Складваецца ўражанне, што ў пенітэнцыярнай сістэме ўвогуле няма ўрачоў, а абавязкі лекараў выконвае сярэдні медыцынскі персанал, фельчары.
Вітольд Ашурок загінуў у 50-гадовым узросце ў Шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца, неафіцыйная — забойства.
Не так даўно беларусаў ускалыхнула навіна пра тэрміновую шпіталізацыю Марыі Калеснікавай з дыягназам «прабадная язва», трохі пазней – дзіўная гісторыя са шпіталізацыяй Віктара Бабарыкі – пра стан яго здароўя дагэтуль нічога не вядома.
А 7 красавіка стала вядома, што ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер з Пінска Мікалай Клімовіч. Асуджаны да года калоніі за карыкатуру на Лукашэнку, Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы па сэрцу. У калоніі, куды яго этапавалі, мужчына пратрымаўся менш за два месяцы. Цяжка хворага кінулі за краты, дзе ён не працягнуў і двух месяцаў.
Хто і чым лечыць зняволеных у беларускіх турмах і калоніях? Чым можа абярнуцца забарона на перадачу вязням лекаў?
Пагаварылі з былым лекарам і праваабаронцам Васілём Завадскім. Ён больш за 20 гадоў адпрацаваў у пенітэнцыярнай сістэме Беларусі, з 1998 па 2010 год быў начальнікам медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. А ў 2016 годзе заснаваў і кіраваў праваабарончай арганізацыяй «ТаймАкт», якая займалася праблемамі зняволеных.
– Пытанне вельмі няпростае – ці створаныя ў пенітэнцыярнай сістэме ўмовы для лячэння сур’ёзна хворых зняволеных.
– І так, і не. Так – бо у кожнай закрытай медустанове ёсць свая медчасць, існуюць рэспубліканскія шпіталі для зняволеных, нарматыўная база нядрэнная. Безумоўна, у калоніях няма, да прыкладу, кардыёлаў, таму што там няма столькі хворых на сэрца – няма логікі трымаць адпаведных спецыялістаў у штаце. Але, з іншага боку, створаны механізм для атрымання медычных кансультацый, ёсць магчымасць шпіталізацыі. Калі мы гаворым, што Мікола Клімовіч знаходзіўся ў віцебскай калоніі, то пры патрэбе яго маглі шпіталізаваць у віцебскую грамадзянскую бальніцу.
З іншага боку, гэтую трагедыю мы мусім разглядаць толькі ў кантэксце. Я доўгі час працаваў лекарам у месцах зняволення, мне вядомыя выпадкі, калі чалавек з інваліднасцю першай групы забіў чалавека – хіба ў гэтым выпадку ён не будзе сядзець? Будзе.
Але за што Мікалай Клімовіч атрымаў год калоніі? За карыкатуру? Калі нават адкінуць пытанне – ці злачынства гэта ўвогуле? – дык заканадаўства прадугледжвае для такіх “злачынцаў” іншыя меры пакарання, не звязаныя са зняволеннем; улічваючы паважаны ўзрост, сур’ёзнае захворванне, яго можно было пакараць інакш, без пазбаўлення волі.
Пакінем рытарычным пытанне: як у гэтай сітуацыі пачуваюць сябе суддзя, пракурор? Але я найперш выкажу спачуванне родным і блізкім загінулага – гэта вялікая трагедыя.
Праваабаронцы прызналі Мікалая Клімовіча палітвязнем – то бок невінаватым. Невінаватага чалавека пазбаўляюць волі і, адпаведна, неабходнага ўзроўню медыцынскай дапамогі; калі на волі адказнасць за зварот па медычную дапамогу ляжыць у асноўным на хворым, то ў нашым выпадку зняволены чалавек абмежаваны ў сваіх магчымасцях, адпаведна, і адказнасць ляжыць на адміністрацыі папраўчай установы.
– Хто аказвае медыцынскую дапамогу ў месцах зняволення? Я кажу пра кваліфікацыю медыцынскага персаналу.
– Вельмі складана гаварыць пра гэта. Па ўскосных звестках сітуацыя з камплектацыяй медыцынскіх кадраў вельмі складаная. Нават у лепшыя часы мае калегі не вельмі ахвотна ішлі ў пенітэнцыярную сістэму (праблемаў з сярэднім медперсаналам не было). Таму мы шчыльна кантактавалі з міністэрствам аховы здароўя, удзельнічалі ў размеркаванні выпускнікоў вну. Але як надоўга яны затрымліваліся ў сістэме, гэта ўжо іншае – спецыфіка працы ў месцах пазбаўлення волі вельмі цяжкая.
