Аляксандр Фрыдман: Украіну пакуль задавальняе тое, што робіць беларускі рэжым
Кіеў пакуль не збіраецца паўтараць белгарадскі сцэнар у Беларусі. Але Украіна паказвае, што такая опцыя ёсць і пры адпаведным развіцці падзеяў яна можа ёй скарыстацца.
22 траўня нібыта “Рускі добраахвотніцкі корпус” і легіён «Свабода Расіі», якія ваююць на баку Украіны, пры падтрымцы бронетэхнікі і танкаў перасеклі расійскую мяжу і занялі некалькі населеных пунктаў.
23 траўня баі ў Белгарадскай воабласці працягваліся, улады аб’явілі пра “зачыстку тэрыторыі”…
Гісторыя ахутана поўным туманам і нараджае шмат пытанняў…
Ці магчымы падобны сілавы сцэнар у Беларусі? Калі непазнаныя ўзброеныя сілы ўвайшлі на тэрыторыю РФ, то што можа перашкодзіць ім перайсці беларускую мяжу? Тым больш, у Мінску даўно агучвалі падобныя сцэнары з “баевікамі” ад Маларыты да Мінска.
Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
– Вельмі цяжка сказаць, што насамрэч адбываецца ў Белгарадскай вобласці. Відавочна, гэтыя людзі прыйшлі з Украіны, відавочна, што там дзейнічаюць і расіяне. Што мы ведаем пра іх? Толькі тое, што яны выкарысоўваліся для дыверсій на тэрыторыі Расіі мінулы раз, у Бранскай вобласці, і цяпер – ужо ў Белгарадскай вобласці.
Да гэтага часу ў баях на тэрыторыі Украіны гэтыя людзі не ўдзельнічалі, прынамсі, актыўна, пра іх нічога не паведамлялася. Гэта прынцыповае адрозненне ад палка Каліноўскага, пра які вядома куды больш, бо ён увесь час знаходзяцца на віду. Відавочна, што іх выкарыстоўваюць для акцый на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.
Хаця пра ўдзельнікаў уварвання паступае вельмі супярэчлівая інфармацыя: і пра іх склад, і пра іх колькасць, а таксама пра іх дзейнасць.
Цяжка сказаць, ці ўдзельнічаюць у падзеях у Белгарадскай вобласці ўкраінцы ці не. Расійская прапаганда падкрэслівае: адназначна так, са свайго боку Украіна адмяжоўваецца. Мы маем словы адных супраць словаў другіх.
На Захадзе назіральнікі не выказваюць асаблівага сумневу ў тым, што ў падзеях на тэрыторыі Расіі ў пэўнай ступені задзейнічана і Украіна, то бок, гэта акцыя Кіева, хаця той, зразумела, не прызнаецца.
– Ці варта чакаць паўтарэння такога сцэнару ў Беларусі?
– Такая акцыя можа адбыцца і на тэрыторыі Беларусі. Але пакуль што выглядае абсалютна тэарэтычна. Для Лукашэнкі, чалавека з канспіралагічнымі поглядамі на жыццё, белгарадская гісторыя вельмі непрыемная: ён будзе жыць з гэтым страхам і будзе перасцерагацца паўтарэння такога сцэнару. Думаю, зусім невыпадкова менавіта зараз з’явілася відэа з Мікалаем Швяцом, якога абвінавачваюць у пашкоджанні расійскага самалёта ў Мачулішчах і якому пагражае смяротнае пакаранне. Прапаганда распаўсюджвае відэа, у якім Швец просіць Зяленскага прыкласці ўсе намаганні для ягонага вызвалення. У пэўнай ступені гэтае відэа можна расцэньваць як лукашэнкаўскі адказ на пагрозу.
Падобны сцэнар верагодны і ў Беларусі, тым больш, полк Каліноўскага сапраўды існуе – гэта абсалютна рэальныя людзі, у адрозненне ад паўміфічных легіёна «Свобода России» і «Русского добровольческого корпуса». Полк Каліноўскага існуе – гэта значыць, што яго можна па-рознаму выкарыстоўваць, як і Грузінскі легіён, што вядзе барацьбу ў складзе ЗСУ, для палітычных працэсаў у Грузіі.
