Categories: Культура

3. Людзі культуры: у пратэстах удзельнічалі і графаманы, і геніяльныя аўтары, і добрыя аўтары – дык навошта зараз іх дзяліць сваркамі?

Беларускі ПЭН зладзіў на ўмовах ананімнасці мэтавае даследаванне сярод 42 спецыялістаў у сферы культуры. Размова ішла пра тое, як яны пачуваюцца ў цяперашніх беларускіх рэаліях, што бачаць знутры, якія трэнды хвалююць творцаў, змушаных трымаць абарону сваіх пазіцый.

«Зараз нават прыбіральшчыцам трэба праходзіць праз “сіта”»

 

У асобную значную тэму выліліся экспертныя разважанні пра звальненні з дзяржаўных устаноў культуры і новай сітуацыі, якая складаецца ў гэтых калектывах.

Найперш варта зазначыць: звальненні зараз – свайго роду тэхналагічны канвеер.

Звальняюць на нейкіх падставах да завяршэння кантракту, скарачаюць або вымушаюць звольніцца самім:

«…Выклікаў і сказаў, што прэтэнзій да маёй працы зусім няма, але ў мяне ёсць толькі два сцэнарыі: першы – я пішу заяву «па ўласным жаданні», другі – гэта ў якім універсітэт ужо не ўдзельнічае (г. зн. паводле артыкула)… Ну канешне, я напісала заяву»

Спецыялістаў са сферы культуры звальнялі, нягледзячы на іх прафесіяналізм, высокую кампетэнтнасць, узровень навуковых ведаў і заслугі, праз нелаяльнасць:

«За фотку, за выказванне… Проста прыходзіць нейкі спіс – і ўсё, ты ў ім – і прывет».

Рэспандэнты агучвалі наступныя падставы для звальнення/непрадаўжэння кантракту:

удзел у пратэстах 2020 года

калектыўны зварот ад імя прафесійнай супольнасці

подпіс за Віктара Бабарыку

подпіс пратэсту

крытычныя публікацыі ў сацыяльных сетках

прапольская пазіцыя

прабеларуская пазіцыя

адмова ўступаць у прафсаюз

пасля адміністрацыйнага або крымінальнага пераследу

пасля дыфамацыйных публікацый у праўладных СМІ і каналах:

даносы ў прафесійным асяроддзі

агулам, нагодай можа зрабіцца што заўгодна («І любое, нават абсалютна такое, што ў галаву б не прыйшло, што гэта можа стаць зачэпкай, робіцца зачэпкай – і тады падымаецца вялікі шум»).

Звальненне – гэта не толькі страта даходу і сродкаў для існавання, гэта і пазбаўленне сацыяльнага жылля тых працаўнікоў сферы, каму яно давалася, а для кагосьці, магчыма, і дэпартацыя, а таксама забарона на прафесію ў Беларусі ў цэлым.

Звольненаму «за палітыку» дзеячу культуры больш няма месца ў сістэме дзяржаўных інстытуцый, бо пра яго нелаяльнасць будзе пазначана ў характарыстыцы, якую ў любым выпадку запытае новы патэнцыйны працадаўца.

Такім чынам, забарона на прафесію азначае «воўчы білет» і патрапленне ў спісы «нядобранадзейных»:

«Зараз нават прыбіральшчыцам трэба праходзіць праз «сіта», калі ты ўладкоўваешся на дзяржаўную працу. Ніхто не праскочыць – трэба, каб усе былі правільныя».

Такім «сітам» з’яўляюцца характарыстыка з папярэдняга месца працы і спісы «нядобранадзейных».

Рэспандэнты казалі пра тое, што характарыстыка на кожнага супрацоўніка складаецца з дзвюх частак: прафесійнай і інфармацыі ад спецслужбаў, якая складаецца з набору ацэначных пунктаў:

«Чым больш галачак, тым менш шанцаў, што ты знойдзеш працу».

«Адно з наступстваў бясконцага тэрора тое, што нормай сталі ўспрымаць анармальнасць»

Існуе практыка кругавой парукі, пры якой былы начальнік бярэ на сябе адказнасць за лаяльнасць былога супрацоўніка, і калі ён утоіць нешта ў выдадзенай характарыстыцы, то можа і сам за гэта пацярпець.

