Татальны кантроль над культурай: ад Шчамялёва да Караткевіча, не кажучы пра сучаснікаў
З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэматычна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Апошні дакумент аналізуе падзеі са студзеня па вясну 2023 года.
Гутарым з кіраўнічкай арганізацыі Таццянай Нядбай.
– У мінулым інтэрвію мы гаварылі ў асноўным пра наўпроставы крымінальны пераслед людзей мастацтва і літаратуры. Але вы адсочваеце і парушэнні культурных правоў грамады. Тут таксама карціна цалкам негатыўная?
Вось, так бы мовіць, штрыхі ў партрэт: ліквідацыя двух выдавецтваў – «Янушкевіч» і «Кнігазбор»; адмена канцэрта гомельскага фолк-гурта «Ягорава Гара»; закрыццё «Prime Hall» – адной з найважнейшых канцэртных пляцовак сталіцы; распаўсюд «стоп-ліста» артыстаў, чые выступы забаронены ў Беларусі; цэнзура на мастацкай выставе беларускага жывапісу «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне…»; затрыманне экскурсійнай групы, якая ехала ўдзельнічаць у беларускім абрадзе «Калядныя цары», уключаным у спіс ЮНЕСКА; зняцце з пракату расійскага фільма «О чем говорят мужчины. Простые удовольствия» («Пра што гавораць мужчыны. Простыя задавальненні»); адмена фестывалю «Нефільтраванае кіно»…
І хоць гэта далёка не поўны пералік зафіксаванага інфармацыйнага масіву, але ўжо бачна, што рэпрэсіўнае кола ахоплівае літаральна ўсе сферы культурнага поля.
– Рэжым імкнецца устанавіць жорскі кантроль над тым, што мы хочам чытаць, слухаць, глядзець? Над чым мы хочам разважаць і дыскутаваць?
– Грамадству прапануецца не выбіраць сваё – тое, што мы лічым блізкім і патрэбным для сябе, фактычна людзей прымушаюць зараз спажываць адцэнзураванае пад густы і патрэбы ідэалагічнай вертыкалі.
– А яны прамалінейна, аглаблёва вядомыя: да Вялікага Кастрычніка не было нічога, Беларусь заквітнела толькі пры саветах, дзеля чаго мусіла перамагчы процьму ворагаў… Можна патлумачыць гэткую стратэгію на чарговых прыкладах?
– Калі браць тую ж тэму зацятай барацьба уладаў з «непатрэбнай» гістарычнай памяццю, то варта згадаць, як у касцёле ў смаргонскіх Солах зафарбавалі 100-гадовую фрэску «Цуд на Вісле».
Або такі факт: у Зэльве дэмантаваны помнік паэтцы-дысідэнтцы Ларысе Геніюш.
Глядзіце, што адбываецца: савецкая ўлада пры Сталіне рэпрэсавала паэтку, але затым з 1967 года дазволіла ёй друкавацца: тагачасны старшыня Вярхоўнага Савета, падпольшчык, змагар з буржуазнай Польшчай, правераны-пераправераны камуніст Максім Танк блаславіў зборнік… Бо палічыў талент вышэйшым за ідэйную непрымірымасць Геніюш. В 1996 году «Беларусьфильм» за дзяржаўныя грошы зняў «Птицы без гнезд» – гэта зноў жа пра яе, Геніюш. А зараз – адкат да змрочных часоў. Ідэалогія найперш, а мастацтва і культура – яе абслуга. З гэтым напрамкам цяпер прапануюць змірыцца і творцам, і прыхільнікам мастацтва, літаратуры, культуры…
– Можна больш падрабязна расказаць пра тэхналогію гэтага “змірэння”?
– Характар дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры выяўляецца праз розныя працэдуры “чорнага” арсенала змагання з іншадумствам па ўзоры савецкіх часоў.
Напрыклад, такі вядомы, як жорсткі кантроль за ўсім, што адбываецца ў тэатральных і кінаканцэртных, музейных залах. Мы становімся сведкамі рэгламентацыі выстаў, культурна-відовішчных мерапрыемстваў і дзейнасці экскурсаводаў, рэпертуарнай палітыкі і падбору кадраў паводле прынцыпу лаяльнасці. Гэтаму працэсу пасуе працяг прымусовай ліквідацыі некамерцыйных куртурных арганізацый – 10 за справаздачны перыяд і пад 200 з канца 2020 года.