Зараз праблема куды складаней, чым у 2010-ыя. Пасля 2020 года з вялізным дэфіцытам медычных кадраў сутыкнулася нават грамадзянская медыцына. Ёсць інфармацыя, што ў некаторых пенітэнцыярных установах увогуле няма ўрачоў, а абавязкі лекараў выконвае сярэдні медыцынскі персанал – фельчары.
Яшчэ раз звярну ўвагу на неблагую нарматыўную базу: зроблена многае, каб давесці ўзровень медыцынскай дапамогі ў месцах пазбаўлення волі да такога ж у грамадстве. Але ёсць свая спецыфіка. Напрыклад, калі здараецца нешта надзвычайнае і трэба выклікаць хуткую дапамогу, пры найлепшым збегу абставінаў яе выклікаюць, але пры ўездзе і выездзе машыну будуць некалькі разоў правяраць. А гэта час, якога можа не хапіць для выратавання чалавечага жыцця.
– З’явілася інфармацыя, што па ўказанні Дэпартамента выканання пакаранняў МУС ад 29 красавіка, вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай, дазволена перадаваць толькі вітамінна-мінеральныя комплексы (не больш за адну ўпакоўку) і інсулін замежнай вытворчасці. Іншыя медыкаменты нібыта ёсць у наяўнасці ў медычных частках ізалятараў, таму перадаваць іх ці адпраўляць бандэроллю забаронена. Ці сапраўды хапае медыкаментаў ў месцах зняволення?
– Шчыра кажучы, я быў моцна здзіўлены: відаць, ужо ўсе бачылі здымак аб адпаведным распараджэнні ДВП. Канешне, трэба было б спраўдзіць гэтую інфармацыю.
Дазвол на перадачу лекаў зняволеным прадугледжаны “Інструкцыяй аб медыцынскім забеспячэнні спецкантынгенту”, зацверджанай сумеснай пастановай МУС і Мінздароўя. Згодна іерархіі нарматыўных актаў, інструкцыя мае большую юрыдычную сілу, чым распараджэнне (загад) кіраўніцтва ДВП. То бок, кіраўніцтва ДВП не можа прымаць выдаваць указанні, якія супярэчаць Інструкцыі ці абмяжоўваюць яе.
Калі інфармацыя сапраўдная, то яна сапраўды бянтэжыць. Адно і тое ж дзеючае рэчыва, напрыклад, замежнай вытворчасці, можа выклікаць алергію ці іншыя пабочныя эфекты, у той час як айчыннай вытворчасці – не; і наадварот. Узяць і проста так абмежаваць перадачу лекаў – складана зразумець, для чаго гэта робіцца. Давайце ўявім сабе, што патрэбныя лекі ёсць у наяўнасці ў медчастцы. Папраўчая ўстанова – дзяржаўная структура, ўсе закупкі ажыццяўляюцца за кошт дзяржбюджэту, а гэта значыць, найперш закупляюцца прэпараты айчыннай вытворчасці. Але часта лекі аднаго вытворцы выклікаюць у хворага алергію або іншыя пабочныя дзеянні, іншага – не. Да прыкладу, хворыя на цукровы дыябет нават на волі могуць бясплатна атрымаць лекі айчыннай вытворчасці, але нярэдка вымушаныя купляць замежныя лекі.
Спадзяюся, што гэта ўсё-такі несапраўдная інфармацыя. Так, безумоўна, у месцах зняволення ёсць складанасці з захаваннем асабістых лекаў, з іх пратэрміноўкай, а што рабіць, калі зняволены выходзіць на волю? Пытанні ёсць, але яны носяць тэхнічны характар і павінны вырашацца ў рабочым парадку.
– Ці можна ўвогуле параўноўваць смяротнасць у пенітэнцыярнай сістэме і на грамадзянцы?
– Складана параўноваць. Як правіла, у месцах пазбаўлення волі смяротнасць меншая,. Мы запытвалі гэтую статыстыку ў ДВП, але атрымлівалі адмовы. Тое наводзіць на думку, што не ўсё з гэтым добра.
Хаця структура пенітэнцыярнага кантынгента адрозніваецца ад структуры насельніцтва ў грамадстве: у месцах зняволення значна менш старых людзей, сярод якіх смяротнасць найбольшая, але адначасова адсутнічаюць дзеці і падлеткі да 16 гадоў, дзе смяротнасць найменшая. Зважаючы, што людзі ў месцах пазбаўлення волі знаходзяцца пад пастаянным кантролем, пад прафілактыкай і наглядам, відавочна, смяротнасць сярод зняволенага насельніцтва мусіць быць ніжэйшая.
Але зноў-такі ёсць нюансы: смяротнасць – гэта адно, а летальнасць – зусім іншае.
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…