Кантралёры: «Штось не так, калі часам спіць мастак…»
У майстэрні вядомага мастака Уладзіміра Цэслера (яго творы ёсць нават у Луўры) супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю ўбачылі ложак і зрабілі выснову, што мастак там жыве. Таму арэндная плата ўзрасла ў чатыры разы. Пішуць хвацкія карціны — Свет здзіўляюць мастакі. Гэта гонар для краіны! Ёсць і ў нас мастак такі.
Здабыткам грош цана і без вайны вайна
Паводле апытанняў, 59 працэнтаў беларусаў глядзяць у будучыню з песімізмам. Гэта найгоршы паказчык сярод краін Усходняга партнёрства. Да прыкладу, 45 працэнтаў украінцаў вераць у пазітыўныя змены. Суседзям я аддам даніну: Ужо каторы год вайна Рве на кавалкі Украіну, Але трымаецца яна.
Хоць не радуе табло, ды грабуць гульцы «бабло»
Як вядома, хакейная каманда прэзідэнта ў чарговы раз выйграла Калядны турнір. Трэнер каманды Дзмітрый Баскаў расказаў, што ў канцы кожнай трэніроўкі прэзідэнт дарыць гульцам шакаладкі з аўтографам: «Мы, можна сказаць, ваюем за гэтыя шакаладкі». Тым часам хакейная каманда мінскага «Дынама» пабіла рэкорд па колькасці паражэнняў запар. Як і звычайна, на Каляды Хакейны зладзілі турнір І тыя, хто бліжэй да ўлады, І сам, канешне, правадыр.
Хоць нямоглая, аднак збудавала асабняк
71-гадовая цешча былога супрацоўнiка Следчага камітэта (яна жыве ў Глыбокім Віцебскай вобласці) прадае недароблены катэдж у Драздах за 1 мільён 800 тысяч рублёў. На пытанне «Нашай Нівы»: «Адкуль грошы?» — пенсіянерка адказала: «Будавала сама. Справаздачыцца ні перад кім не збіраюся». Увысь яго кар’ера ўзнесла! І хоць пакуль што не на трон, А толькі ў цёпленькае крэсла, Ды быў вялікай шышкай ён.
Не замяніў замок і атрымаў урок
У Віцебску мужчына пагадзіўся падвезці свайго знаёмага на работу і неўпрыкмет для сябе ўпусціў з рук звязку ключоў. Пра страту расказаў жонцы, але абодва не прыдалі гэтаму значэння. А ключы падабраў той самы знаёмы. За два месяцы ён 20 разоў наведаўся ў кватэру, украўшы вялікую суму грошай і два залатыя пярсцёнкі. Калі прыйшоў мужык дахаты, Дык быў спустошаным, лічы. Сказаў ён жонцы: — Вінаваты, Бо дзесьці я згубіў ключы.
Як не цаніць вартаўніка, ён будзе красці спадцішка
Кіраўніцтва ААТ «Баранавічыгазбуд» палічыла, што вартаўнік атрымлівае задужа вялікую зарплату, і зменшыла яе да… 41 рубля 25 капеек. Вартаўнік звярнуўся ў суд, дзе за прагулы яму налічылі 530 рублёў і кампенсацыю за маральныя страты. Начальнік проста агарошыў Пытаннем тым вартаўніка: — Не сорамна такія грошы Атрымліваць нашармака?
Паспіваліся жанкі, а каровы — як быкі
На фермах Віцебшчыны няма каму даіць кароў. Аблвыканкам разаслаў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў рэкамендацыю: замяняць даярак, якія не выйшлі на працу, іншымі работнікамі — бухгалтарамі і г.д. Чыноўніку аблвыканкама Хоць дабрахоць ідзі ў турму, Бо выспявае проста драма: Кароў даіць няма каму.
На ўсіх такіх кіраўнікоў не набярэшся малаткоў
Два рабочыя адной са сталічных фірм злавілі свайго дырэктара і добра настукалі яму малатком па каленях. А ўсё з-за таго, што дырэктар затрымліваў ім зарплату. Дарэчы, як паведаміла Генеральная пракуратура, прадпрыемстваў, якія плацяць зарплаты несвоечасова, у краіне досыць многа. Той час ужо мінуў нібыта,Быў незайздросным час, каліПа дапамогу да бандытаўПакрыўджаныя ўсе ішлі.
На лепшае няма надзей, таму пара ісці ў музей
У Музеі гісторыі і культуры Наваполацка на службу ўзялі кацяня. Яго, абадранага, пабітага, супрацоўнікі музея падабралі на вуліцы. Яны ўпэўнены: на ганак коціка прывяло не толькі жаданне здабыць прытулак, але і прага пазнання. У кацяняці ёсць спецыяльнае меню і цацкі. Адмысловая падзея,Ёй другія не раўня:Супрацоўнікі музеяПрытулілі кацяня!
З-за чаго ўзнялася «бура»? Па дарозе бегла кура…
У Гродна дзяцюк патэлефанаваў выратавальнікам і ў міліцыю: маўляў, курыца бегае па вуліцы і замінае дарожнаму руху. Службоўцы пасмяяліся і параілі звязацца з ДАІ. Даішнікі пераадрасавалі дзецюка ў службу па адлове жывёл і ў Інспекцыю аховы жывёльнага свету. У рэшце рэшт курыцу злавілі, змясцілі ў спецпрыёмнік, і цяпер участковы будзе шукаць гаспадара птушкі. Уся аперацыя па адлове курыцы доўжылася дзве гадзіны. Там, дзе ў вёсцы Дом культуры, Сельсавет, кантора, храм, Кожны дзень пасуцца куры, І не страшна ім, курам.