Цяпер прысвоілі яны і гераізм падчас вайны
У Дзень Перамогі мінчанка Галіна Лапіцкая выйшла на вуліцу з партрэтам свайго бацькі-ветэрана. Праваахоўнікі склалі на яе пратакол («мацюкалася ў грамадскім месцы, супраціўлялася пры затрыманні»), а суд арыштаваў на 20 сутак.
Мерцвякі таксама знаць павінны: аўтазакі — тыя ж дамавіны
На Радаўніцу на Сухараўскіх і Паўночных могілках дзяжурылі падраздзяленні АМАПа, стаялі аўтазакі, Мінчукі казалі, што раней такога не было…
Во пасмяюцца ў цэлым свеце, як пратакол складуць на вецер!
На даху шматпавярховага будынка ў самым «бунтарскім» раёне сталіцы, Новай Баравой, моцны вецер зламаў флагшток, на якім мацаваўся чырвона-зялёны сцяг. Тэрмінова прыехалі чатыры міліцыянеры і забралі палатно.
Захацеў, няйнакш, АМАП паглядзець на «голых баб»
АМАП затрымаў 13 жанчын і 7 мужчын у саўне ― «за несанкцыяванае мерапрыемства». Падставай для пратаколаў стаў бел-чырвона-белы сцяг, які ляжаў на падлозе, аднак «пратэстанты» сцвярджаюць, што ў лазню сцяг з сабою не бралі, яго падкінулі…
Не дапамогуць адвакаты, хоць ты ні ў чым не вінаваты
У Смаргоні пасля судовага працэсу над двума мясцовымі жыхарамі ў калідоры нехта выкрыкнуў: «Жыве Беларусь!» Гэтыя словы пачула старшыня суда. Усе, хто знаходзіўся ў калідоры, былі затрыманыя. Іх справу разглядаў ужо суд Астравецкага раёна. 10 чалавек пакаралі: каго штрафам, каго «суткамі». А таго, хто крыкнуў, так і не выявілі…
Чамусці слова пра жыццё службоўцаў коле, як асцё
У Мінску 13-гадовая школьніца напісала на асфальце слова «жыве». Супрацоўнікі міліцыі ў пратаколе напісалі, што яна зрабіла гэта «з мэтай публічнага выказвання свайго пратэсту наконт правядзення сумленных выбараў». Як доказ — «слова напісана на беларускай мове, а моладзь не гаворыць па-беларуску».
Больш не трэба, юнакі, падрываць вам цягнікі
17-гадовы жыхар Скідзеля ехаў у цягніку «Ліда-Гродна», дзе яму вельмі спадабалася дзяўчына. Каб прыцягнуць яе ўвагу і пазнаёміцца, па тэлефоне юнак паслаў дзяўчыне паведамленне: «Бяспека гэтага цягніка залежыць толькі ад цябе… Выбух адбудзецца праз 19 хвілін…» Дзяўчына адразу ж пазваніла ў міліцыю, і «каханне» юнака было вельмі хуткацечным…
Як і асуджаны кур’ер, мы ўсе падсудныя цяпер
Каля станцыі метро «Пушкінская» ў Мінску міліцыяй быў затрымны кур’ер. Фірма Meny.by пацвердзіла, што ён выконваў заказ, а не пратэставаў. Тым не менш суд аштрафаваў кур’ера на 1740 рублёў.
Той, хто сам паддаты ў дым, стаць згадзіўся панятым…
У Мінску даішнікі спынілі кіроўцу ў якасці панятога, а той сам аказаўся п’яным — выпіў ажно бутэльку гарэлкі.
Ці не лепш у панчоху грошы класці патроху?
Дзве пенсіянеркі з Гродна сталі ахвярамі махляроў у папулярным месенджары — страцілі 28 тысяч рублёў. Ім пазваніў нейкі чалавек, быццам бы з банка, і паведаміў, што з іх рахункаў нехта спрабаваў зняць грошы. Маўляў, каб адмяніць аперацыі, бабулям на сваіх смартфонах трэба ўстанавіць дадатак для аддаленага доступу. Яны так і зрабілі. А далей, як кажуць, справа тэхнікі.