Напамін для дарослых дзяцей: трэба дома бываць часцей
У вёсцы Зорычы, што пад Барысавам, пасля смерці гаспадароў засталася пустая хата. Сусед паціху, на працягу двух гадоў, разбіраў яе і па частках пераносіў на свой падворак. Новы гаспадар рэдка з’яўляўся на ўчастку, таму не адразу заўважыў, што пабудова “скурчваецца”. У выніку застаўся толькі падмурак, астатняе сусед пусціў на дровы і спаліў у печы.
Дзеўка тры-чатыры дні хай паездзіць на кані
У Мінску 21-гадовая дзяўчына, якая толькі што атрымала правы, кіруючы сваёй іншамаркай, пачаргова наехала на “Вольва”, “Пежо” і “Сеат”, затым урэзалася ў дрэва, якое ўпала і пашкозіла яшчэ некалькі машын.
Не дахаты, а за краты, пэўна, трапяць супастаты
Двух украінцаў міліцыя затрымала за тое, што на вакзале яны ўкралі ў пасажыра чамадан. Пазней высветлілася, што гэта рэкеціры, якія, атрымаўшы заказ, прыехалі сюды “выбіваць” доўг. Аднак пераблыталі адрас даўжніка і “выбівалі” грошы не з таго чалавека.
Паспрыялі банкіры яму, каб Феміда саслала ў турму
49-гадовы жыхар Гомеля на анлайн-пляцоўцы аднаго з банкаў убачыў, што за 1 расійскі рубель прапаноўваецца 3,43 беларускага. (На самай справе столькі каштуюць 100 расійскіх рублёў). Шляхам абменных аперацый ён “нагрэў” банк на 1,7 мільёна рублёў, за што асуджаны да 4,5 года пазбаўлення волі.
Глядзяць на нас са стараны і ціхары, і шаптуны
У Мінску на дзіцячае свята ў адным з двароў прыехалі сілавікі: нехта паведаміў, што на пляцоўцы развешаны чырвоныя і белыя стужкі, ды і дзеці трымаюць у руках такіх жа колераў шарыкі.
Іншапланецяне спадцішка выкралі з трупярні мерцвяка?
У пінскім моргу сваякам выдалі цела іншага чалавека. Яго нават паспелі пахаваць, а потым давялося раскопваць магілу, мяняць нябожчыка. А зімой з гэтага ж морга ўвогуле знік труп жанчыны. Нябожчыцу пакуль што так і не знайшлі…
І нямашака надзей, што глядзецьмуць наш хакей
На матч чэмпіянату свету па хакеі паміж камандамі Расіі і Беларусі было куплена ўсяго два білеты, а ў рыжскі лядовы палац увогуле прыйшоў толькі адзін заўзятар…
Муж у жончыну машыну парашыў закласці міну…
Каб адгаварыць жонку ад разводу, раўнівы жыхар Лепельскага раёна заклаў у яе аўтамабіль самаробнае выбуховае ўстройства.
Хто ў нас самы вучоны? Той, хто носіць пагоны
Восем экспертаў камісіі зрабілі выснову, што ў кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя» «ўстаноўлена наяўнасць прыкмет экстрэмізму». У склад камісіі ўваходзілі тры міліцэйскія начальнікі, два чыноўнікі з ідэалагічнага аддзела Мінскага аблвыканкама. Адзін з экспертаў прызнаўся, што кнігу ў 600 старонак «чытаў не ўсю, толькі па дыяганалі»…
Павінны нават дзеткі дапытвацца як сведкі
У гарадскім пасёлку Карэлічы Следчы камітэт прыслаў позву 8-гадовай дзяўчынцы. Яе бацька з 2007 года жыве за мяжою. Дзяўчынка — таксама грамадзянка іншай краіны, але мае дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі. Супраць яе бацькі ўзбуджана крымінальная справа за каментарый у Telegram, таму ўсіх сваякоў выклікаюць на допыты.