TOP

Беларускі ПЭН: Помста за 2020: на корані нішчыцца ўсё, што славіць свабоду, шлях да вольнай Беларусі

Беларускі ПЭН амаль чатыры гады вядзе маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў. Гутарым са старшынёй арганізацыі Таццянай НЯДБАЙ пра апошнія тэндэнцыі.

– Беларускі ПЭН найперш канцэнтруе сваю ўвагу на праблемах літаратуры. Зараз іх вельмі шмат – пра тое шмат пішуць і кажуць. Як выглядае карціна не на ўзроўні фрагментаў, а ў цэлым?

– «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» цягам усяго паўгода прызнаны 18 кніг! Гэта працы Анатоля Тараса або пад яго рэдакцыяй – «Беларусь превыше всего! (О национальной беларусской идее)», «Запісы таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага. Выклікі “рускага свету” і Беларусь. Выпуск 6», «Постсоветский транзит: между демократией и диктатурой: Сборник статей», «Страницы прошлого: статьи по истории Беларуси», «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі: Матэр’ялы навукова-практычнай канферэнцыі», «Трансфармацыі ментальнасці беларусаў у XXI ст.: Матэр’ялы навукова-практычнай канферэнцыі», а таксама наступныя кнігі: Владимир Бешанов, «Год 1942 – учебный»; Вадим Деружинский, «Забытая Беларусь»; Сергей Захаревич, «Большая кровь: как СССР победил в войне 1941–1945 гг.»; Леанід Лыч, «Нацыя- нальна-культурнае жыццё на Беларусі ў часы вайны (1941–1944 гг.)»; Виктор Суворов, «Тень Победы»; Олег Усачев, «Кто, как и зачем убил Вильгельма Кубе»; Аляксандр Смалянчук, «“Вызваленыя” і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў»; Альгерд Бахарэвіч, «Апошняя кніга пана А.»; Анатоль Гатоўчыц, «Адысея капітана БНР»; Сергей Сюзев, «Двадцать лет рабства: Беларусь сегодня»; Алиция Дыбковская, Малгожата Жарын, Ян Жарын, «История Польши с древнейших времен до наших дней»; «Polskie pieśni patriotyczne».

Усяго ж з 2021 года 29 кніг – мастацкіх, публіцыстычных, навуковых – прызнаны «экстрэмісцкімі».

Пералічаныя вамі творы маюць выразны гістарычны акцэнт. Улады хочуць перапісаць мінулае краіны пад свае сённяшнія трэнды?

Гэта відавочна. Дарэчы, на сайце ПЭНа даступнае асобнае даследаванне 2022-ы – год «гістарычнай памяці» і палітычнага выкарыстання гісторыі ў Беларусі. Асобна хачу падкрэсліць, што такая, так сказаць, “рэканструкцыя” закранае ўсе інфармацыйныя каналы і нішы. Так, з вясны статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў» атрымалі Telegram-каналы пра гісторыю Беларусі: «Historyja» («Kanał pra našu historyju / Канал пра нашу гісторыю»), які з чэрвеня 2022 года ўжо лічыцца «экстрэмісцкім фарміраваннем»; «Belarus history» («История Беларуси в фото и коротких интересных фактах» – «Гісторыя Беларусі ў фота і кароткіх цікавых фактах»); аўтарскі канал краязнаўцы і экскурсавода Цімафея Акудовіча «Беларускі Бабілон» («Беларуская гісторыя ў незвычайных ракурсах»). Гэты спіс папоўніўся дзевяццю нумарамі навукова-папулярнага часопіса «Наша гісторыя» і трыма нумарамі незалежнага навуковага, навукова-папулярнага, грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «ARCHE», якія выйшлі ў 2018–2020 гадах.

Як казаць пра падзеі апошняй выбарчай кампаніі, то дагэтуль помняцца яркія сцэны з удзелам музыкаў – зорны час для многіх гуртоў і выканаўцаў! Тое ж не засталося па-за ўвагай карнага механізма?

– Паўгады таму прызнаны «экстрэмісцкім» панк-гімн канца 1990-х гадоў «Наш дом – Беларусь», кліп і тэкст песні «Экстремист» гурта «Дай дарогу!», старонка «Укантакце» беларускага неафолк-гурта «Крывакрыж», чыім opus magnum лічыцца альбом «Малітвы вайны», відэакліп «Sumarok – Чэрцi» гурта «Sumarok», які змяшчае кадры пратэстаў у Маладзечне ў 2020 годзе, музычныя кампазіцыі «2020», «Таракан (демо)» і «Папицот» гурта «Дети Хрущёвок», а таксама яго YouTube- канал і сацыяльныя сеткі…

Пералік, на жаль, доўгі. Але і з пералічанага зразумела: на корані нішчыцца ўсё, што славіць свабоду, шлях да вольнай Беларусі.

З чаго лагічна вынікае: варта і надалей чакаць наступ уласна на беларускую мову?