Характэрна, што ў першым квартале 2023 года ў спісах на ліквідацыю апынуліся нават такія бяскрыўдныя з гледзішча здаровага сэнсу грамадскія аб’яднанні, як «Танцавальна-спартыўная ліга» і «Танцавальна-спартыўны клуб “Людміла” »…
Што цікава, кантралюючы ўсё і ўся з таго, што не пасуе “генеральнай лініі”, ідэолагі не лічаць за сорам паралельны імпарт і пірацкае выкарыстанне музычных і аўдыявізуальных твораў, калі размова заходзіць пра “сваіх” партнёраў у новай псеўдакультуры.
– А што саромецца, як не могуць за гэты час сфармаваць проста колькасна трупу купалаўскага тэатра?
– Ну так: вось і расце колькасць запрошаных расійскіх артыстаў і рэжысёраў. І што – яны ўпішуцца ў беларускі каноны, нацыянальны кантэкст?
Напрыклад, у пастаноўках Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета задзейнічана ўсё больш расійскіх артыстаў: гэта тычыцца балетнай трупы, дырыжораў, салістаў.
Ці яшчэ адзін красамоўны факт: «Беларусьфільм» здыме кінастужку паводле рамана класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» ў супрацоўніцтве з расійскім рэжысёрам…
Адначасова абрубаюцца даўнія сувязі з захадам: спынена дзеянне пагадненняў з Францыяй і Польшчай аб супрацоўніцтве ў сферы культуры і адукацыі… У студзені польскую пісьменніцу Маю Вольных не пусцілі ў Беларусь, нягледзячы на бязвізавы рэжым, які дзейнічае для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы, і забаранілі ёй уезд у краіну на 20 гадоў.
Калі расцэньваць гэтыя ды іншыя падобныя крокі як своеасаблівы ўдар па культурніцкіх звычках старэйшых пакаленняў, то малодшым у школах і дзіцячых садках падсоўваюць выхалашчаную патрыятычную адукацыю праз прызму расійскага і савецкага бачання той самай гісторыі.
– Тут дарэчы згадаць, напрыклад, Пастанова «Аб экскурсійным абслугоўванні», якая рэгулюе дзейнасць экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Фактычна яна запальвае чырвонае святло перад “няправільнымі” спецыялістамі?
– Цяпер працаваць паводле прафесіі могуць толькі тыя, хто прайшлі атэстацыю, ну і катэгарычна не дапускаюцца асобы, што мелі судзімасць паводле палітычных артыкулаў.
Новыя нормы прадугледжваюць таксама, што ладзіць экскурсіі ў музеях могуць выключна іх супрацоўнікі – з ужо зацверджанымі, стоадсоткава “правільнымі” тэзісамі і каментарамі найскладаных, часам неадназначных гістарычных падзей. Абслугоўванне іншымі асобамі катэгарычна забаронена: “крамола” не пройдзе!
– Калі коратка: у чым сутнасць новых зменаў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры?
– У татальнай падкантрольнасці гэтай важнай сферы нашага жыцця.
– Як тое адбываецца на практыцы?
– Скажам, з’явілася ідэя арганізаваць мастацкую выставу. У такім разе вы абавязаны паведаміць пра яе чыноўнікам, падаць інфармацыю пра арганізатара, аўтараў твораў, якія выстаўляюцца, іх творчыя біяграфіі… І вось тут пачынаецца татальная праверка на ідэалагічную выверанасць мастацтва і творцаў… Тое самае тычыцца іншых культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Вы зможаце атрымаць спецыяльны дазвол – пасведчанне толькі пасля ацэнкі задзейнпічаных асоб у органах унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі і (або) у Міністэрстве культуры, а далей сіламі спецыяльна створанага мастацкага савета будуць ацэнены эстэтычная значнасць, мастацкая цэласнасць, афармленне, драматургія, узровень выканальніцкага майстэрства і іншыя складнікі заяўленага мерапрыемства.
– То бок – фільтры, фільтры, фільтры?
– Так, прычым – літаральна на ўсё.
І найбольш прыдзірліва прыглядаюцца да ўсяго, што нават ускосна тычыцца непажаданых, “нелаяльных” па меркаванні рэжыму асобаў – тых, хто патрапіў у масавыя “чысткі”. Паводле слоў міністра культуры Анатоля Маркевіча, «здраднікам не месца на сцэне».
Такім чынам, асноўны курс дзяржаўнай палітыкі – гэта дэбеларусізацыя, русіфікацыя, саветызацыя, мілітарызацыя, ідэалагізацыя, прапаганда і мова варожасці, дыфамацыя, пераслед за бел-чырвона-белую сімволіку, палітычнае выкарыстанне гісторыі, дыскрымінацыя ўкраінскай і польскай моў і іншыя кірункі.