Беларускі ПЭН: Негалосныя раней чорныя спісы іншадумцаў прымаюць форму публічных экстрэмісцкіх спісаў
Беларускі ПЭН падсумаваў факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў. Што засведчыў гэты маніторынг падзеяў за апошнія паўгады? Гутарым са старшынёй арганізацыі Таццянай НЯДБАЙ.
– Сфера культуры, безумоўна, вельмі ўразлівая. І сярод самых балючых “прыёмаў” супраць яе бачацца адміністрацыйныя перашкоды…
– Так. Напрыклад, не спыняюцца рэпрэсіі ў дачыненні да незалежнага кнігавыдавецтва. Якім чынам гэта робіцца?
10 студзеня 2023 года Эканамічны суд горада Мінска пастанавіў спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Янушкевіча ў якасці выдаўца – у выніку закрылася выдавецтва «Янушкевіч». Фармальная прычына такога рашэння – «выпуск у свет» друкаваных выданняў, «у якіх размяшчаюцца заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды знешняй бяспецы Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці, або загадзя непраўдзівыя звесткі, якія ганяць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама змяшчаюць інфармацыю экстрэмісцкага або парнаграфічнага характару, інфармацыю, якая прапагандуе вайну, нацысцкую сімволіку або атрыбутыку, культ гвалту і жорсткасці, або накіраваны на распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або разладу».
– І што за творы стаяць за гэтай грознай і размытай фармулёўкай?
– Творы аўтараў, якія не раз публічна выказваліся з асуджэннем гвалту і рэпрэсій – напрыклад, раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Творы на тэму, якая сёння з’яўляецца ўразлівай, — гісторыя, асабліва перыяду Другой сусветнай: навуковая манаграфія пра вайну Святланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941–1944 гг.)».
Але ёсць і вельмі выпадковыя выданні – напрыклад, дзіцячая кніга паводле верша Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькі буксір». Хто б мог падумаць: вядомыя зняважлівыя вершы Бродскага пра ўкраінцаў, імперскія па сваёй прыродзе, здавалася б, такія аўтары на сёння павінны былі б падтрымлівацца беларускімі ўладамі, бо апошнія актыўна прасоўваюць ідэалогію “рускага свету”, але кніга прызнаецца экстрэмісцкай праз колеры на вокладцы – колеры досыць выпадкова, падаецца, на ёй ужытыя. Гэта сведчыць таксама пра адстутнасць кампетэнтных спецыялістаў сярод рэпрэсіўных колаў і адстунасць глыбокага разумення сітуацыі.
– А чым кіраваліся бюракраты, калі ліквідавалі найстарэйшае прыватнае выдавецтва «Зміцер Колас»?
– Уамаль тое самае: яно пацярпела за выпуск зборніка дакументаў пра польска-беларускае памежжа 1939–1941 гадоў «“Вызваленыя” і заняволеныя» аўтарства доктара гістарычных навук Аляксандра Смаленчука. Зборнік унеслі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», вось Эканамічны суд Мінска і пастанавіў спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі.
– Механізм просты: спачатку чапляюцца за нейкую кнігу, а потым закрываюць выдавецтва на гэтай падставе?
– Тут масавая практыка: у працэсе ліквідацыі знаходзіцца выдавецтва «Кнігазбор», чыю дзейнасць Міністэрства інфармацыі прыпыняла на некалькі месяцаў летась, ужо ліквідаваны «Галіяфы» і «Лімарыус». Кнігі ўсіх гэтых выдавецтваў прыбіраюцца з сістэмы продажаў у дзяржаўных кнігарнях, як вынік – зніклі цэлыя паліцы. Не проста нейкі аўтар ці нейкая кніжка – паліцамі знікаюць. Можна сказаць, адна дзяржаўная кніжнасць засталася ў продажы.
– Сектар некамерцыйных арганізацый таксама церпіць істотнае скарачэнне?
