Андрэй Лаўрухін: Канфлікт бацькоў і дзяцей ці сіндром “пасінелых пальцаў”?
Персаналісцкая ўлада зацыкленая на асобе. Ці магчыма кланіраваць такога ж самага чалавека, як сённяшні кіраўнік – вось самая галоўная дылема. Калі “так”, то ён падзеліцца ўладай, а калі “не” – дык тады не. Але ж у прыродзе дзейнічаюць законы разнастайнасці.
Кіраўнік дзяржавы ў Ветцы абвінаваціў і зняважыў моладзь тым, што яна нібыта “не ўтрымае краіну”:
“Сядзяць, тыкаюць у гэты тэлефон – заўтра з неба ўсё зваліцца. Мы іх разбэсцілі да крайняй ступені. Ах, моладзь у нас добрая, добрая! Так, добрая. Але працаваць не хочуць і не ўмеюць. Яны не зробяць, яны не ўтрымаюць краіну.
Адна фраза спараджае тысячы пытанняў. Адкуль Лукашэнка чэрпае інфармацыю пра моладзь? Пастановачная прагулка па Гродне ў атачэнні ахоўнікаў і “выпадковы” дыялог са школьніцамі-актывісткамі наўрад ці дазваляюць зразумець, чым сапраўды жыве моладзь.
Гэта класічны канфлікт бацькоў і дзяцей ці сіндром пасінелых пальцаў? Чым уяўленні Лукашэнка пра новае пакаленне адрозніваюцца ад рэальнай сітуацыі і ці сапраўды яно “не ўтрымае краіну”?
Паспрабавалі разабрацца са старшым аналітыкам BISS Андрэем Лаўрухіным.
Ён не ўпісваецца ў сучасны свет
Што ведае далёка не малады ўжо чалавек пра беларускую моладзь? На чым грунтуюцца ўяўленні пра яе?
Напрыклад, чэрпае інфармацыю ад бліжэйшага атачэння: той самы Мікалай належыць зусім да іншагапакалення.
Рэальнасць насамрэч – гэта індывідуальная інтэрпрэтацыя жыцця. Лукашэнка інтэрпрэтуе яе з вышыні ўласнай сістэмы каардынат. Пытанне: што гэта за сістэма і чаму яна менавіта такая?
“Першаму” хутка споўніцца 69. То бок дзяцінства прыйшлося на 1950-60-ыя гады. Гэта свет індустрыяльнай культуры, праз прызму якога паняцце “працаваць” выглядае наступным чынам: вы на заводзе ці ў калгасе – нешта фізічна робіце. Уплыў ягонага вясковага асяроддзя яшчэ больш больш дадае кансерватызму ўяўленняў пра свет. У Беларусі большая частка насельніцтва стала жыць у гарадах толькі напрыканцы 1970-ых гадоў. Цяперашні кіраўнік дзяржавы сацыялізаваўся ў індустрыяльным грамадстве, а нарадзіўся і вырас у даіндустрыяльным: сялянскі двор, саветызаваная вёска… Для яго праца, натуральна, найперш асацыюецца з дастаткова простымі , звыклымі, аднастайнымі навыкамі: забіць цвік, разараць поле, адрамантаваць трактар…
Насамрэч трэба разумець, што навукоўцы (сацыялагі, псіхолагі) канстатуюць небывалы разрыў паміж пакаленнем Y і іх бацькамі. Ён не ў апошнюю чаргу звязаны з гаджэтамі і віртуальнай прасторай. Вядома, у гэтым ёсць не толькі станоўчыя наступствы. Але гэта факт, з якім змагацца немагчыма – трэба яго асэнсоўваць і, так бы мовіць, абжываць.
Прамоўленае на азначаную тэму ў Гродне і Ветцы сведчаць: чалавек ніяк не ўпісваецца ў сучасны свет, не здольны яго асэнсаваць, зразумець і тым больш засвоіць як рэчаіснасць.
Што значыць – “не ўтрымаюць краіну”?
Калі ён кажа, што моладзь не зможа “ўтрымаць краіну”, тут трэба вылучыць два аспекты.
Палітыка мае адносіны да светаўспрыняцця, да той самай сістэмы каардынат, якая згадвалася раней. “Першы” фактычна сцвярджае: у гэтай краіны няма будучыні без мяне! Прыхільнікі звыкла, па даўняй завядзёнцы: паўтараюць “аргумент”: “Калі не ён, то хто?!”
