Беларускі ПЭН зладзіў на ўмовах ананімнасці мэтавае даследаванне сярод 42 спецыялістаў у сферы культуры. Размова ішла пра тое, як яны пачуваюцца ў цяперашніх беларускіх рэаліях, што бачаць знутры, якія трэнды хвалююць творцаў, змушаных трымаць абарону сваіх пазіцый.
Раней маніторшычыкі здабывалі і абагульнялі факты з адкрытых крыніц інфармацыі (СМІ, блогі, сацыяльныя сеткі), а таксама праз непасрэдную камунікацыю з літаратамі, мастакамі, акторамі, музыкамі…
Але чым далей ад 2020-га, тым усё больш фактаў парушэнняў набывалі непублічны характар.
Тут шмат прычын: выдаўлены і аслаблены рэпрэсіямі незалежныя СМІ, у іх істотна паменела каналаў камунікацыі. Што да сацсетак, то жорсткі тэрор унутры краіны змушае людзей да асцярожнасці, самацэнзуры.
У выніку маем свайго роду “добраахвотную” фільтрацыю таго, што адбываецца з патрапіўшымі ў бяду людзьмі. Іх драматычныя гісторыі часцяком не выходзяць за межы сем’яў, блізкага кола знаёмых, падрабязнасці прасочваюцца хіба ў кулуары і закрытыя прафесійныя групы.
Вось чаму Беларускі ПЭН і зладзіў дадатковае даследаванне сярод спецыялістаў з крытычным мысленнем і шматгадовым досведам працы ў сферы культуры.
Мэта суразмоўяў – атрымаць дадатковыя факты пра формы, віды і аб’ём цяперашніх рэпрэсій супраць творцаў, лепш зразумець наяўныя тэндэнцыі і магчымыя наступствы для культуры ўнутры краіны, а таксама знайсці адказ на пытанне пра рэальную на сёння падтрымку і дапамогу дзеячам культуры ў Беларусі.
У выніку рэспандэнты аднагалосна заявілі, што апошнія паўтара года сітуацыя ў сферы культуры Беларусі толькі пагаршаецца. Вось агульныя высновы:
— ідзе звужэнне культурнай дзейнасці, планамерна знішчаюцца цэлыя пласты, якое-небудзь развіццё ўнутры краіны адсутнічае
— закрыта большасць культурных арганізацый, працягваецца прымусовая ліквідацыя некамерцыйнага сектара, прыватных выдавецтваў, выдаўцы пазбаўляюцца ліцэнзій
— знішчаюцца альтэрнатыўныя адукацыйныя праекты, адбыўся ціск на сістэму прыватнай школьнай адукацыі.
Але самы папулярны від рэпрэсій – цэнзура: усё мусіць быць стэрыльным з гледзішча палітыкі і крытычных выказванняў.
Ды й цяпер вельмі складана знайсці месца для гэтага: цяжка з пляцоўкамі, прасторамі, СМІ…
Фактычна незалежная культура вярнулася да практыкі савецкага часу – пайшла ў падполле, у рэжым кватэрнікаў: усё публічнае – «нават калі гэта штосьці бяскрыўднае» – робіцца ўсё больш небяспечным.
Расце прорва паміж дзяржаўным і незалежным сектарамі культуры. Працягваюцца праверкі кадраў на лаяльнасць сістэме і звальненні, у тым ліку спецыялістаў найвышэйшага ўзроўню, што вядзе да дэпрафесіяналізацыі сістэмы, зніжэння якасці прадукту і паслуг. Не спыняецца вымушаная эміграцыя.
Што ж тады дазваляецца і нават ухваляецца?
Інстытуцыі працуюць пераважна на абслугоўванне ідэалагічных запытаў улады (асноўныя тэмы – Вялікая Айчынная вайна і «генацыд беларускага народа»).
Сярод бяспечных тэм пакуль яшчэ народныя традыцыі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і пошукі культурнага кода.
Але куды больш заўважаецца іншае: пад эгідай русіфікацыі ідзе атака на беларускую нацыянальную культуру і яе паступовае знішчэнне, расце колькасць забароненых тэм (з лютага 2022 года сярод такіх – вайна ва Украіне).
Разам з тым важна адзначыць, што многія дзеячы культуры свядома выбіраюць застацца ў краіне. Гэта цяжкі выбар: трэба жыць з разуменнем таго, што «мне тут месца няма», бо «вакол няўпэўненасць і пастаянная небяспека», але адначасова такія людзі разглядаюць экстрэмальную сітуацыю і як прывілей – «я стараюся гэта прэпараваць, трансфармаваць у нейкія мастацкія рэчы». Жывуць надзеяй, што хай сабе зараз не атрымаецца рэалізавацца, але некалі такая магчымасць з’явіцца…
Гэтак выглядае карціна ў цэлым.
