Бяруць за шкіркі ворага здаровага і хворага
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, незалежнага назіральніка на выбарах Аляксандра Елісеева супрацоўнікі Калінкавіцкага РАУС забралі з-пад кропельніцы ў бальніцы, дзе ён лячыўся ў стацыянары. Кропельніца нават не паспела закончыцца. А забралі апазіцыянера для таго, каб правесці ператрус у рамках крымінальнай справы за паклёп. Падставай стала нейкае паведамленне ў мясцовым тэлеграм-чаце.
Будзе ведаць цэлы свет, хто прафан, а хто эстэт
У Мінску дзяўчына, накінуўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, пасядзела на прыступцы каля Вечнага агню і выклала ролік у Інтэрнэт. Супрацоўнікі міліцыі чамусьці ўбачылі ў гэтым «здзек з помніка»…
Прынёс бы шмат турбот чырвона-белы плот
Жыхарка Пружан захацела пафарбаваць свой плот у белы і чырвоны колеры. Яна падала заяву ў райвыканкам, што збіраецца зрабіць гэта «ў форме адзіночнага пікета», прычым гатова была заключыць дамову з міліцыяй «для забеспячэння бяспекі на месцы пікетавання». Райвыканкам дазволу не даў — на той падставе, што месцам для мітынгаў, сходаў і пікетаванняў прызначаны стадыён «Мухавец».
Празорцы-тэлепаты нацдэмаў шлюць за краты
За час пратэстаў ахоўнікі парадку дапусцілі столькі дурноты, што хоць стой, хоць падай. Напрыклад, у Лідскім раёне да суда збіраліся прыцягнуць бабулю, якая памерла ў 2014 годзе; «за ўдзел у масавым мерапрыемстве» позва ў суд прыйшла жанчыне, якая з 2017 года жыве ў Аўстраліі; асудзілі маладога чалавека, які «ўдзелу не прымаў, аднак у думках падтрымліваў пратэстантаў»…
Калі ў жанчыны пісталет, баяцца будзе і атлет
У гандлёвым цэнтры Віцебска дзве п’яныя кампаніі пачалі «грызціся» між сабой. 50-гадовая жанчына выхапіла з сумачкі пісталет (як потым высветлілася — пнеўматычны), узяла пад прыцэл мужчыну з варожай хеўры і, прымусіўшы яго стаць на калені, запатрабавала прабачэнняў. Гандлярам удалося адцягнуць увагу жанчыны і выбіць з яе рукі пісталет…
Барсук напіўся піва і выглядаў шчасліва…
Намесніка дырэктара сталічнага бара «Барсук» Мікалая Пекара Кастрычніцкі суд г. Мінска арыштаваў на 15 сутак за тое, што ён «пікетаваў пры дапамозе БЧБ-карціны «Барсук», якая вісіць у бары».
Гроб сеткай рыбу спадцішка, таму адпомсціла рака
На рацэ Гарынь паблізу Давыд-Гарадка пад лёд праваліўся браканьер, які нёс у рукзаку 40 кілаграмаў рыбы, злоўленай сеткай. Выратавальнікі выцягнулі яго з-пад лёду, і адразу ж была ўзбуджана крымінальная справа.
Не хвалююць іх нацысты, а нацдэмы — «дух нячысты»
Жыхарка Наваполацка прываблівала кліентаў у сваю прыватную лазню тым, што ім можна было пакарыстацца нямецкім посудам часоў вайны, абмундзіраваннем вермахта і г.д. За прапаганду і публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі суд аштрафаваў жанчыну на 145 рублёў.
Машына каню не раўня — яна не заменіць каня
У фермера з Барысаўскага раёна Аляксандра Андрунакі сканала кабыла Майка. Фермер апублікаваў аб’яву, што гатовы аддаць свой аўтамабіль «Фіят» за добрага каня. Як аказалася, зрабіць гэта не так і проста…
Не варта насіць нам пакуль чырвоных і белых кашуль
Суд Фрунзенскага раёна г. Мінска канстатаваў, што малады праграміст Максім Нікольскі «з мэтай дэманстрацыі сваіх палітычных інтарэсаў правёў масавае мерапрыемства шляхам размяшчэння… элементаў адзення бел-чырвона-белай расфарбоўкі». Прасцей кажучы, павесіў сушыцца на балконе белыя і чырвоныя кашулі. Маладзён прасіў, каб яго толькі аштрафавалі, бо праз некалькі дзён павінна адбыцца ягонае вяселле, аднак суд арыштаваў «зламысніка» на 7 сутак.