Паставіла мытня падножку: «Прапусцім ці жонку, ці кошку»
У пункце пропуску «Весялоўка» беларускія мытнікі паставілі перад мужчынам дылему: жонку (яна не грамадзянка Беларусі) прапусцім, але кошку — не (адсутнічае ветэрынарны кантроль). У другім пункце пропуску, які знаходзіцца за сто кіламетраў, можна праехаць з кошкай, але без жонкі. Яшчэ ў маім дзяцінстве дзесьці Задачка ў побыце была: Як цераз рэчку перавезці Ваўка, капусту і казла?
З задачкай не было праблемы,
Не перашкода нам рака,
І ратавалі дружна ўсе мы
Казла, капусту і ваўка.
Цяпер задачкай іншай трошку
Я вас, панове, загружу:
Як перавезці жонку й кошку
Цераз дзяржаўную мяжу?
Насмешкі вашыя прадбачу
(«Згадаў бы лепш ваўка й казла!»),
Аднак жа гэткую задачу
Усім нам мытня задала.
Мужчына жонку вёз дахаты.
Яшчэ і кошку — як багаж.
Паўстаў сцяною зухаваты
І непарушны мытнік наш.
Ухмылку не спускае з твару:
— Хоць ты і адстаяў чаргу,
Не прапушчу тваю кацяру.
А жонку прапусціць магу.
На іншым нашым пераходзе
Усё якраз наадварот:
Не пусцяць жонку
(Смех дый годзе!),
Але мінуе мытню кот.
Пра кампраміс няма й гамонкі…
Ну проста ў мужыка бяда!
Не можа без любімай жонкі,
І кошку бедную шкада.
Рашэнне ім было прынята,
Што жонку ўсё ж правезці трэ,
Бо кошка знойдзе шлях дахаты,
А жонку хтосьці падбярэ…
Алесь Няўвесь
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Бацька ўсё-ткі не наплёў нам пра тысячу рублёў!