А ў асобных сектарах культурнага поля?
Пачнем з прыгожага пісьменства – галоўнага клопату Беларускага ПЭНа.
Вось цытата эксперта:
«Калі браць агулам літаратуру беларускую, я маю на ўвазе сур’ёзную, каторая была ў нас у Беларусі, то яе няма: хто ўцёк, хто схаваўся, усе пішуць у шафу, і практычна літаратуры няма».
На думку нашых рэспандэнтаў найперш на тое паўплывала закрыццё незалежных выдавецтваўгэта адбілася як на аўтарах, так і на чытачах.
На сёння друкавацца ў Беларусі практычна няма дзе: адны выдавецтвы закрыты, іншыя маюць афіцыйныя або вусныя папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі, а таму:
«Мы вашу кніжку ўзялі б надрукаваць, але не ведаем, ці праз месяц будзем існаваць», а калі выдасі ўручную, «будзеш прыціснуты за падаткі, што займаешся прадпрымальніцкай дзейнасцю – умомант крымінальную адказнасць атрымаеш».
Найстарэйшае выдавецтва Беларусі – «Зміцер Колас» закрылі нават без вынясення папярэджання, за зборнік гістарычных дакументаў з дзяржаўных архіваў Беларусі, які нідзе не прадаваўся, выйшаў яшчэ ў 2021 годзе, а «экстрэмісцкім» быў прызнаны ў 2023-м, вось цытата эксперта:
«Уявіце сабе, калі спартсмен два гады назад з’еў нейкія таблеткі ці ўжываў нейкія прэпараты, а праз два гады гэтыя прэпараты ўнеслі ў спісы допінгавых матэрыялаў, – ну ніколі гэтага спартсмена за тое, што ён два гады назад іх ужываў, не пакараюць, такога быць не можа»
У выніку беларускі асартымент «Белкнігі», асноўнай сеткі кнігарняў у краіне і манапаліста ў гэтай галіне, амаль цалкам спустошаны, адсутнічае абсалютная большасць сучасных знакавых аўтараў.
Паліцы дзяржаўных крам запоўнены пераважна «адной дзяржаўнай кніжнасцю» і вялікай колькасцю расійскіх выданняў, амаль поўная адсутнасць кніг на гістарычную тэматыку, акрамя, хіба што, тэмы Вялікай Айчыннай вайны і прапагандысцкіх опусаў.
Акрамя забароны на продаж сваіх кніг аўтары сутыкаюцца з забаронай і на распаўсюд у сетцы бібліятэк, а таксама на згадванне іх імёнаў у дзяржаўных медыя (калі гэта не дыфамацыйныя рэпартажы) і нават на цытаванне – ёсць інфармацыя, што ўжо існуе «спіс людзей, якіх забаронена цытаваць».
Існуе тэндэнцыя чысткі фондаў бібліятэк, хоць на погляд экспертаў «улада не мае на тое ніякага гістарычнага права, у бібліятэцы мусяць захоўвацца ўсе дакументы эпохі… Фонд бібліятэкі не павінен залежаць ад гледзішча людзей, якія стаяць ва ўладзе».
Атмасфера страху ўплывае і на самацэнзуру бібліятэкараў: «Мы, вядома, менш купляем добрых кніг», бо не ўпэўненыя ў тым ці іншым аўтары – «можа, ён ужо засвяціўся недзе».
І гэта зразумела: у бібліятэкі, крамы рэгулярна прыходзяць правяральнікі – супрацоўнікі з Мінкульта або нават «ціхары», глядзяць, каб не было забароненых кніг, «і вельмі палка рэагуюць: кніга чырвоная з белымі літаркамі – гэта ўжо экстрэмізм, пачынаюць скандал» — цытата.
Адзін з літаратараў сказаў, што ўсе рэпрэсіі, якія адбываюцца ў сферы літаратуры, наводзяць яго на думку пра існаванне нейкіх «таварышаў-куратараў… нейкіх небеларусаў і якія не жывуць у Беларусі» бо тое, што адбываецца, – гэта мэтанакіраваная палітыка знішчэння або звужэння сферы беларускага кнігавыдавецтва.
Яшчэ адна важная ў культуры – выяўленчае мастацтва. Яно таксама знаходзіцца ў «рэжыме маўчання»(або самазахавання), якому папярэднічаў «рэжым чакання»: былі спадзевы, што нешта зменіцца, ціск будзе не такі моцны, аднак пасля таго, як на экспазіцыі перасталі пускаць мастакоў і мастачак, «у якіх ніколі не было палітычных выказванняў у працах, проста за іх пазіцыю, то стала цалкам выразна зразумела, што гэта рэжым маўчання».
Ва ўлады з’явіліся спісы «нядобранадзейных» мастакоў.