Адзін з рэспандэнтаў агучыў таксама факт увядзення крымінальнай адказнасці загадчыка аддзела кадраў на дзяржаўным прадпрыемстве, каб ён, крый божа, не прапусціў чалавека, заўважанага ў нейкіх справах або спісах:

«Таму цяпер не бяруць проста таму, што хрэн цябе ведае, хто ты, а калі ты ўжо з нейкім душком – то ўсё зразумела».

Адна з ізноў згаданых практык савецкага часу – спісы забароненых дзеячаў культуры. Толькі калі раней яны тычыліся ў большай ступені музыкаў і пісьменнікаў-дысідэнтаў, то на сёння гэта поўны спектр спецыялістаў творчых прафесій.

Эксперты казалі, што няма, вядома, нейкай «фізічнай кнігі» і што ніхто гэтых спісаў у вочы не бачыў, а тыя, якія час ад часу з’яўляюцца ў публічнай прасторы, хутчэй выклікаюць скепсіс:

«Таму што сапраўдныя спісы ў публічны доступ не трапляюць».

Ніхто дакладна не ведае, як яны выглядаюць і ў якой форме існуюць, але ні ў каго не выклікае сумневу, што яны ёсць.

Расказвалі і пра градацыю спісаў: яны бываюць «першай і другой лініі», «чорныя і шэрыя», «адной групы і іншай », «ёсць нейкія два спісы», «ці адзін гэта «чорны спіс», ці іх цэлы падбор – сказаць цяжка».

Праўда, у гэтым выпадку гаворка хутчэй ішла пра спісы, якія рэгулююць магчымасць/немагчымасць працаўладкавання, або спісы на звальненне:

«Ёсць спісы першай лініі, калі ты нікуды не можаш уладкавацца, і другой лініі тады ты ўладкоўваешся на працу, але не можаш нічога рабіць там. Ёсць некалькі такіх градацый гэтых «чорных спісаў»: калі ты чыноўнік, то для таго, каб пазбавіцца працы, дастатковы толькі твой подпіс за кагосьці з альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах. Зразумела, што калі ты дворнік – там нейкае ўжо больш спакойнае стаўленне да цябе».

Вось такі ён не прамалінейны, махавік рэпрэсій…

Адно з наступстваў зацяжнога характару правапарушэнняў у дачыненні да дзеячаў культуры і бесперапыннага ціску рэжыму на дзяржаўныя інстытуцыі і арганізацыі грамадзянскай супольнасці – «нармалізацыя» таго, што адбываецца:

«А, як ты на хатняй хіміі – ну, акей; ну, табе выпісалі штраф – ну, акей», гэта перастае быць нечым дзіўным; о, знялі, о, не пусцілі выставіцца – руціна арт-жыцця»…

Разам са з’яўленнем «новай нормы» адбываюцца такія працэсы ў сферы культуры ўнутры Беларусі, як дэпрафесіяналізацыя дзяржаўнага сектара і гарызанталізацыя незалежнай культуры.

Чым абарочваюцца масавыя звальненні высокапрафесійных спецыялістаў і цяжкасці з папаўненнем кадраў, зніжэнне колькасці матываваных кадраў, разбурэнне прафесійнай інфраструктуры?

З аднаго боку, яны вядуць да прафанацыі і з’яўлення сурагату культуры (за некаторым выключэннем) з гледзішча вырабленага ёю прадукту, свайго роду «кірмашу няўмелых мастакоў», да кампраміснага і інтэр’ернага мастацтва.

А з іншага боку, робяцца выклікам для самой сістэмы – патрабуюць ад яе дадатковых намаганняў, «каб не развалілася гэта ўсё»: сістэма рашае задачку на выжыванне.

Адна з галоўных пагроз у выпадку доўгатэрміновай перспектывы – разрыў кампетэнцый спецыялістаў, перадачы досведу і ведаў.

«Ёсць страх, што мы закрываемся ў сваёй гэтай тусовачцы нейкай»

Самацэнзура і ананімнасць, немагчымасць расказаць пра свае працы (акрамя як праз сарафаннае радыё) вядуць да знікнення дзеячаў культуры з радараў. Рассыпаецца нэтворкінг, нішчацца сеткі:

«І гэта проста балюча і страшна, насамрэч. Няма канкурэнцыі, няма нагледжанасці, бо сапраўды не ва ўсіх людзей ёсць магчымасць ездзіць проста на прафесійныя фестывалі, а сюды нікога не прывозяць, натуральна. І ёсць страх, што мы закрываемся ў сваёй гэтай тусовачцы нейкай, і «мы» – я ж кажу і пра гледача, ён жа таксама павінен быць нагледжаным».

