Пётр Рудкоўскі: Напалохаць свет ядзернай вайной перад украінскім контрнаступам
Крэмль вуснамі Мінска пужае перспектывай "стратэгічнай зброі". Інфармацыйная хваля пра ядзерную зброю разлічаная на заходнія эліты, каб яны прыпынілі пастаўкі ўзбраення Украіне і ўгаварылі Кіеў стрымаць свае наступальныя амбіцыі.
Лукашэнка і Пуцін, пасля залпавага стрэлу “вяртаннем тактычнай ядзернай зброі”, замоўклі. Праўда, цяпер ужо міністр абароны РБ Віктар Хрэнін пагражае размяшчэннем стратэгічнай ядзернай зброі, пра якую ніводзін з кіраўнікоў нават не заікнуўся.
Пра што сведчыць маўчанне Лукашэнкі з Пуціным? Ці з’яўляецца размяшчэнне ТЯО ў Беларусі рэальным, ці ў гэтым выпадку разлік робіцца на саму пагрозу?
Пагаварылі з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім.
– Ці можна трактаваць самыя розныя супярэчнасці з ядзернай зброяй у Беларусі як нявызначанасць? Ні фармат, ні ўмовы, ні канчатковае рашэнне па размяшчэнне ТЯО ў Беларусі насамрэч не прынятыя?
– Фармальна яны не супярэчлівыя, але, канешне, сур’ёзна адрозніваюцца расстаноўкай акцэнтаў і акрэсленнем статусу дасягнутых дамоўленасцяў. Пуцін у тэлеінтэрв’ю 25 сакавіка казаў пра тое, што «гэта ўжо ўзгоднена» і што ўвогуле сам Лукашэнка здавён аб гэтым прасіў. Лукашэнка ў сваім пасланні 31 сакавіка казаў пра тое, што «інтэнсіфікаваў перамовы», паняцце «размяшчэння расійскай ядравай зброі ў Беларусі» падмяняў паняццем «вяртання ядравай зброі ў Беларусь», а пра магчымую зброю казаў як «наша зброя». Такім чынам, маем тут дачыненне са слаба замаскіраванымі рознагалоссямі паміж двума аўтакратамі наконт таго, ці павінна размяшчацца зброя, а калі павінна, то на якіх умовах.
– Ці з’яўляецца знакамітая заява Пуціна яго дамашняй загатоўкай, пра якую Лукашэнка не ведаў ні сном, ні духам?
– Я перакананы, што тэма абмяркоўвалася ўжо даўно і што Лукашэнка быў у курсе таго, што Пуцін разглядае такі варыянт, і што не схільны перадаваць Лукашэнку кантроль над зброяй. Ну а агучанне заявы Пуціным 25 сакавіка магло адбыцца і без папярэджання.
– Ядзерная зброя яшчэ не з’явілася на тэрыторыі Беларусі, але контуры негатыўных настпустваў ужо праявіліся. Напрыклад, ААН – адна з нямногіх міжнародных пляцовак, даступных афіцыйнаму Мінску, можа стаць недаступнай. Як зменіць становішча беларускага рэжыму на міжнароднай арэне рэалізацыя пагроз ядзернай зброяй?
– Не зусім разумею, у чым магла б палягаць «недаступнасць пляцоўкі ААН». Адмова арганізацыі прызнаваць мандат прадстаўнікоў рэжыму па аналогі з Радай Еўропы? Не, такога амаль напэўна не будзе.
Іншая справа – гэта чарговы, прычым даволі сур’ёзны іміджавы ўдар па рэжыму. У жніўні 2022 года падчас канферэнцыі ААН прадстаўнік беларускага МЗС афіцыйна запэўніў, што Беларусь не мае намеру мяняць свой бяз’ядзерны статус. І што ўсякія інсінуацыі наконт гэтага і наконт магчымага парушэння дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі абсалютна беспадстаўныя. Прайшло ўсяго паўгода і тут аказваецца, што ўсе гэтыя запэўненні пустыя. Больш таго, аб змене статусу Беларусі свет даведаўся ад кіраўніка суседняй дзяржавы, з пазнакай, што «прэзідэнт Беларусі даўно аб гэтым просіць». Калі «даўно просіць», то чаму не папярэдзіў пра гэта ўласнае МЗС і чаму ўводзіў у зман міжнародную супольнасць, якая, як-ніяк складаецца не толькі з заходніх краін, але і 2/3 сусветнай долі незаходніх краін?
– Між тым, міністр абароны РБ Віктар Хрэнін заяўляе пра магчымае з’яўленне ў краіне і стартэгічнай ядзернай зброі. “Згарэў мой хлеў – гары і хата?” – Лукашэнка ўзяў на ўзбраенне гэты прынцып?
– У пятнічнай прамове Хрэніна ёсць месыджы, якія паходзяць ад лукашэнкаўскага рэжыму (на маю думку, гэта пасус пра «страхі Захаду»), і ёсць месыджы, якія чыняцца па замове Крамля. У чаканні контрнаступлення Украіны Крэмль запусціў інфармацыйную хвалю пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, каб расхваляваць еўрапейскае грамадства і паўплываць на заходнія эліты, каб яны прыпынілі пастаўкі ўзбраення Украіне і ўгаварылі Кіеў стрымаць свае наступальныя амбіцыі. Каб было больш страшна, вуснамі Мінска Крэмль пужае перспектывай «стратэгічнай зброі», але гэта – не цяпер, бо, маўляў, паглядзім на вашы паводзіны. Дарэчы, Хрэнін, нагадаўшы пра магчымасць размяшчэння «стратэгічнай зброі», нават паясніў прычыну нагадвання: «не все услышали важный посыл, озвученный главой государства». Тут бачна, што чаканы эфект гэтай інфармацыйнай хвалі – зрабіць усё, каб Захад спужаўся ядзернай вайны.
– Якіх дадатковых гарантый Лукашэнка патрабуе для сябе?
– Калі маюцца на ўвазе тыя «гарантыі», пра якія ён казаў падчас візіту ў Расію і падчас сустрэчы з Шайгу ў Мінску, то гэта мог быць прэвентыўны рытарычны ход на выпадак, калі б хтось планаваў сілавое звяржанне яго ўлады. У кантэксце пратэстаў 2020 года, калі на бок пратэстуючых пачалі пераходзіць сілавікі, немалаважную ролю згуляла заява Пуціна, што ён сфармаваў «рэзерв з супрацоўнікаў праваахохоўных органаў» для дапамогі беларускім уладам. Цяперашняя заява Лукашэнкі, якой падтакнуў Пуцін і Шайгу, можа мець падобную функцыю. Зараз дадаецца яшчэ ўкраінскі фактар – Лукашэнка, хутчэй за ўсё, баіцца помсты ўкраінцаў за злачынную вераломнасць у дачыненні да суседняга народа і, мабыць, гэты страх небеспадстаўны. Гэта таксама можа быць прычынай размовы аб «гарантыях».