З новага – уступілі ў сілу змены ў Кодэксе аб культуры, згодна з якім кожная выстава мусіць прайсці працэдуру ўзгаднення. Зараз чарговая цытата:
«Што такое ўзгадненне? Гэта праверка спецслужбамі, дзе Міністэрства культуры – толькі пасярэднік» І «гэта ўзгадненне носіць такі дзіўны характар: я высылаю спісы ўдзельнікаў, канцэпцыю – і мне адказваюць толькі ў такой вуснай форме» – гэта «проста званок па тэлефоне», ніякіх дакументаў ніхто не атрымлівае – «гэта проста называецца рэкамендацыя».
Ніхто не хоча браць на сябе адказнасць, бо потым усё адно на мерапрыемства могуць прыйсці «нераўнадушныя, неабыякавыя беларусы» і з дапамогай пастоў ці званкоў закрыць выставу – «так званы феномен Бондаравай – Сідаровіч – Жыгімонт».
Такім чынам, існуе цэнзура некалькіх узроўняў.
Спачатку гэта ўзгадненне выставачнага праекта.
Далей не выключана, што непасрэдна ў дзень выставы прыйдзе прадстаўнік камісіі («хто-небудзь з Мінкульта») і скажа: «У мяне ёсць спіс з 30 работ такіх аўтараў, якія нельга паказваць, якія вы мусіце зараз жа зняць ці вы проста не адкрыеце гэтую выставу».
Наступны ўзровень – цэнзура прапагандыстаў:
«Гэта паноптыкум атрымліваецца, яны ўвесь час за табой сочаць – вось траіх мы ведаем дакладна, гэтых вершнікаў апакаліпсісу, але ёсць яшчэ, напэўна, нехта? І гэта вельмі непрыемна, калі ты жывеш у паранаідальным рэжыме, насамрэч».
І яшчэ адзін узровень:
«Самым апошнім гэта стала – калі такі ўжо былі вымушаныя выстаўляць свае творы пад псеўданімамі, бо ўведзена нават прэвентыўная цэнзура за выставы».
Усё новыя мастакі аказваюцца «нядобранадзейнымі» і «перамяшчаюцца са спісаў і назад з хуткасцю святла». Адпаведна, іх працы здымаюць («нават тыя, якія ў музейных калекцыях знаходзяцца, – іх нельга цяпер паказваць»), існуе забарона на выставы, забарона на куплю твораў, папаўненне імі калекцый – «г.зн. такая спроба пазбавіць сродкаў мастака, непажаданага для ўлады, на ўсіх узроўнях, каб ён на тэрыторыі РБ не змог, як я разумею, не проста выставіцца, а не змог проста існаваць як мастак за кошт свайго таленту».
Чарговы спосаб ціску на мастакоў – праз выключна «меркантыльныя ўмовы» – арэнду майстэрняў: «Змагацца з мастакамі вельмі проста: калі яны не дужа падтрымліваюць уладу ці выказваюцца супраць – узяў і ўзняў расцэнкі на майстэрні, прычым узняць можна заднім чыслом, як гэта кажуць, … у два разы могуць узняць. Не хочаш плаціць – вызваляй майстэрню, забірай адтуль свае мальберты, палотны, скульптуры».
Іншыя сумныя тэндэнцыі – гэта ціск на творчыя саюзы:
Яшчэ адна з новых практык – «прыпыненае сяброўства», неабгрунтаванае выдаленне людзей з Саюза мастакоў: «Гэта было б не так, насамрэч, страшна, каб не было звязана з арэндай танных майстэрняў».
Адным словам, сёння ў публічнай сферы палітычнае і крытычнае незалежнае мастацтва немагчымае, пра што і кажа чарговая экспертка:
«Нядаўна было адкрыццё ў Палацы мастацтваў вялікай выставы, замілавала, што ніякага палітычнага падтэксту ні ў чым, г.зн. ніякага адцення, ніякага гуку часу я не ўбачыла».
Выключэннем, як і ў літаратуры, з’яўляецца прыкладное мастацтва. Чаму? Заключэнне гучыць так: «Яно бяспечненькае… яно ў нас увесь час было такое вельмі дэкаратыўнае, бяспечнае, ніколі не было палітычным, ангажаваным».
Перакрыты шляхі для працы незалежнай музычнай сцэны – «няма магчымасці выступаць і плюс ёсць магчымасць сесці ў турму».