– Па іх так жорстка прайшліся за два папярэднія гады, што, падавалася, на тым полі ўжо нічога жывога не заставалася…
Але ж не: вышукваюцца ўсё новыя і новыя ахвяры. За мінулыя паўгода ў краіне стала менш як мінімумна 21 НКА, якія працавалі ў сферы культуры.
Так, Вярхоўны суд ліквідаваў найстарэйшую грамадскую арганізацыю Беларусі – Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, створанае яшчэ ў 1966 годзе. Апошнія 15 гадоў таварыства ўзначальваў гісторык- этнолаг і культуролаг Антон Астаповіч. Унёсак гэтай арганізацыі ў захаванне гісторыка-культурнай спадчыны складана пераацаніць.
28 красавіка Гродзенскі абласны суд вынес рашэнне аб ліквідацыі першага афіцыйна зарэгістраванага ў Беларусі грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімціне» («Радзіма»). Арганізацыя працавала на базе сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання ў вёсцы Пеляса Гродзенскай вобласці з 1993 года (сама Пяляская сярэдняя школа была прымусова закрыта ўладамі ў жніўні 2022-га).
Усяго з пачатку мэтанакіраванай кампаніі ліквідацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі (з канца 2020 года) прымусова ліквідавана не менш за 204 арганізацыі культурнай накіраванасці.
– Ці заўважылі вы перапляценне адміністрацыйных перашкод з татальнай цэнзурай і забаронай на свабоду выяўлення?
– Возьмем кіно.
Міністэрства культуры адным званком адмяніла афлайн-фестываль аўтарскіх фільмаў «Нефільтраванае кіно», які меўся прайсці ў Мінску ў сакавіку. Пасля такім жа чынам тройчы былі сарваны адукацыйныя кіналекторыі фестывалю. Паводле разнарадкі знята з пракату новая частка расійскага фільма «О чем говорят мужчины». Перад прэм’ерай быў скасаваны паказ і адпраўлены «на дадатковую праверку» беларускі псіхалагічны трылер «Странный дом», які 6 красавіка без перашкод выйшаў у расійскі кінапракат. У цэнзураваным выглядзе прапусцілі руска-беларускі серыял «За полчаса до весны», прысвечаны легендарным «Песнярам», але твары “ненадзейных” акцёраў ДзмітрыяЕсяневіча і Георгія Пятрэнкі заблюрылі.
– Але дастаецца не толькі кіношнікам?
– Вось колькі фактаў у тэму: забаранілі фестываль касплэю «Free Time Fest» у Гомелі. Не адбыўся юбілейны канцэрт фолк-гурта «Ягорава Гара», чыя дзейнасць у прынцыпе вымушана прыпынена; адменены монаспектакль Івана Кірчука на пляцоўцы Купалаўскага тэатра; на некалькі месяцаў вымушана закрывалася адна з самых папулярных канцэртных пляцовак сталіцы – «Prime Hall». Ад цэнзуры і ўмяшання пацярпелі выставы беларускага жывапісу «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне…» і «Выстава беларускай станковай і кніжнай графікі ХХ–ХХІ стагоддзяў» у Палацы мастацтва, арганізаваныя Саюзам мастакоў. У Мінску і ў рэгіёнах адмянялі прэзентацыі кніг, лекцыі, круглыя сталы, здымалі з рэпертуару спектаклі, не давалі гастрольных пасведчанняў, не дапускалі ўдзелу ў выставах, канферэнцыях, фестывалях, сустрэчах і іншых мерапрыемствах «нядобранадзейных» для рэжыму дзеячаў культуры.
Сказанае вышэй пацвярджаюць словы міністра культуры Анатоля Маркевіча, якія прагучалі на выніковай калегіі Міністэрства культуры Беларусі ў лютым гэтага года: «Здраднікам не месца на сцэне, дзяржспецмерапрыемства гэта – або канцэрт у аграгарадку». Вось толькі гэта не артысты здрадзілі Беларусі, а самі чыноўнікі.
