Годная ідэя, як падужаць «змея»
38-гадовы п’яны жыхар Гродна, кінуўшы ў вітрыну крамы пустую бутэльку, разбіў пяць пляшак з алкаголем і стаў чакаць міліцыю. Службоўцам ён патлумачыў, што гэткім чынам рашыў завязаць са спіртным. Канфліктаў з законам раней дзяцюк не меў, а цяпер яго могуць пазбавіць волі на тры гады. Як п’е мужчына дзень каторы І не канчаецца запой, Дык той мужчына цяжка хворы — Запой не пройдзе сам сабой.
Дэпутацкай працы плён — адмысловы самагон
Кіраўнік слонімскай суполкі БНФ Павел Севасцян звярнуўся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алы Сопікавай з просьбай расказаць, як яна выконвае перадвыбарчыя абяцанні («праз заканадаўчую дзейнасць фінансава аздараўляць сельскую гаспадарку»). У адказ дэпутатка спаслалася на… указы прэзідэнта. Раней у якасці сваёй заслугі Ала Сопікава лічыла продаж самагону «Першачок», які вырабляецца на Слонімшчыне. Нацдэм зняславіў дэпутатку: Маўляў, яна даброт-выгод Наабяцала нам спачатку, А выйшла ўсё наадварот.
Крамы «сэканд-хэнд» — шкодны элемент
Старшыня «Беллегпрама» Таццяна Лугіна заявіла, што яна мяркуе звярнуцца да ўрада, каб ён урэгуляваў продаж тавараў праз крамы «сэканд-хэнд». Для «Беллегпрама» — проста драма, Бо небяспечны канкурэнт Няўзнак з’явіўся ў «Беллегпрама», І гэта — крамы «сэканд-хэнд».
Конь чалавеку не раўня, ды сябрам выбраў бы каня
На ферме ў Лiёзненскім раёне даглядчык жывёлы меў у сваім распараджэнні каня. Калі даглядчык звольніўся, верны конь збег з фермы на сядзібу былога гаспадара. Міліцыянеры, якія завіталі туды, высветлілі, што мужчына паспеў прадаць каня на мяса. На ферме робячы, штодня Пад роў многагалосы Даглядчык запрагаў каня У сані ці ў калёсы.
Дык як жа да шчасця дарогу пракласці?
Пяты год запар Беларусь траціць пазіцыі ў сусветным рэйтынгу шчасця: з 81-га месца апусцілася на 156-е… Хаця дапякаюць нягоды І цяжка падняцца з калень, Ды цешацца людзі заўсёды Надзеяй у заўтрашні дзень.
Паспрыялі нашым і чужым: «выканалі хуткасны рэжым»
Выступаючы перад дэпутатамі, прэзідэнт сказаў, што годзе назаляць яму наконт беларускай мовы: маўляў, у гэтым пытанні ўсе кропкі над «і» расстаўлены. Таму яго абурылі стэнды з тэкстам «Выконвай хуткасны рэжым»: у кіроўцаў слова «рэжым» выклікае асацыяцыі з дыктатурай. Ужо праз два дні на трасе Мінск — Віцебск з’явіліся рускамоўныя стэнды «Соблюдай скоростной режим». Лепшая святыня — наша мова, Прашчурам яна далася звыш. Бацька ж нам засведчыў канчаткова, Што на мове ён паставіў крыж.
Нарэшце жылкамгас на скаргі даў адказ…
У студзені многія жыхары Маладзечна скардзіліся кіраўніцтву прадпрыемства «Камунальнік» на тое, што на вуліцы Францыска Скарыны не прыбраны снег. У красавіку яны атрымалі адказ, што снегу больш няма. Сігнал трывожны, несумненна, Што паступіў у жылкамгас: — На вулцы снегу па калена, Тут не праедзе нават «МАЗ»!
Адклалі скальпелі і шпрыцы, каб босу збудаваць святліцы
Работнікі медыцынскай установы ў Глускім раёне ў працоўны час і ў выхадныя дні будавалі дом свайму кіраўніку. Калі сабраў начальнік хцівы І медсясцёр, і дактароў, Дык гэтым разам — проста дзіва! — Па завядзёнцы ён не роў, Наадварот, сказаў ласкава:
Як навесці марафет, каб усё было як след
Калі ў Баранавічах рыхтаваліся сустрэць прэзідэнта, гораду надавалі прыстойны выгляд. Некаторыя недахопы схавалі пры дапамозе маскіровачнай сеткі (да прыкладу, менавіта так «схавалі» занядбаную ферму паблізу гіпермаркета «Карона»). Магчыма, хтось не знае недзе, Для нас жа з вамі не сакрэт: Як прэзідэнт кудысьці едзе, Дык там наводзяць марафет.
Прэстыж паставіўшы на кон, прыдумалі яны закон…
Дэпутат Ганна Канапацкая абурылася з-за таго, што Нацыянальны сход не пажадаў пярэчыць прэзідэнту наконт законаў аб інвестыцыях і прыватызацыі. Праекты былі аднадушна адобраны абедзьвума Палатамі, а калі прэзідэнт не падпісаў іх, дэпутаты пакорна пагадзіліся з пярэчаннямі кіраўніка дзяржавы. Гучаць папрокі год ад года (Прычым, напэўна, нездарма), Што ў нас абраннікі народа Як быццам ёсць, ды іх няма.