Як і ў толькі што апісанай з літаратамі і мастакамі, існуе спіс музыкаў і калектываў, якім закрыты доступ на беларускую сцэну, уведзена «такая постсавецкая сістэма ці схема … (нават горшая)» гастроляў, пры якой рэнтгенам высвечваюць не толькі цябе самога, але і аўтараў песень, кампазіцый, тваіх музыкантаў, іх імёны і ўсе кантакты, сацыяльныя сеткі і г. д., і «яны высвятляюць, хто ты такі». Відавочна, што «многія проста ніколі не атрымаюць дазвол на гастролі, бо выступалі на плошчах і г. д., гэта тыя, хто не з’ехаў, застаўся». «Усе практычна музыкі з’ехалі, а засталіся адзінкі, у тым ліку і я, напрыклад».
У выніку музыкі са спісу «нядобранадзейных» пазбаўлены як магчымасці фізічна выступаць на беларускіх пляцоўках, так і радыёэфіру, а значыць, магчымасці зарабіць сваёй творчасцю
Радыкальна звузіліся і магчымасці для тэатраў.
«Усё пачынаецца з гастрольных пасведчанняў, якія не выдаюць, бо практычна кожны – забаронены, прапаганда яго творчасці забаронена праз першасны подпіс каля метро за Бабарыку».
Так, у 2022 годзе адбылася «капітальная зачыстка імёнаў, павышэнне допуску да пастаноўкі, да ўсяго», пры гэтым пад «пастаноўкай» маецца на ўвазе «вельмі шматфункцыянальная гісторыя: пачынаючы ад мастака і заканчваючы рэжысёрам, драматургам, акцёрамі і г. д., гэта практычна ўсе людзі, якія працуюць у тэатральнай сферы». У 2023 годзе спісы папоўніліся еўрапейскімі і расійскімі аўтарамі п’ес, якія выказаліся ў падтрымку Украіны.
Не спыняюцца ідэалагічная цэнзура і экспертная праверка Міністэрствам культуры. Дзяржава патрабуе ад тэатраў ствараць і прасоўваць ідэалагічна вывераныя творы і спектаклі. Так, упершыню ў Мінску прайшоў рэспубліканскі тэатральны фестываль «Перамога», на якім паказалі ваенныя спектаклі. Усе пастаноўкі праходзяць экспертызу Міністэрства культуры – абарона спектакля, канцэпцыі і г. д., падчас якой ідзе разбор асобных фрагментаў і «дадумванне наконт многіх таксама рэчаў». Узнікаюць пытанні і да зусім бяскрыўднай беларускай класікі, «якую таксама трэба карэктаваць».
Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» зрабілася практычна рэжымным аб’ектам, у якім кожны яе супрацоўнік праходзіць цяжкую праверку. Прафесійныя якасці і талент – «гэта самае апошняе, галоўнае, каб аддзел № 1 прайсці» – таму над фільмам «Черный замок Ольшанский» паводле рамана класіка беларускай літаратуры цяпер працуюць расійскі рэжысёр і грузінскі аператар.
Расце колькасць бюракратычных працэдур і фармальнасцяў – «для кожнага пункта трэба пісаць накладную», ладзяць тэндары на любую дробязь, заводзяцца справы за карупцыю.
На ўсю краіну здымаецца адзін мастацкі фільм (гаворка пра нацыянальную кінастудыю), беларускім акцёрам актыўна прапануюць працу ў Расіі.
Пагаршэнне палітычнай сітуацыі негатыўна адбілася на сферы дакументалістыкі, як з гледзішча адсутнасці бюджэтаў, так і перадусім на атмасферы.
Затое новы закон аб культурным экспарце, прыняты ў пачатку 2023 года, адкрыў магчымасці для паказу ў краіне фільмаў у абыход санкцый.
Губляюць людзей і магчымасці развіцця таксама музеі:
«Самы вядомы выпадак – гэта, канешне, сітуацыя з музеем Азгура, вельмі паспяховым праектам, які цалкам быў спынены, цалкам была замененая каманда гэтага музея».
Адбываецца змена кіраўніцтва, каманд і спецыялістаў, часта набіраюць супрацоўнікаў не паводле прафесіяналізму, а «па знаёмстве, асабліва начальнікамі».
У некаторых музеях назіраецца страта прафесійных супрацоўнікаў і паўстаюць пытанні захавання культурнай спадчыны:
«Сумна, што столькі ўсяго, багатыя фонды, спадчына такая багатая пакінутая, што гэта ў руках непрафесіяналаў».
Моцны ціск стварае ідэалагічная цэнзура. Перад куратарамі стаіць складаная задача вызначыць, якія сімвалы і тэмы дапушчальныя, якія – не: «такі сёрфінг на нейкіх нябачных хвалях». Кіраўнікі музейных пляцовак і інстытуцый на нейкім інтуітыўным узроўні мусяць разумець, што можна, а чаго нельга, «а гэта ж шызафрэнія часткова… спрасцілі людзям жыццё – зрабілі падборачку нейкіх мастакоў, каго нельга, але ж якія тэмы нельга?»
(Працяг буде)
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…