– Пра цэнзуру шмат кажуць апошнім часам. Як яна выглядае з гледзішча вашага маніторынга?
Калі прааналізаваць факты, можна казаць, сярод іншага, пра цэнзуру інстытуцыялізаваную. Гэта, у прыватнасці, змены ў Кодэксе аб культуры – яны рэгулююць і рэгламентуюць склад удзельнікаў культурнага мерапрыемства, яго тэму, назву, змест, арганізатара і г. д. Аднак і прысутнасць арганізатара ў дзяржаўным рэестры не гарантуе таго, што яму дазволяць правесці мерапрыемства. Мы ведаем пра шэраг выпадкаў, калі даваліся адмовы на заявы аб выдачы пасведчання на права арганізаваць і правесці культурна-відовішчнае мерапрыемства, напрыклад, на падставе падпункта 1.12 («парушэнне іншых патрабаванняў прававых актаў») пункта 1 артыкула 215 Кодэкса аб культуры – гэта значыць, па сутнасці, без тлумачэння прычын.
Ну і цэнзура негалосная: тут згадваюцца адразу “чорныя спісы” – феномен, які дзесяцігоддзямі існуе ў Беларусі, а пасля пратэстаў 2020 года як ніколі актуальны і маштабны. На сёння яны ёсць у дачыненні да прафесіяналаў усіх відаў мастацтва – літаратараў, мастакоў, фатографаў, музыкаў, гісторыкаў, музейшчыкаў, экскурсаводаў.
Мы заўважылі таксама «стоп-ліст» забароненых у Беларусі выканаўцаў. Музыка Вячаслаў Аркатаў расказаў пра цэнзураванне з боку Міністэрства культуры, адкуль спускаўся спіс забароненых песняў і гуртоў, сярод якіх, напрыклад, – украінскі выканаўца Макс Барскіх, таксама ўнесены ў згаданы вы-шэй «стоп-ліст».
Упершыню за час маніторынгу зафіксаваны такі від пераследу за іншадумства, як практыка выключэння з творчых саюзаў. Вядома, што рашэннем рады з Беларускага саюза мастакоў выключаны 10 мастакоў, сярод якіх – Алесь Пушкін, Генадзь Драздоў, Уладзімір Цэслер і іншыя.
– Адной з формаў барацьбы рэжыму з іншадумствам з’яўляецца зараз ўнясенне матэрыялаў у «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»?
– За выключэннем адзінкавых відаў прадукцыі неанацысцкага, нацыяналістычнага і радыкальна-рэлігійнага кірунку, абсалютная большасць матэрыялаў уключана ў спіс паводле палітычных матываў. У студзені–чэрвені 2023 года ў яго трапілі не менш за 75 матэрыялаў, якія змяшчаюць кантэнт культурнай тэматыкі (кнігі, часопісы, музычныя кліпы, сайты, YouTube- і Telegram-каналы, артыкулы і інш.) або маюць дачыненне да дзеячаў культуры (старонкі ў сацыяльных сетках). Важна адзначыць, што падставы, на якіх спіс папаўняецца, уступаюць у канфлікт са стандартамі выканання правасуддзя і ствараюць негатыўную правапрымяняльную практыку.
Тое, што раней было негалоснымі чорнымі спісамі (хаця і яны яшчэ працягваюць існаваць), дзяржава спрабуе “ўзаконіць” унясеннем у спіс экстрэмістаў і экстрэмісцкай прадукцыі. Безумоўна, “экстрэмісцкае” заканадаўства тут выкарыстоўваецца для ціску на іншадумцаў, для цэнзуры. Зрэшты, у фармулёўцы “экстрэмісцкае” заканадаўства можна смела прыбіраць двукоссі – гэта будзе адлюстраванне сутнасці і практыкі прымянення гэтых законаў.