Адсюль вынікае вось яшчэ што важнае.

Эксперты культуры з дзяржаўнага і незалежнага сектараў культуры казалі пра наяўнасць як мінімум двух фармальных водападзелаў паміж беларусамі: на лініях «свой – чужы» і «з’ехалі – засталіся».

Як казаць пра першую з іх, то паводле апытаных спецыялістаў размова пра лінію супрацоўніцтва/несупрацоўніцтва з дзяржаўнымі інстытуцыямі:

«Вельмі хацелася б, каб развянчаўся міф, што «дзярж» у Мінску цяпер роўнае «сістэме», дзе засталіся толькі рэжымныя людзі, якія хочуць яшчэ больш знішчыць знутры – і гэтым людзям вельмі патрэбнае паветра цяпер»; «у пратэстах удзельнічалі і графаманы, і геніяльныя аўтары, добрыя аўтары. Таксама пры дзяржаўным рэсурсе сядзяць зараз і добрыя аўтары, і графаманістыя… Нельга дзяліць людзей толькі па нейкіх знешніх фактах, а ўсё-такі трэба глядзець на сутнасць гэтых дзеянняў».

Рэспандэнты шмат звярталіся да тэмы разрыву/расколу/канфрантацыі/падзелу беларусаў і адсутнасці мастка паміж тымі, хто з’ехаў і застаўся, узаемных крыўдаў і абвінавачванняў, спрэчак, непаразумення і асуджэння «бо гэта такі балючы момант», што «гульцы» з абодвух бакоў падліваюць алею ў агонь.

Асноўныя папрокі на адрас тых, хто застаўся ў краіне, – што яны нібыта калабарацыяністы і здраднікі і што ўнутры Беларусі нічога не адбываецца, што цяпер усё культурнае жыццё – за межамі Беларусі. Аднак тое, казалі эксперты, “не з’яўляецца праўдай”.

Разам з запытамі «быць больш прыязнымі да творчых дзяржпрацаўнікоў» і «рукі працягваць адно аднаму, у справе культуры тым больш» гучалі такія тэмы-запыты да супольнасці звонку, як патрэба ў маральнай падтрымцы – расказваць за мяжой пра тое, што «тут ёсць розныя людзі», якія не падтрымліваюць вайну і працягваюць рабіць добрыя важныя праекты, што трэба быць голасам тых, хто вымушаны заставацца ў рэжыме маўчання.

Таксама неабходна падтрымліваць дыпламатычнае кам’юніці, каб у дзеячаў культуры была магчымасць выязджаць і выстаўляцца за мяжой – каб яны «мелі магчымасць скідваць з сябе вось гэты ментальны ціск».

Каб беларускі парадак дня не вымываўся з еўрапейскіх СМІ і каб нейкім чынам пераканструяваць той негатыўны вобраз беларуса, што стварыўся пасля вайны ва Украіне:

«Гэта важна не столькі для самой арт-супольнасці, колькі для ўсяго грамадства Беларусі ў цэлым».

Пры гэтым трэба дазваляць дзеячам культуры захоўваць ананімнасць:

«Ёсць варожасць у дачыненні да беларусаў, якія застаюцца і хочуць не паказваць свайго твару, быць ананімнымі».

Вельмі істотна нейкім чынам уключаць іх у кантэкст – нагледжанасці і абмену, трэба злучаць людзей:

«Зразумела, мы ўсе раз’ядналіся: нехта ў Грузіі, нехта ў Вільні, нехта ў Варшаве нешта робіць, таму трэба нас неяк злучаць больш».

Сярод іншага тое азначае неабходнасць займацца пытаннямі развіцця грамадзянскай адукацыі, вышэйшай адукацыі, наладжвання сістэмы павышэння кваліфікацыі за межамі Беларусі, каб праходзілі канферэнцыі і была магчымасць публікавацца. І каб гэтыя рэчы былі адарваны ад палітычнага парадку дня «іначай гэта будзе білет у адзін канец».

                                      (Заканчэнне. Пачатак гл. тут)

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023