Правіцель не хоча закрыцця мяжы. Але ключыкі ад праблемы не ў Мінску…
Адкуль у кіраўніка Беларусі раптам узялася прымірэнчая рыторыка? Ці сапраўды ён збіраецца наладжваць стасункі з “калектыўным Захадам”?
Лукашэнка загаварыў пра неабходнасць аднавіць стасункі з Польшчай (даручаў Галоўчанку “звязацца з палякамі”) ды заклікаў не забываць пра “высокатэхналагічны Зхаад”: “адносіны з імі нельга губляць”. Адбылося гэта падчас паездкі ў Нацыянальны аэрапорт Мінск ды агляду завода грамадзянскай авіяцыі №407.
Дээскалацыя напружанасці ці прытупленне ўвагі?
Пагаварылі пра сітуацыю з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
– Пры ацэнцы вельмі важна разумець сітуатыўны момант: Лукашэнка наведваў Нацыянальны аэрапорт “Мінск”, займаўся “Белавія”. А што такое мінскі аэрапорт? Гэта заходні кірунак. Ён убачыў на ўласныя вочы ўсе наступствы заходніх санкцыяў, у тым ліку і супраць “Белавія”. У гэтым кантэксце і падкрэсліў важнасць заходняга кірунку. Напэўна, разуменне сітуацыі ўсё ж да яго прыйшло.
Калі шчыра, то наўрад ці ён рыхтуецца да сваіх выхадаў на публіку, бо народ задае падрыхтаваныя пытнні – тут усё зразумела.
Адначасова Лукашэнка выдае вельмі шмат экспромтаў. Не думаю, што ён ехаў у аэрапорт, каб выказацца на адрас Польшчы. А што да Галоўчанкі, якому ён нібыта даручаў “звязацца з палякамі”, паколькі іншых пацверджанняў гэтаму няма, то гэта могуць быць ягоныя фантазіі.
Бо тут, апрача ўсяго, узнікае яшчэ адно пытанне: чаму звязвацца з палякамі мусіць Галоўчанка, які ўнесены ва ўсе санкцыйныя спісы, які таксама вядомы сваёй антыпольскай рыторыкай, – а навошта тады міністр замежных спраў Алейнік, гэта ж яго епархія? Вельмі сумнеўныя заявы.
Па-другое, сітуацыя, якая складваецца на мяжы, таксама паўплывала на Лукашэнку. Правіцель – я ў гэтым цалкам ўпэўнены – не жадае, каб мяжа зачынілася, не жадае, каб спыняўся транзіт: ён выдатна разумее наступствы для беларускай эканомікі і беларускіх партнёраў, важных партнёраў кшталту Кітая. Ён займаецца дээскалацыяй.
Дарэчы, выпадак з беларускімі верталётамі, якія парушылі паветраную прастору Польшчы, ён так і не патлумачыў. Пры гэтым дакладна разумее, што ключы ад сітуацыі не ў яго. Хоць і робіць усё магчымае, каб не дапусціць закрыцця мяжы. Але могуць здарыцца рэчы, якія ён не ў стане кантраляваць.
У гэтай сувязі я б звярнуў увагу на цікавы момант (ізноў пытанні: гэта экспромт, фантазіі, ці было насамрэч?). Ён падкрэсліў, што на гэтым тыдні меў размову з Пуціным.
Размову з Пуціным, пра якую не паведамлялі ні расійскія крыніцы, ні беларускія. Узнікае пытанне: а што здарылася такое адметнае, што неабходна было абмеркаваць?
Акрамя мяжы, нічога не было. Ускосна гэта сведчыць пра тое, што яны абмяркоўвалі пытанне мяжы, пра што публічна не гаварылася. А гэта яшчэ раз сведчыць за тое, што пытанне мяжы знаходзіцца на кантролі ў Пуціна, у Расіі – Лукашэнка ўвогуле не пры справах, падобна.
