TOP

«Успехов нет, но вы держитесь», або Давайце мерацца канферэнцыямі

6 жніўня ў Варшаве прайшла канферэнцыя «Новая Беларусь». Галоўная палітычная тэндэнцыя, якую яна прадэманстравала, – пацверджанне наяўнасці пэўнага процістаяння паміж палітычнай групай вакол Палка Каліноўскага і офісу Святланы Ціханоўскай.

Ужо ўступнае слова Святланы Ціханоўскай было даволі шчыра-красамоўным. Спачатку прагучаў пералік таго, як усё кепска, а потым заклік – «давайце верыць». Сярод перамог фактычна быў названы толькі нядаўні марафон салідарнасці, калі былі сабраныя звыш за 500 тысяч еўра. Пры гэтым Ціханоўская не стала распісваць свае поспехі на міжнароднай арэне, свае сустрэчы з сусветнымі лідарамі – магчыма, адчуваючы, што гэта не выкліча прыліву энтузіязму ў прысутных, а асабліва – у гледачоў з Беларусі.

«Давайце змагацца са звычкай чакаць горшага», – заклікала Ціханоўская, хаця прычыны, якія ствараюць гэтую звычку, нікуды не зніклі. Магчыма, гэта магло нагадаць сумнавядомае «Денег нет, но вы держитесь». Але з іншага боку, трэба аддаць належнае – Святлана не стала прыхарошваць сітуацыю і пампаваць публіку бадзёрым, але недарэчным аптымізмам.

У вас свая канферэнцыя, у нас свая!

Галоўная палітычная тэндэнцыя, якую прадэманстравала варшаўская канферэнцыя – пацверджанне наяўнасці пэўнага процістаяння паміж палітычнай групай вакол Палка Каліноўскага і офісу Святланы Ціханоўскай. Відавочна, публічна ніхто гэта не назаве процістаяннем, але ідэя, агучаная прадстаўніком Палка Каліноўскага Паўлам Кухта, правесці ў Кіеве «сваю» канферэнцыю дзеля «стварэння шырокага нацыянальна-вызвольнага руха» – гэта безумоўнае перацягванне канату, спроба паставіць пытанне, хто ж сапраўды галоўная сіла ў апазіцыйным лагеры.

Вопытны і мудры палітык Павал Латушка адразу рашуча ўхваліў ідэю кіеўскай канферэнцыі. «На 90 працэнтаў мы пагаджаемся», – заявіў дыпламат Латушка, каментуючы крытычны выступ Кухты. Выдатна, маўляў, давайце збяромся і ў Кіеве, цудоўная ідэя, – казаў Латушка, захоўваючы straight face. Адзін з «міністраў» Кабінета ў размове са мной у кулуарах фактычна прызнаў, што яны вырашылі не адказваць на крытыку, наскокі, і «асіметрычныя адказы» з іншага боку апазіцыйнага спектра. Мне падаецца, што падыход каманды Ціханоўскай да гэтага суперніцтва можна акрэсліць так – публічна не спрачаемся з «апазіцыяй у апазіцыі», а іхныя нешматлікія вартыя ўвагі ініцыятывы «задушым у абдымках».

Полк Каліноўскага як ікона і кувалда

Асаблівасць сітуацыі ў тым, што Полк Каліноўскага – святое паняцце для кожнага беларуса, які хоча бачыць перамогу Украіны і, як вынік, перамогу незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Мы ўсе бязмерна паважаем гераізм нашых ваяроў, нашы сэрцы разрываюцца ад паведамленняў пра іхныя смерці – але гэта ніяк не азначае, што мы абавязаныя пагаджацца з любымі палітычнымі дзеяннямі і выказваннямі кіраўніцтва Палка. Калі прадстаўнік Палка Павал Кухта з трыбуны заяўляе «…пры захаванні існуючай стратэгіі па замене Лукашэнкі на ўмоўную Качанаву», – то ў мяне ёсць права канстатаваць, што гэта беспадстаўныя і неабгрунтаваныя словы.

Тым часам Полк у руках некаторых стаў «маральнай кувалдай», калі пытанне «вы што – супраць Палка Каліноўскага?» павінна адразу прымусіць замоўкнуць любога крытыка палітычнай пазіцыі кіраўніцтва палка. Імем палка пачалі карыстацца як іконай сілы, якія змагаюцца за лідарства і хочуць даказаць, што менавіта яны найбольш эфектыўна прадстаўляць інтарэсы беларусаў.

Праблема, аднак, у тым, што ніхто, наколькі вядома, ніколі не праводзіў апытанне альбо галасаванне сярод байцоў Палка наконт іхных палітычных перавагаў. Прынамсі, як сведчыць мой калега Зміцер Панкавец, які вось ужо некалькі месяцаў шчыльна займаецца тэмай Палка Каліноўскага і запісаў дзясяткі размоваў з яго ваярамі, сярод байцоў існуюць самыя розныя палітычныя сімпатыі і няма ніякай адназначнай падтрымкі палітычнай актыўнасці штабных кіраўнікоў.

Валер Сахашчык шчыра заяўляе, што ў яго, ня гледзячы на ўсе намаганні, не атрымліваецца станоўчага кантакту з кіраўніцтвам Палка Каліноўскага.

Ад «мудрага Пуціна» да «Беларусь – у Еўропу»

Анатоль Лябедзька заявіў, што ўсе ўдзельнікі форуму прысутнічаюць падчас гістарычнай падзеі, бо ўпершыню ў такой супольнасці адназначна заяўлена пра геапалітычны выбар на карысць Еўрасаюза. Праўда, Лябедзька як не самы малады чалавек у палітыцы, мог бы памятаць, што кандыдат ад БНФ Зянон Пазняк ішоў на першых прэзідэнцкіх выбарах 1994 году пад лозунгам «Беларусь – гэта вяртанне ў Еўропу» (праўда, цяпер Зянон Пазняк кажа пра Еўропу зусім іншае. «Для нас, для Беларусі, трэба як мага далей трымацца ад Расеі і ні ў якім разе не ісці ў Эўразьвяз. Таму што там фізічная смерць, а тут яшчэ горш. Гэта абсалютна гнілая цывілізацыя. Яна не мае будучыні», – напрыклад, заявіў Пазняк у 2019 годзе). Але, сапраўды, для каманды Ціханоўскай еўрапейскі выбар – гэта даволі радыкальны, хаця і вымушаны крок, улічваючы тое, што раней яны максімальна пазбягалі праблемы геапалітычнага выбару.

…У заключным слове на канферэнцыі Святлана Ціханоўская запыталася – «Ці ўдалося нам захаваць тыя дасягненні і энергію, з якой беларусы паўсталі на абарону сваёй перамогі ў 2020 годзе? Я спадзяюся, што так».

Магчыма, гэта вечнае пытанне напалову пустой альбо напалову поўнай шклянкі.

Але я не маю настолькі ж упэўненага адказу.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.