэчна і смешна.
– Ці можа Пуцін увогуле даць нейкія гарантыі Лукашэнку?
– У выпадку, калі па тэрыторыі Беларусі будзе нанесены нейкі ўдар (ці то ядзернай зброяй, ці звычайнай), то Расія будзе ўспрымаць яго як па ўласнай тэрыторыі і дзейнічаць адпаведна з ваеннай дактрынай. Так лічылася да пачатку вайны. Зараз мы бачым, што сітуацыя змянілася. Былі атакі на агульнапрызнаныя тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, былі атакі на тэрыторыі Крыма, які Расія лічыць сваім, былі нават акцыі ў памежных тэрыторыях РФ, былі забойства Дар’i Дугінай і Уладлена Татарскага. Ва ўсіх пералічаных выпадках Расія дэманстравала сваю слабасць. Таму выглядае смешным, калі высоўваецца Лукашэнка і просіць-патрабуе гарантый бяспекі. А чаго яны сення вартыя, гэтыя гарантыі? Дзіўна і недарэчна выглядае, што ў сённяшніх мовах ён увогуле звяртаецца па іх гарантыі. Калі б мы гаварылі пра іх у канцы 2021 – пачатаку 2022 года, яшчэ да вайны, гэта гучала б зусім па-іншаму. Цяпер Лукашэнка выглядае гратэскна нават у вачах расійскай публікі: тыя ж самыя Z-ваенкары іранізуюць – што гэтыя гарантыі могуць даць, калі Расія нічога не здолела нават зрабіць у захопленым Херсоне?
Расіі відавочна не падабаецца сітуацыя, бо паўтараецца гісторыя з Фідэлем Кастра ў 1962 годзе: цяжкі, непрадказальны саюзнік патрабуе і хоча ад цябе атрымаць усё. Лукашэнка хоча атрымаць ядзерную зброю, жадае прымаць удзел у рашэннях. А Расія гэтага відавочна не жадае. Яны бачаць, што Лукашэнка відавочна актыўнічае: можа гэта тая самая актыўнасць, якую яны і не чакалі?
Лукашэнку ў Беларусі ўжо не цікава: на гэтым этапе ён хоча гуляць у сусветную палітыку. Ён жа квітнее, калі ўдаецца ўклініцца ў абмеркаванне глабальных праблемаў. Канешне, яму прыемна, калі заўтра на стол яму пакладуць раздрукоўку з Ройтэрс ці з Асашыэйтад Прэс.
– Ці праясніў візіт Шойгу сітуацыю з перамовамі Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве?
– Сітуацыя па-ранейшаму застаецца цьмянай. Усе пытанні можна было вырашыць падчас знаходжання Лукашэнкі ў Маскве: ён правёў там шмат часу, калі б вымагала сітуацыя, то застаўся б яшчэ. Не, расіяне дасылаюць Шойгу, даюць Лукашэнку нешта сказаць. Усё выплёскваецца на публіку, ідзе ў заходнія медыя. З пункту гледжання піяру такія візіты падвышаюць вагу Лукашэнкі. Адначасова, хутчэй за ўсё, візіт Шойгу планаваўся ў сувязі з украінскім контрнаступам. І гэтае пытанне было галоўным.