Ну і жорсткасць палякаў, пагрозы зачыніць мяжу сыгралі сваю ролю. Таму, відаць, Лукашэнка і павёў сябе больш лагодна. Вось толькі насамрэч гэта нічога не значыць: будзе наступны тыдзень – будзе новая рыторыка.
Я б не займаўся спекуляцыямі на тэму, як робяць некаторыя заходнія выданні, якія адразу падхапілі лукашэнкавы выказванні і разважаюць: а што гэта ўвогуле было? А можа, гэта прапанова з ягонага боку, а можа гэтая прапанова ідзе з Расіі праз яго? Гэта ягоныя экспромты – на наступным тыдні будзе зусім іншая рыторыка.
– Ці здольнае лукашэнкава “прымірэнне” паўплываць на працэс закрыцця беларускай мяжы, які супольна запусцілі Польшча, Літва і Латвія?
– Думаю, ніяк: яны лукашэнкавым словам не вераць. Польшча і краіны Балтыі займаюць досыць жорсткую пазіцыю, выпрацаваную доўгімі гадамі стасункаў: з Лукашэнкам размаўляць няма пра што, трэба дзейнічаць.
Адзінае, што ён разумее, не словы, а справы, прычым рэальныя справы. Як толькі з ім пачынаюць паводзіць жорстка, тады ён пачынае рэагаваць, калі ж з ім шукаеш кампраміс, то гэта не мае сэнсу. Таму заходнія суседзі будуць гнуць сваю лінію.
Тым больш што яны ўбачылі поспех сваіх пагрозаў: накіравалі дадатковыя кантынгенты вайскоўцаў на мяжу, і адразу Лукашэнка загаварыў пра нейкія кампрамісы. Папярэдняя рыторыка ад цяперашняй вельмі адрозніваецца. Думаю, Польшча і краіны Балтыі не будуць звяртаць увагі на ягоныя словы, а будуць глядзець, што адбываецца на мяжы.
Тут нельга выключаць і іншую магчымасць. З аднаго боку, Лукашэнка паводзіць сябе лагодна, спакойна, працягвае руку, а з другога боку адначасова ідзе падрыхтоўка правакацый. Нельга выключаць, што ён проста хоча прытупіць увагу суседзяў. Таму на ягоную рыторыку ніхто не будзе звяртаць увагу, для іх з Лукашэнкам усё зразумела. І даўно.
– Асцярожная прапанова, што нельга губляць заходнія рынкі, нельга пссаваць стасункі з Еўразвязам, – пра што яна, калі і так усё сапсавана? Ці гэта ўсё самая старая песня пра галоўнае – пра грошы?
– Абсалютна! У Лукашэнкі пасля 20-га года, асабліва з 2022-га, склаўся вялікі комплекс непаўнавартасці: яго не заўважаюць, яго не разглядаюць як самастойную фігуру, яго нікуды не запрашаюць, з ім не жадаюць размаўляць. Яго нават не разглядаюць у якасці фактара. Нават цяпер некаторыя аналітыкі кажуць, што, магчыма, пра Беларусь давядзецца размаўляць з Пуціным.
Вельмі непрыемны пасыл, але такое магчыма. А Лукашэнку не ўспрымаюць як фігуру, з якой можна размаўляць і дамаўляцца; дамінуе меркаванне, што Лукашэнка больш не кантралюе сітуацыю ў Беларусі, Беларусь знаходзіцца пад поўным кантролем Масквы. Таму ягоныя заклікі – гэта фактычны заклік да перамоваў: заўважце мяне, давайце паразмаўляем, давайце пашукаем кампраміс.
А лозунгі беларускай прапаганды пра тое, што мы важны фактар, мы можам дапамагчы ўрэгуляваць сітуацыю ва Украіне – усе прапагандысцкія пытанні не даходзяць да Захаду. Бо Лукашэнка разглядаецца як частка вялікага расійскага прапагандысцкага апарату, як Мядзведзеў ці любы расійскі губернатар. А Лукашэнка дамагаецца, каб яго ўспрымалі, каб з ім лічыліся. І хоць ніякіх зрухаў у гэтым накірунку няма, ён будзе працягваць патугі.