Але гэта выключна тэарэтычныя разважанні. Нічога не гаворыць пра тое, што нешта падобнае зараз можа адбыцца на тэрыторыі Беларусі. Як мы бачым, полк Каліноўскага ўдзельнічае ў баях на зусім іншых участках фронта. Калі б украінцы меркавалі ёпаўтарыць белгарадскі сцэнар, то мела б сэнс накіраваць каліноўцаў у глыбокі тыл і размясціць іх на мяжы Украіны з Беларуссю – каб стварыць пагрозу. Але ж яны гэтага не робяць. Каліноўцы апошні час знаходзяцца ў Бахмуце – на самым гарачым участку фронту. Таму пакуль нішто не сведчыць за тое, што Украіна гатовая паўтарыць такі сцэнар у Беларусі.
Але Лукашэнка для сябе высновы зробіць. Мы бачым, якія цяжкасці ўзніклі ў Расіі – у Расіі, якая была падрыхтаваная, у якой ёсць усё, каб процідзейнічаць узброенаму ўварванню. Давайце на хвіліначку ўявім сабе, што такі атрад з’явіцца на тэрыторыі Беларусі – гэты сцэнар у свой час апісваў Церцель. (17 кастрычніка 2022 года старшыня КДБ на сустрэчы з калектывам МТЗ гаварыў: “Яны змогуць зайсці з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў маларыцкім напрамку. Групоўка ў складзе ад 100 да 300 баевікоў з сучасным узбраеннем, паводле іх планаў, павінна будзе захапіць найбліжэйшы населены пункт, пажадана райцэнтр. Затым да іх далучацца найміты з іншых краін на падставе добраахвотнікаў з Украіны. Паступова, наносячы страты нашым праваахоўнікам, яны будуць рухацца да Мінска”). Праўда, уварванне планавалася на лістапад таго ж 2022-га. – СН). Нават рэдакцыя, прапанаваная Церцелем, выглядала не дужа ўдалай для рэжыма: “баевікі” мусілі прайсці ад Маларыты да Мінска. Рэжым разглядае такія сцэнары.
Скажу больш: калі каліноўцам зараз прапанаваць, то сярод іх, напэўна, знайшліся б дабраахвотнікі зайсці на тэрыторыю Беларусі. Іншая справа, што зараз гэта відавочна не ў інтарэсах Узброеных сіл Украіны, таму яны нічога такога рабіць не будуць. Пакуль не будуць.
Гэта не галоўная задача – даслаць нейкі мэсэдж Міснку. Але рэакцыя дзяржаўнай прапаганды паказвае: ён сам зразумеў, што можа быць. Мы толькі тэарэтычна можам разважаць, як павядуць сябе Узброеныя сілы Беларусі, а рэжым дакладна ведае пра іх стан, і напэўна, зусім не ўпэўнены, што сітуацыя будзе развівацца па станоўчым сцэнары.
– Акрамя палка Каліноўскага, ці могуць з’явіцца на сцэне новыя гульцы?
– Тут вось што трэба разумець. Усе гэтыя падзеі маюць у асноўным прапагандысцкі эфект, украінцы выдатна выкарыстоўваюць іх у сваёй ваеннай прапагандзе. То бок, украінскаму насельніцтву прыемна, што баі пачаліся на тэрыторыі Расіі; у Расіі назіраецца пэўная занепакоенасць, а Захаду пасланы адпаведны сігнал: глядзіце, якія яны слабыя – не могуць падавіць праціўніка нават у Белгарадскай вобласці.
Мы ведаем, што ў колах беларускай эміграцыі ёсць людзі з радыкальнымі поглядамі, якія настроены вельмі рашуча. Пад уплывам таго, што адбываецца сёння, можна сабе ўявіць, што і ў беларускім асяродку могуць з’явіцца людзі, якія жадалі б паўтарыць белгарадскі сцэнар. Можна ўявіць, што і ў палку Каліноўскага ўзнікаюць пытанні: калі расіяне ў Белгарадскай вобласці змагаюцца за сваю свабоду, то калі мы ўжо атрымаем магчымасць пазмагацца за сваю справу? Чаму мы ў Бахмуце, а не ў Беларусі?
Але сітуацыя пакуль зусім іншая. Уваходзіць на тэрыторыю Беларусі, дэстабілізаваць яе, Украіне зараз абсалютна не патрэбна. Тое, што Лукашэнка зараз робіць, Украіну цалкам задавальняе. Яны прызвычаіліся ўжо да суіснавання – Буданаў пра гэта адкрыта і сказаў.
Украіна пакуль не збіраецца паўтараць белгарадскі сцэнар у Беларусі. Але Украіна паказвае, што такая опцыя ёсць і пры адпаведным развіцці падзеяў яна можа ёй скарыстацца.