Гэта вытворная фраза ад словаў самога шматгадовага лідэра: “Калі не я, то хто?” То бок ён (у тым і бяда персаналісцкага рэжыму) можа і разумее, што гадзіннік цікае, зваротны адлік пачаўся, але ягоная сістэма каардынат не дае ніякага шанцу моладзі, увогуле якому-небудзь іншаму палітыку. Гэта пасланне ўсім нам: у Беларусі няма будучыні, калі мяне не будзе…
Другі важны складнік – “не ўтрымае краіну”. З гэтага вынікае, што нехта спрабуе вырваць уладу з рук у тым выглядзе, у якім “Першы” яе спраектаваў. Узнікае пытанне: “А хто жадае вырваць?” Тут адказы відавочныя: гэта ліберальная, дэмакратычная частка грамадства ў самой Беларусі пры падтрымцы развітых заходніх краін – з аднаго боку, і расейскія палітычныя эліты з другога (падаецца, ціск з расейскага боку настолькі вялікі, што ўтрымаць уладу будзе немагчыма). Гэта ужо другі прысуд Лукашэнкі: калі мяне не будзе, то не будзе і улады над Беларуссю.
Такім чынам, калі мы перавядзем на простую мову, то першы пасыл – у Беларусі няма шанцаў на з’яўленне іншага палітыка акрамя мяне, а другое пасланне – у Беларусі няма будучыні як у дзяржавы без мяне.
Бліжэйшае атачэнне – яго патэнцыйныя ворагі
Маладым людзям, якія пратэставалі ў 2020 годзе, Лукашэнка і не збіраўся аддаваць ніякую ўладу – таму і закатвае дагэтуль у асфальт. Для яго гэта – ворагі, бэчэбэшнікі, беглыя,. Але ж ёсць і моладзь з БРСМ, ёсць малады Рыгор Азаронак і цэлая пляяда яму падобных, у рэшце рэшт ёсць сыны, унукі – атрымліваецца, і яны “не ўтрымаюць краіну”? Чаму нават ім Лукашэнка адмаўляе ў праве на ўладу?
Персаналісцкая ўлада зацыкленая на асобе. Ці магчыма кланіраваць такога ж самага чалавека, як сённяшні кіраўнік – вось самая галоўная дылема. Калі “так”, то ён падзеліцца ўладай, а калі “не” – дык тады не. Але ж у прыродзе дзейнічаюць законы разнастайнасці, не існуе ніводнай на 100% падобнай клеткі. Лукашэнка з яго інстынктыўнай палітычнай чуйкай, што дазваляла выходзіць з самых складаных сітуацый, добра разумее, што выклікі, з якімі будучым палітыкам даваядзецца сутыкнуцца, несупастаўляльныя па складанасці з ягоным перыядам праўлення. Сёння на павестцы дня тое, што пераўзыходзіць гарызонт сённяшніх палітычных жахаў: рэальная пагроза дэмантажу Расійскай Федэрацыі, галоўнага яго патрона і абаронцы. Ў гэтай сітуацыі ў яго няма адказу на пытанне, як утрымацца без РФ у звыклым палітычным стане? Ён сам разумее сілу неадольных абставін. Такім чынам, за гэтым алармізмам хаваецца ўвесь жах, які прыходзіць да яго начамі ў снах, які прымушае яго ўсё больш і больш раскручваць спіраль гвалту.
Глядзіце, як працуе персаналісцкая ўлада: усё атачэнне – патэнцыйныя ворагі, патэнцыйныя канкурэнты, пагроза жыццю – палітычнаму і фізічнаму. Як пабудавана ягоная ўлада? Яму кажуць: ты і ёсць наша дзяржава, ты наш Бог. Але гэта працуе да тых пор, пакуль гэты Бог дабіваецца рэальных вынікаў. Як толькі здараецца збой (“Акела прамахнуўся!”), то ягонае асяроддзе пачынае глядзець на ужо з падазронасцю. Тэрор – гэта таксама інструмент запалохвання свайго бліжэйшага асярродзя. Наступствы прамашак пераследуюць. А з пачаткам вайны ва Украіне гэтыя прамашкі сталі больш маштабнымі і незваротнымі.
Ён разумее, што ў такой сітуацыі бліжэйшае атэчэнне – самая вялікая пагроза, чым усе лібералы разам узятыя, бо сабраў вакол сябе персанажаў з яшчэ тымі інстынктамі. А вось хто ўжо адчуе сябе больш моцным і чый апетыт на ўладу акажацца мацнейшым – пакажа час, але прэтэндэнтаў многа, асабліва сярод моладзі, якая па-за яго кантролем і нават разуменнем. Ён сам некалі быў такім маладым ваўком і мерае ўсіх па сябе. Як мы добра ведаем, сам гэты чалавек – віртуоз перамены палюсоў, для яго дэвіз адзін – “за кім сіла, за тым і праўда”. Такім чынам, аслабленне стане адназначным “воўчым” сігналам бліжэйшаму колу. Іншых варыянтаў цяжка уявіць: ні ўзброены напад, ні рэвалюцыя са зброяй у руках унутры краіны, хутчэй за ўсё, немагчымы – толькі самі эліты і разбяруцца.