У рэжыма з’явіцца магчымасць папужаць “вагнераўскай” кувалдай. Але…
Прыгожын занадта прывык да аўтаноміі, каб нават пасля паразы паслядоўна служыць некаму: гэта хутчэй фактар напружання для рэжыму, чым стабілізацыі.
“Бунт Прыгожына” ўскаламуціў і без таго мутную палітычную вадзіцу ў рэгіёне. А што далей? Ціпаделяцца “вагнераўцы”, абавязаныя Лукашэнку выратаваннем, сваім уменнем кувалдай махаць?
Пагаварылі з Пятром Рудкоўскім (Інстытут філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук).
– Афіцыйны Мінск цяпер лічыць абавязаным сабе і Пуціна, і Прыгожына адначасова. Што насамрэч мяняе незвычайная гісторыя найперш ва ўзаемаадносінах з Крамлём?
– Чарговы раз разыграна роля сціплага і цвярозага палітыка. Хоць на камеру і прагучала: перастаньце рабіць героя з мяне або Пуціна, або Прыгожына. Калі зыходзіць з рыторыкі, гэта не зусім упісваецца ў спробу зрабіць абавязаным Пуціна ці Прыгожына. А як выглядае справа па-за рыторыкай – тут болей пытанняў, чым адказаў. Сумняюся, што беларускі кіраўнік згуляў якуюсь істотную ролю ў гэтай гісторыі, хоць не магу не прызнаць, што ў іміджавым плане ён выйграў. Мяркую, план развязкі праблемы вагнераўскага бунту паўстаў без яго ўдзелу. І калі так, то гэта практычна нічога не мяняе ва ўзаемаадносінах: папросту маем чарговую паслугу, з той толькі розніцай, што гэтая паслуга прынесла не прыніжэнне, а іміджавыя здабыткі.
– “Долг платежом красен”, кажуць рускія. Ці ўдасца беларускаму рэжыму паставіць на сваю службу ПВК “Вагнер” ці хоць бы ягоную частку?
– Ну, тут спроба падсмажыць некалькі страваў на патэльні, пакуль яна гарачая. «Вагнераўцы ў складзе беларускага войска» – гэта больш мяккі аналаг намёкаў на размяшчэнне ў Беларусі (або вяртанне) стратэгічнай ядзернай зброі. Добрая нагода лішні раз папалохаць недругаў і паказаць прыхільнікам, наколькі рэжым моцны і грозны. Думаю, што ўсе заявы на дадзеным этапе перадусім на гэта разлічаны. Ці існуюць нейкія сур’ёзныя намеры наконт кааптацыі вагнераўцаў для служэння рэжыму? Калі так, то які патэнцыял такой ідэі? Тут я губляюся ў здагадках: не выключаю, што будзе рабіцца такая спроба, але не магу ацаніць, наколькі яна імаверная.
– Такое ўражанне, што нам паказваюць адну карцінку, каб захаваць іншую. Галоўны рэсурс Прыгожына – і матэрыяльны, і чалавечы знаходзіцца ў Афрыцы. Ці не там жадае атрымаць сплату за доўг Мінск?
– У такім рэчышчы не аналізаваў… Не маю акрэсленых думак на гэты конт.
– Прыгожын пайшоў супраць Пуціна, пойдзе і супраць Лукашэнкі – як толькі з’явіцца адпаведны інтарэс. Больш за тое, прытулак у Беларусі яго не можа задаволіць як мінімум з прычынаў бяспекі: падзьме іншы ветрык – здадуць яго, бы шклотару. У такіх варунках Прыгожын у Беларусі – гэта бОльшая ўстойлівасць рэжыму ці ўсё ж прыхаваная рызыка?
– Прыгожын стаў грозны і небяспечны дзякуючы вялікай колькасці жывой сілы, узбраенню і, хутчэй за ўсё, спрыянню з боку часткі ваенных элітаў. А раней, калі ў яго не мелася такіх вялізных рэсурсаў, ён быў адносна бяспечны.
Пакуль Лукашэнка кантралюе сітуацыю ў сілавых структурах (думаю, усцяж кантралюе), ад яго будзе залежаць, у якой ступені Прыгожын зможа ўзмацняцца. Калі не даваць разрастацца ваеннай сілай і сувязямі з генералітэтам, рызыкі для рэжыму мінімальныя.
Што да спрыяння ўстойлівасці рэжыму – тут таксама сумнеўна. З аднаго боку, з’явіцца магчымасць часам папужаць недругаў «вагнераўскай кувалдай», з другога боку, Прыгожын занадта прывык да аўтаноміі, каб тут паслядоўна служыць некаму. Гэта хутчэй фактар напружання, чым стабілізацыі.