– Ён ідзе ў розных кірунках. 7 красавіка прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам» незалежнае друкаванае выданне «Рэгіянальная газета», якое шырока асвятляе тэмы культуры, гісторыі і мовы. Гэта беларускамоўная газета, якая выходзіла ў краіне з 1995 года і мусіла спыніць друкаваныя выпускі з ліпеня 2021 года пасля ператрусаў у рэдакцыі і ў журналістаў (галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч – палітвязень). 26 красавіка ў спісы занесены сайт Euroradio.fm (само СМІ мае статус «экстрэмісцкага фарміравання» з ліпеня 2022 года); 22 траўня – Telegram-канал «Толькі пра мову» («Канал для тых, хто пра мову думае і дбае. І пра чалавечую мову наагул – як унікальную зьяву і каштоўнасьць, і – найперш – пра беларускую мову зь яе багацьцем і праблемамі»); 8 чэрвеня – сайт (і сацыяльныя сеткі) Беларускай асацыяцыі журналістаў (прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем» у лютым гэтага года). 28 чэрвеня ў спісах Міністэрства інфармацыі з’явіліся сайт і Telegram-канал культурна-асветніцкага партала пра Бела- русь «Будзьма беларусамі!» Таксама можна адзначыць унясенне ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» інфармацыйна-забаўляльнае YouTube-шоу «Гэта Мінск, дзетка».

Прыкладаў дэбеларусізацыі хапае? Яны – вынік новага наступу “рускага свету”?

– Дыскрымінацыйнае стаўленне да беларускай мовы, пераслед за беларускую ідэнтычнасцьпраяўляецца ў самых розных формах.

У канцы чэрвеня стала вядома са СМІ пра вываз з Беларусі гісторыка-культурных каштоўнасцяў: рэлікварыя святога Феліцыяна Мучаніка – рэліквіі з Мінскага кафедральнага сабора, а таксама Берасцейскай (Радзівілаўскай) Бібліі – найрадчэйшага заходнеславянскага палеатыпа.

У апублікаваных матэрыялах ставіцца пад сумнеў законнасць вывазу рэліквій, аднак да цяперашняга часу дзяржаўныя органы не далі публічнай ацэнкі гэтым фактам, і гэтак жа мы не ведаем, ці вядзецца афіцыйнае расследаванне і якія захады робяцца.

Дзяржава працягвае палітыку, накіраваную на прасоўванне культуры і ідэалогіі «рускага свету»; вядзе барацьбу з «заходнімі каштоўнасцямі» і культурай (ЛГБТ-літаратурай, днём святога Валянціна і Хэлаўінам, персанажам Хагі Вагі і г. д.), польска-літоўскай спадчынай; распрацоўвае метадычкі для патрыятычнага выхавання новага пакалення і для адзінай дзяржаўнай палітыкі гістарычнай памяці; закрывае ўстановы са сферы прыватнай адукацыі; пераследуе чальцоў навуковых супольнасцяў, а таксама арганізацыі і супольнасці, заснаваныя на рэлігіі, палітычныя партыі і іншыя аб’яднанні.

Ці робяцца новыя крокі для ўзмацнення кантролю ў сферы культуры?

– Дастаткова згадаць пастанову «Аб экскурсійным абслугоўванні», якая рэгулюе дзейнасць экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Цяпер працаваць у прафесіі могуць толькі спецыялісты, якія прайшлі атэстацыю, да якой ад пачатку не дапускаюцца асобы, што мелі судзімасць паводле шэрагу (палітычных) артыкулаў. Адпаведна, у некаторых спецыялістаў пачалі ануляваць раней выдадзеныя пасведчанні аб атэстацыі. Аднак сярод пазбаўленых права на працу ёсць і тыя, хто не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, але на іх нібыта паступіла скарга або яны «не адпавядаюць маральным нормам экскурсавода». Таксама, паводле новых нормаў, экскурсіі ў музеях і музейных комплексах маюць права праводзіць толькі іх супрацоўнікі.

Заўважу: паралельна праходзіла працэдура пераатэстацыі не толькі экскурсаводаў, але і рамеснікаў. Каб застацца ў ранейшай сістэме падаткаабкладання (больш выгадна плаціць рамесны збор, а не падатак на прафесійны даход), майстры мусілі да 1 ліпеня пацвердзіць свой статус у спецыяльна створанай для гэтага камісіі пры мясцовай адміністрацыі, адным з патрабаванняў якой з’яўляецца выстаўленне вырабаў на спецыяльных дзяржаўных пляцоўках (выставах-кірмашах). Паводле наяўнай інфармацыі, ставілася задача скараціць колькасць рамеснікаў да 50 %. Як і ў сітуацыі з правам на арганізацыю культурна- відовішчных мерапрыемстваў, а таксама з экскурсаводамі і гідамі-перакладчыкамі, гэтая новаўведзеная працэдура – легалізаваны механізм адхілення пэўных людзей ад таго ці іншага віду паслуг.

Адначасова Законам «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці» дзяржава на два гады легалізавала паралельны імпарт і пірацкае выкарыстанне музычных і аўдыявізуальных твораў, камп’ютарных праграм і іншых аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці без згоды на тое праваўладальнікаў і без выплаты ўзнагароджання.

Такая вось “культурная” панарама найноўшай беларускай сучаснасці, калі казаць пра яе з перспектывы сабраных намі фактаў рэпрэсій.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.